Абвінавачаны ў забойстве і разбоі ў мінскім пункце абмену валют прыгавораны да 24 гадоў калоніі
Абвінавачаны ў жорсткім забойстве і разбоі ў сталічным пункце абмену валют у 2009 годзе прыгавораны да 24 гадоў калоніі, перадае БЕЛТА.
У снежні 2009 года 49-гадовы Аляксандр Дударчык трапіў у памяшканне пункта абмену валют і не менш за 19 разоў ударыў нажом банкаўскую работніцу.
Пацярпелая — 20-гадовая Таццяна Пятрова — памерла на месцы.
Абвінавачаны завалодаў грашыма банка ў буйным памеры ў суме не менш як 32 млн недэнамінаваных рублёў, што на момант злачынства склала больш за 940 базавых велічынь.
Ключавой зачэпкай да раскрыцця рэзананснай крымінальнай справы аб забойстве і разбоі стала генетычная экспертыза.
Дзяржаўны абвінаваўца папрасіла для мужчыны 24 гады пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. «Віна Дударчыка ў забойстве з асаблівай жорсткасцю і разбоі цалкам даказаная», — заявіла дзяржаўны абвінаваўца.
У судзе выступіла і маці забітай дзяўчыны, якая папрасіла суд пры прызначэнні пакарання Дударчыку ўлічыць, што ён па-зверску пазбавіў жыцця яе дачку.
У сваю чаргу адвакат Дударчыка, выступаючы ў спрэчках, пераконваў суд у тым, што ў абвінавачанага не было намеру забіваць дзяўчыну.
Па словах абаронцы, Дударчык не схільны да гвалтоўных дзеянняў і яго ў пэўнай ступені справакавала тое, што ахвяра праявіла смеласць і аказала супраціў.
«Ён усведамляе жах здзейсненага», — сказала адвакат.
Мужчыну затрымалі, калі ён ішоў на працу, амаль праз 15 гадоў.
З улікам прадстаўленых доказаў абвінавачанаму прызначана пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін 24 гады з адбываннем у папраўчай калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.
Суд таксама спагнаў кампенсацыю маральнай шкоды на карысць пацярпелых — бацькоў забітай дзяўчыны — у агульнай суме 100 тысяч рублёў.
Каментары