Зяленскі ўхваліў падрыў «Паўночных патокаў», але паспрабаваў адмяніць аперацыю, калі пра яе даведалася ЦРУ
Ідэя аперацыі нарадзілася ў маі 2022 года на сустрэчы высокапастаўленых украінскіх ваенных і бізнэсоўцаў. Апошнія прафінансавалі дыверсію, паколькі ва УСУ не хапала сродкаў.
The Wall Street Journal выпусціла вялікае расследаванне аб тым, як Украіна рыхтавала аперацыю па падрыве газаправода на дне Балтыйскага мора ў верасні 2022 года.
Галоўныя тэзісы з тэксту прыводзіць «Медуза»:
Ідэя аперацыі нарадзілася ў маі 2022 года на сустрэчы высокапастаўленых украінскіх ваенных і бізнэсоўцаў. Апошнія прафінансавалі дыверсію, паколькі ва УСУ не хапала сродкаў.
Аперацыю, па даных WSJ, курыраваў неназваны генерал з досведам удзелу ў спецыяльных аперацыях, які наўпрост падпарадкоўваўся тагачаснаму галоўнакамандуючаму УСУ Валерыю Залужнаму. Непасрэдна падрывам займалася каманда з шасці чалавек — як ваенных, так і грамадзянскіх нырцоў.
Зяленскі ўхваліў план аперацыі вусна. Аднак пра яго неўзабаве даведалася нідэрландская разведка і папярэдзіла аб гэтым ЦРУ і нямецкія ўлады. ЦРУ заклікала Украіну адмяніць аперацыю. Зяленскі перадаў указанне Залужнаму, але той не паслухаў прэзідэнта. У размове з WSJ Залужны заявіў, што нічога не ведае аб аперацыі.
Прыкладна за тры тыдні да выбуху група дыверсантаў арандавала прагулачную яхту «Андрамеда» ў нямецкім Растоку праз польскае турагенцтва, створанае ўкраінскай разведкай.
На месцы дыверсіі вадалазы працавалі парамі і заклалі на глыбіні выбуховае прыстасаванне з рэчывам актаген. Перад гэтым у шведскім порце Сандхамн адзін з членаў групы выпусціў выбуховае прыстасаванне на дно. Дыверсанты абмяркоўвалі магчымую адмену аперацыі з-за дрэннага надвор'я.
Пакідаючы Германію, дыверсанты не памылі яхту, дзякуючы чаму нямецкая паліцыя знайшла на борце сляды выбухоўкі, адбіткі пальцаў і ўзоры ДНК членаў экіпажа. Таксама расследавальнікі вызначылі нумары мабільных тэлефонаў і спадарожнікавага тэлефона Iridium, якія належалі нырцам – і аднавілі маршрут яхты.
Каментары
А потым пачалося нацягванне савы на глобус: паспрабуйце для пачатку дакладна знайсьці гэтыя самыя трубы на марскім дне. Паспрабуйце загрузіць 3 тоны выбухоўкі (адкуль цікава яна узялася прама ў цэнтры Эўропы? Я не ведаю на якім кірмашы магчыма закупіць гэтую самую выбухоўку ў такой колькасьці ды яшчэ са спецыяльнымі дэтанатарамі. Але журналюгі напэўна ведаюць дакладна :-) :-) :-) ) разам з неадходнымі для працы матэрыяламі (балоны для пагружэння, кампрэссар для пампавання паветра, агрэгат каб працаваў кампрэссар, спецыяльныя сумясі і гд) і яшчэ 6 чалавек у дадатак у маленькую яхту. Больш за тое, смех вызывае тое, што следчыя здолелі знайсьці сляды выбухоўкі на борце яхты :-) :-) :-) Пасажыры напэўна зрабілі менавіта вытворчасьць выбухоўкі на яхце, а не атрымалі яе ў герметычна закрытых пакетах/мяхах і г.д.
Адзінае што магло адбыцца там з гэтай самай яхтай гэта аперацыя прыкрыцця менавіта расейскіх спецслужбаў падарваўшых тыя самыя Патокі , але з выкарыстаннем зусім іншага спецыялізаванага карабля са спецыялізаваным абсталяваннем.
Але журналісты ''пішуць'' свае раследванні, якія ў дасведчанных людзей нічога акрамя сьмеху не выклікаюць.
Пытанне чаму гэта адбылося мае зусім іншы сэнс, бо адбыўшаеся было толькі малой часткай той вялікай гульні супраць Захаду якую пачаў Пуцін.