«Гродна Азот» расказаў, як змяніў стратэгію продажаў з-за санкцый
Прадпрыемства за апошні год на траціну нарасціла пастаўкі прадукцыі ў Расію.
У выніку ўдалося заняць на суседнім рынку долю 10% у нішы ўгнаенняў КАС (карбаміда-аміячнай сумесі). Пра гэта glavagronom.ru распавёў намеснік гендырэктара па камерцыйных пытаннях ААТ «Гродна Азот» Аляксей Страчэня.
Са слоў менеджара, цяпер больш за 2/3 сваёй прадукцыі завод пастаўляе на ўнутраны рынак. Аднак даводзіцца ўлічваць, што сельскагаспадарчыя прадпрыемствы краіны выбіраюць квоты на пастаўку мінеральных угнаенняў з прадпрыемстваў канцэрна «Белнафтахім» і ААТ «Беларуськалій» усяго на 70%.
Гэта матывуе знаходзіць магчымасці для экспарту ў далёкае замежжа. І цяпер прадпрыемства перавальвае ўгнаенні ў 15 тэрміналах Балтыйскага і Азоўскага мораў.
Паколькі транспартнае плячо ў экспартных пастаўках у апошнія гады павялічылася ў 2-4 разы, прадпрыемства значна пашырыла ўласны аўтапарк. У прыватнасці, удалося набыць 350 цыстэрнаў для вадкіх азотных угнаенняў, 300 мінералавозаў, 100 цыстэрнаў для перавозкі аміяку.
У выніку за 1,5 года прыраслі ва ўласным рухомым складзе ў 1,5 разы (да 2000 адзінак). Акрамя таго, прадпрыемства стварыла ўласныя магутнасці па фасоўцы насыпных азотных угнаенняў. Цяпер палова экспарту адгружаецца ў фасаваным выглядзе», — распавёў Аляксей Страчэня.
Спецыялісты «Гродна Азота» прагназуюць, што ў найбліжэйшы час экспарт азотных угнаенняў будуць стрымліваць тры тэндэнцыі: рост цаны на газ, высокая загружанасць расійскіх чыгунак і рост чыгуначных тарыфаў.
Каментары