Вайна99

Расейскае войска за 10 км ад Пакроўска, заняло Навагродаўку, а УСУ працягваюць наступаць у Курскай вобласці

Расейская армія развівае наступленне на Пакроўскім напрамку. Усяго за некалькі дзён яна здолела ўзяць Навагродаўку — важны апорны пункт УСУ ў 10 км на паўднёвы ўсход ад Пакроўска, і зараз можа наступаць далей на сам райцэнтр. У Пакроўску і Мірнаградзе ўжо некалькі дзён ідзе масавая эвакуацыя насельніцтва.

Фота: Getty Images

Пакроўск і Мірнаград агульным насельніцтвам каля 100 тысяч чалавек — апошнія буйныя гарады Данецкай вобласці на захад — паўночны захад ад абласнога цэнтра, якія застаюцца пад кантролем Украіны, піша BBC.

Пакроўск — важны лагістычны вузел, праз які праходзяць трасы на Данецк, Канстанцінаўку, Краматорск і ўглыб краіны.

Між тым у Курскай вобласці ў выніку жнівеньскіх баёў украінскія войскі захапілі больш тэрыторыі, чым расейскія ў Данбасе. Але самы буйны населены пункт, узяты УСУ — Суджа насельніцтвам каля 5 тысяч чалавек — амаль утрая менш, чым страчаная за тыдзень баёў Навагродаўка, не кажучы ўжо пра Пакроўск і Мірнаград, якія могуць пасці ў бліжэйшы час, калі ўкраінскае камандаванне не паспрабуе выправіць сітуацыю.

«Пра праблему ўсё больш пачынаюць гаварыць»

Расейскае войска пасля ўзяцця Ачарэціна і чарады павольных, кровапралітных, але ў цэлым паспяховых наступальных аперацый на Пакроўскім кірунку працягвае прасоўванне ў бок райцэнтра. На гэтым участку сканцэнтраваны галоўныя сілы расейскай групоўкі войскаў «Цэнтр» і туды ж уводзяцца яе найбольш баяздольныя рэзервы.

Многія, у тым ліку і ўкраінскія, ваенныя эксперты былі ўпэўненыя, што Гродаўка і суседняя Навагродаўка ў хуткім часе будуць узятыя надыходзячымі расейскімі часткамі, хоць і разлічвалі, што гэта зойме больш часу. Але, мяркуючы па ўсім, камандаванне УСУ вырашыла засяродзіцца на абароне самога Пакроўска.

«Гарадскія раёны без дастатковых сіл абароны не з'яўляюцца непераадольнымі перашкодамі, і ўкраінскае камандаванне, верагодна, палічыла, што абарона Навагродаўкі не вартае патэнцыйных страт», — мяркуе амерыканскі Інстытут вывучэння вайны.

На думку ўкраінскага ваеннага аналітыка Аляксандра Каваленкі, Навагродаўка магла трымаць абарону некалькі месяцаў:

«Першыя штурмавыя дзеянні на ўскраінах Навагродаўкі пачаліся 21 жніўня. Паглыбленне па «жалезцы» за няпоўны тыдзень у РАВ (расейскіх акупацыйных войскаў — Бі-бі-сі ) склала 3,5 км».

«Адзначу, што штурмавыя дзеянні ў раёне чыгункі суперніку заўсёды даваліся цяжка, і гэтая штучная перашкода супастаўная з прыроднымі, накшталт рэк і вадаёмаў. Але толькі не ў гэты раз», — працягвае аналітык.

«І справа не ў тым, што Навагродаўку штурмуюць адборныя спецыялісты РАВ, нічога падобнага. І праблема не ў нашых ваярах, якія трымаюць тамака пазіцыі настолькі, наколькі гэта магчыма. Праблема іншага характару, пра якую ўсё гучней пачынаюць казаць тыя, хто ў адрозненне ад мяне, грамадзянскай асобы, мае на гэта больш правоў», — піша Каваленка.

На карце раёна баявых дзеянняў бачна, куды нацэліўся расейскі наступальны клін. Ён моцна выцягнуты на захад, і, па паведамленнях з фронту, расейскае ваеннае кіраўніцтва не фарсіруе прасоўванне да Пакроўска, а імкнецца засцерагчы флангі.

Па інфармацыі як расейскіх, так і ўкраінскіх крыніц, ужо пачаліся жорсткія баі за горад Селідава на поўдзень ад Навагродаўкі.

Прасоўванне расейскіх падраздзяленняў адзначана і на суседнім напрамку, Курахаўскім — там, мяркуючы па шматлікіх паведамленнях, расіяне занялі сяло Канстанцінаўку, баі за якое працягваліся некалькі месяцаў.

Страта гэтага сяла аслабляе пазіцыі ўкраінскіх частак, якія абараняюць яшчэ адзін важны апорны пункт, Вуглядар, які знаходзіцца на паўднёвым захадзе.

Адцягнуць пакуль не атрымліваецца

На фоне адносна хуткага прасоўвання расейскіх войскаў на Данбасе поспехі УСУ, якія ўварваліся ў Курскую вобласць, у апошнія дні выглядаюць больш сціплымі.

Украінская армія па-ранейшаму спрабуе пашырыць зону кантролю, але ў параўнанні з першымі днямі аперацыі інтэнсіўнасць баявых дзеянняў прыкметна знізілася, а прасоўванне запаволілася ці звялося да нуля.

У аўторак украінскі глаўкам Аляксандр Сырскі заявіў, што ў Курскай вобласці Украіна ўзяла пад кантроль 1294 кв. км тэрыторыі, 100 населеных пунктаў і паланіла 594 расейскіх салдата. Гэтыя лічбы можна ставіць пад сумнеў, але ў цэлым сітуацыя там — не на карысць Расіі.

Пасля знішчэння мастоў і ўдараў па пантонных пераправах праз раку Сейм у складаным становішчы застаецца расейская групоўка прыкрыцця мяжы колькасцю да 3 тысяч чалавек.

Яна ўтрымлівае ўмоўны прастакутнік па лініі Цёткіна — Аляксееўка — Камароўка — Лізаветаўка агульнай плошчай больш за 400 кв. км. Гэтая тэрыторыя з захаду і поўдня ўпіраецца ў лінію мяжы, на поўначы шляхі забеспячэння і адыходу заступае пакінутая без мастоў рака Сейм, а з усходу яе падціскаюць часткі УСУ.

Але паколькі ўкраінскае войска не вядзе актыўных наступальных дзеянняў на гэтым участку, непасрэднай пагрозы адрэзаным расейскім часткам у цяперашні час няма.

Разам з тым, як заявіў Сырскі, «адной з задач правядзення наступальнай аперацыі на Курскім напрамку было адцягненне значных сіл праціўніка з іншых напрамкаў, у першую чаргу з Пакроўскага, Курахаўскага».

Аднак, паводле яго слоў, расейскія часці не толькі не пакідаюць Пакроўскі напрамак, а, наадварот, нарошчваюць там колькасць войскаў.

Каментары9

  • Anatol Starkou
    29.08.2024
    У барані рог, у барані рог. Польшчу мы ў парашок, у парашок....
  • Сигизмунд
    29.08.2024
    [Рэд. выдалена]
  • Віктар
    29.08.2024
    #, У Курскай вобласці пакуль што не зроблена галоўнае - не абвешчаны расейскі ўрад на расейскай тэрыторыі. Наадварот, фактычна робіцца акцэнт на тым, што маўляў нам расейскай зямлі ня трэба (што праўда), таму мы неўзабаве зробім з Пуціным бартэр тэрыторыямі і сыйдзем.
    Але падобны падыход памылковы, бо празмернага напружання для Крамля ён не стварае. Ну часова ад'елі одну мармеладку і халера з ёю - Расея вялікая, усё роўна неяк вернемся і вернем старую ўладу. А вось калі там з'явіцца не акупацыйны, а сапраўдны расейскі ўрад, які агалосіць альтэрнатыву пуцінізму - гэта будзе выклік для ўсіх: для пуцінскіх вайскоўцаў, якія гінуць незразумела за што, для памежных расейскіх рэгіёнаў, якія ўжо зараз бачаць, што Крамлю на іх нас....ть, для нацыянальных рэгіёнаў, якія убачаць, што Масква як метраполія зноў слабая, і для пуцінскага атачэння, якое упершыню за доўгія гады адчуе пах улады інакш чым ад Пуціна. І гэта будзе сур'езная заяўка на ўладу, а не авантура Прыгожына, які здаў узад, калі да перамогі яму заставалася зусім крыху.

Што паслухаць па гісторыі Беларусі? Сабралі найлепшыя падкасты

Што паслухаць па гісторыі Беларусі? Сабралі найлепшыя падкасты

Усе навіны →
Усе навіны

Палітзняволенаму журналісту Ігару Карнею далі яшчэ восем месяцаў калоніі

Камісар ЕС: Расія назапашвае танкі, а Еўропа не гатовая адбіць напад2

У Новай Баравой прадаюць кватэры-студыі на 20 квадратных метраў. Цана здзіўляе4

У Іране 27-гадовая спявачка выступіла з непакрытай галавой на канцэрце, што забаронена правіламі краіны ВІДЭА

Хтосьці стварыў фальшывы сайт КДБ і цішком збіраў даносы8

Напярэдадні святаў квіткі на аўтобус з Мінска ў Вільню адчувальна даражэюць6

У Казахстане судзяць беларуса за ДТЗ, у якім загінулі восем чалавек, у тым ліку пяцёра дзяцей

Сі Цзіньпін, здаецца, адхіліў запрашэнне на інаўгурацыю Трампа

Кавалеўскі: Інтарэсы Беларусі ў мірных перамовах па Украіне нельга ігнараваць6

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Што паслухаць па гісторыі Беларусі? Сабралі найлепшыя падкасты

Што паслухаць па гісторыі Беларусі? Сабралі найлепшыя падкасты

Галоўнае
Усе навіны →