У Наваполацкім гарадскім судзе 8 жніўня асудзілі Дзмітрыя Шалака паводле ч. арт. 368 (абраза Лукашэнкі) і арт. 369 (абраза прадстаўніка ўлады) Крымінальнага кодэкса.
Суддзя Таццяна Хрыпач прызначыла Дзмітрыю тры гады і шэсць месяцаў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму, а таксама штраф памерам 200 базавых велічыняў (8000 рублёў). На прысуд звярнуў увагу тэлеграм-канал «Витебск, я гуляю!».
Новапалачаніна абвінавацілі ў тым, што ён з ліпеня 2021 па красавік 2022 года ў розных тэлеграм-групах пакідаў каментары ў бок Лукашэнкі і прадстаўнікоў улады, паведаміла прэс-служба Вярхоўнага суда. Мужчына цалкам прызнаў віну.
Летам 2023 года Дзмітрыю прызначалі адміністрацыйны арышт, пасля чаго затрымалі ў межах крымінальнай справы. Паводле судовага раскладу, супраць Дзмітрыя агулам прайшло два суды па тых жа самых артыкулах. Першы — яшчэ ў лютым 2024 года.
Дзмітрый Шалак — супрацоўнік прадпрыемства «Нафтан», а таксама бубнач наваполацкага гурта Paranoia Dolls, піша «Вясна».
Каментары