Спорт22

12-гадовы Аляксей Маёраў: Ці магу я дабіцца большага, чым Глеб? Канечне!

12-гадовы беларускі вундэркінд Аляксей Маёраў падпісаў кантракт з мадрыдскім «Рэалам» і будзе трэніравацца ў акадэміі каралеўскага клуба як мінімум бліжэйшыя тры гады. Пра перамены ў сваім жыцці Аляксей расказаў Bet News. 

Усе фота: асабісты архіў героя

— Учорашні дзень, верагодна, стаў самым шчаслівым у вашым жыцці? 

— Адным з такіх — гэта дакладна. Вельмі рады апынуцца ў «Рэале». 

— Калісьці вы казалі, што ваш любімы гулец — Ліянэль Месі, а гуляць заўсёды марылі ў «Барселоне».

— Месі так і застаецца любімым футбалістам. І калі б ён выступаў за «Рэал», то я марыў бы апынуцца ў гэтым клубе. Аргентынец заўсёды будзе для мяне прыкладам таго, як можна гуляць у футбол. 

Мне падабаецца яго стыль, імкнуся паўтараць яго рухі. І ўвогуле паспрабаваць прайсці тую дарогу, якую прайшоў ён. Думаю, што «Рэал» — гэта месца, якое больш за ўсё падыходзіць для ўвасаблення маёй мары. 

— Пасля падпісання кантракту з мадрыдцамі многія будуць баяцца, што грошы сапсуюць юнага футбаліста. Як псавалі вялізную колькасць маладых талентаў…

— Я займаюся толькі футболам, а ўсімі астатнімі справамі — мой бацька. Прызнаюся, нават не ведаю ўсіх дэталяў кантракту. Думаю, што і не павінен іх ведаць. Я люблю футбол і разумею: каб нечага дасягнуць, трэба аддавацца гульні цалкам і не забіваць галаву нічым іншым.

— Вы з татам адпрэчылі прапановы вядучых расійскіх футбольных акадэмій і выбралі Іспанію, што, вядома, не здзіўляе. Але ў чым адрозненні?

— Іншы футбол, больш правільны, ці што. У Расіі любяць аб'ёмных і фізічна моцных хлопцаў, якія могуць шмат бегаць, біцца і змагацца на кожным участку поля. А ў Іспаніі гуляюць у футбол. 

Дзейнічаем хутка, гуляем наперад, заблытваем абарону нестандартнымі хадамі і атрымліваем задавальненне ад гульні. 

— Іспанцы — яны якія?

— Расслабленыя, нікуды не спяшаюцца. Павольныя і крыху лянівыя ў звычайным жыцці. Але ў футболе, вядома, разбіраюцца. Я хутка знайшоў з хлопцамі агульную мову. 

Я ў Каталоніі быў капітанам усіх каманд і прывык матываваць партнёраў, каб яны аддаваліся гульні па максімуме. 

— Прама скажам, нетыповае выказванне для беларуса. Звычайна ў ролі матыватараў мы не выступаем, больш прыслухоўваемся.

— Мусіць, гэта таму што людзі не вельмі добра ведаюць мову. Але мне іспанская далася лёгка, таму ніякіх праблем у камунікацыі ні на поле, ні за яго межамі не адчуваю. 

— А як хлопцы паставіліся да таго, што камандзір на поле ў іх замежнік?

— Нармальна. Канешне, спачатку было такое, маўляў, чаго ты там, рускі… Але потым гэта прайшло. 

— Па ходу іспанцы не ў курсе, што вы беларус.

— Заўсёды блытаюць. Тут няма такога паняцця, як беларус і Беларусь. Вось пра Расію і Украіну яны дакладна ведаюць. 

— Але ж Аляксандр Глеб гуляў у «Барселоне», і юныя каталонскія футбалісты павінны пра яго ведаць.

— Неяк так атрымлівалася, што мы ніколі пра гэта не гаварылі. 

— Ваш мінскі трэнер Андрэй Доўнар сцвярджаў, што Аляксей Маёраў можа дамагчыся большага, чым Глеб толькі таму, што валодае прыроджаным лідарскім характарам. Ці згодныя з гэтым сцвярджэннем?

— Так, безумоўна. 

— Але адкуль у вас узяўся такі характар?

— Думаю, што ад таты. Мы з ім шмат у чым падобныя.

Адразу вырашылі: калі займаемся нечым, то гэта трэба рабіць якасна і прафесійна. Не так, што прыйшоў, патрэніраваўся і ўсё. Трэба ставіць мэты і ісці да іх.

— Раскажыце пра свайго мэтанакіраванага тату.

— Для мяне ён найлепшы. Ён майстар спорту па многіх відах, заўсёды бачыць мэту, выдатны матыватар. Хаця мяне асабліва матываваць не трэба, таму што мы з ім заўсёды глядзелі ў адным кірунку. Ну, і зноў жа ён бярэ на сябе вырашэнне ўсіх бытавых і дзелавых пытанняў.

— Мяркуючы па вашаму Instagram-акаўнту, вы ідзяце да мэты 24 гадзіны ў суткі… 

— Так і ёсць. Трэніруюся, я, адпачываю і зноў трэніруюся. Мне не падабаецца бавіць час без футбола. Трэніруюся і ў вольны час таксама. Гэта ўжо звычка. 

— А як жа вучоба?

— Я вучыўся ўвесь гэты час і, вядома, буду працягваць і ў акадэміі «Рэала». У мяне з гэтым праблем няма. Іспанскі, як ужо казаў, вывучыў хутка, пачаў рабіць гэта яшчэ ў Мінску па відэа. 

Зараз вучу яшчэ і англійскую. У школе я лепш за ўсіх на ёй размаўляў. Мне замежныя мовы лёгка даюцца — гэтак жа, як і матэматыка. Сярэдні бал — дзесьці 8-8,5. 

— Цікава, як вы з татам адзначыце падпісанне кантракту з «Рэалам». Наперадзе паход у лепшы рэстаран Мадрыда?

— Не ўпэўнены, што наогул будзем нешта адзначаць. Мы ж разумеем, што гэта толькі першая прыступка і нам трэба яшчэ вельмі шмат працаваць, каб нечага дасягнуць. 

— А ці ведаеце вы, што ваш дзядуля Аляксандр Кісцень забіў больш за ўсіх галоў за «Дынама» ў чвэрцьфінальных матчах еўракубкаў? Шкада, праўда, што для флагмана беларускага футбола гэтая стадыя нязменна аказвалася апошняй.

— Так, я ў курсе, што мой дзядуля быў выдатным гульцом. Напэўна, вы хочаце спытаць, ці збіраюся я перасягнуць яго дасягненне? Так — думаю, што дзядулю пра гэта было б прыемна даведацца. Тым больш што ў «Рэала», пры ўсёй павазе да мінскага «Дынама», шанцаў выйграць еўрапейскі трафей усё ж такі заўсёды будзе больш…

Каментары2

  • 1
    22.08.2024
    Каб не "перагарэў" з такім настроем, Аляксей, каб толькі траўмы мінулі, не ўсё залежыць ад нашых планаў... Дай Бог выдатнай кар'еры. І параўноўваць сябе варта толькі з сабой учорашнім. Цярпення, дысцыпліны, моцы, здароўя, працавітасці, мэтанакіраванасці, перамог. Наперад, Беларусь!
  • goal
    23.08.2024
    Поспехаў хлопцу

«Шугануць Берлін ды іншых еўрапейцаў». Пуцінскі «Арэшнік» можа быць толькі зрэжысіраваным шоу1

«Шугануць Берлін ды іншых еўрапейцаў». Пуцінскі «Арэшнік» можа быць толькі зрэжысіраваным шоу

Усе навіны →
Усе навіны

Даляр апусціўся за адзнаку 3,5 рубля3

У жонкі беларускага тэнісіста ў Пецярбургу сцягнулі залаты ланцужок4

Як у школьныя электронныя дзённікі трапіла рэклама піва? З'явілася тлумачэнне3

Манашак Свята-Елісавецінскага манастыра прагналі яшчэ з аднаго кірмаша ў Польшчы17

У Варшаве пачынаецца суд па справе згвалтавання і забойства беларускі Лізы2

У Брытаніі ідзе суд над балгарамі, якіх падазраюць у шпіянажы на карысць Расіі

Мінздароўя ўстанавіла нормы прыёму пацыентаў

«Было адчуванне, што людзі ўжо не хочуць вайны». Аляксей Ластоўскі аб наведванні Сірыі і рэжыме Асада як меншым зле15

Азаронак заявіў, што стаў мякчэйшым, і патлумачыў, чаму здаў назад30

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Шугануць Берлін ды іншых еўрапейцаў». Пуцінскі «Арэшнік» можа быць толькі зрэжысіраваным шоу1

«Шугануць Берлін ды іншых еўрапейцаў». Пуцінскі «Арэшнік» можа быць толькі зрэжысіраваным шоу

Галоўнае
Усе навіны →