Грамадства55

Блогер і «дырэктар дастаўкі» Андрэй Касцюк — пра тое, колькі можа зарабіць кур'ер у Варшаве

Блогер і афіцыйны дыджэй гурта «Дай Дарогу!» Андрэй Касцюк ужо больш за год працуе кур'ерам. Называе сябе «галоўным кур'ерам Варшавы» і «дырэктарам дастаўкі» ды лічыць, што роварная «кур'ерка» — найлепшая праца для тых, хто пакуль не знайшоў сябе ў новых умовах і новай краіне. Сваім кур'ерскім досведам дзеліцца на ютуб-канале «Direktor Polska». «Белсат» паразмаўляў з Андрэем пра заробкі, «напіўкі» (чаявыя) і сучасныя электраровары. 

Блогер і афіцыйны дыджэй гурту «Дай Дарогу!» Андрэй Касцюк. Варшава, Польшча. Фота: «Белсат»

«Дырэктар карагодаў»

У сваім родным Берасці Андрэй Касцюк займаўся таргетынгавай рэкламай і арганізацыяй вечарынак. Жыў літаральна насупраць будынку ўпраўлення СК па Берасцейскай вобласці. Кажа, што ў горадзе яго добра ведалі, а «са «следакамі» нават разам гуляў у футбол». 15 верасня 2020 года, праз два дні пасля пратэснага карагоду ў Берасці, адзін з супрацоўнікаў СК папярэдзіў Андрэя, каб той «выдаляў усё з гэтага дня» са свайго інстаграму. 

«Выдаляць? Мне што, няма чаго рабіць?» — адпісаў берасцеец следчаму. І праз два месяцы быў затрыманы ў «карагоднай справе» («А то ж, дырэктар карагодаў!» — смяецца Андрэй).

У жніўні 2021 года яму прысудзілі тры гады «хіміі» (арт. 342 КК). Сваёй віны Касцюк не прызнаў. За некалькі дзён да пачатку адбывання «хіміі» мужчына з'ехаў ва Украіну, а пасля — у Польшчу.

«Калі няма замоваў, еду дамоў і мантую ролікі» 

У новай краіне Андрэй адпрацаваў некалькі месяцаў на складах, а потым вырашыў падацца ў кур'еры. Ужо сваю першую паездку па Варшаве з кур'ерскай сумкай за плячыма фіксаваў на відэакамеру, даўшы старт youtube-каналу «Direktor Polska».

«Не, ну слухай, я насамрэч вельмі сціплы чалавек. А «дырэктар» і «галоўны кур'ер» — больш такі рэкламны ход, ну каб у вочы больш кідалася і каб людзі запаміналі», — пасміхаецца Андрэй Касцюк. 

Ягоны блакітны кур'ерскі заплечнік упрыгожвае налепка з беларускай Пагоняй. За дзень праязджае 50-60 кіламетраў, але бывае, што і 120.

Андрэй тлумачыць, што працаваць у дастаўцы яго падахвоціла шмат рэчаў. У нейкі момант зразумеў, што пачаў губляць у эміграцыі фізічную форму («Нейкім друзлым пачаў рабіцца»), якую ў Беларусі падтрымліваў рэгулярнымі трэнінгамі. Але ездзіць на ровары без якой-кольвек мэты не любіў. «А тут калі падумаў, што мне за гэта яшчэ і грошы будуць плаціць, — дык зусім прыкольна», — кажа. Па-другое, даўно хацеў стварыць свой ўласны ютуб-канал, тэма дастаўкі ежы «павінна была пракаціць». 

Па-трэцяе, кур'ерка пагружае чалавека ў соцыум і дае магчымасць удасканаліць польскую мову. І, нарэшце, адзін з галоўных фактараў — свабода. Калі абіраеш працу на мабільных дадатках без загадзя выбранага графіку (Андрэй працуе на «Uber» і «Wolt»), то толькі сам вырашаеш, калі і колькі табе працаваць. 

«Калі цягам 20-30 хвілін не маю замоваў, проста еду дамоў і мантую ролікі», — тлумачыць суразмоўца.

«Хто ж будзе піцу на абед замаўляць?»

Андрэй пачынаў працаваць на звычайным ровары, бо найперш хацелася падцягнуць сябе фізічна. Але з часам зразумеў, што на электраровары можна працаваць хутчэй і эфектыўней («Я доўга супраціўляўся «электрыкам», але калі зразумеў, што і там ёсць нагрузка, пачаў дастаўляць на іх»). Спрабуе працаваць на розных. Ровары арандуе ва ўжо праверанай фірме (кошт арэнды вагаецца ад 150 да 300 злотых на тыдзень). 

На «веліку» з батарэяй 50 ампер амаль не трэба круціць педалі, таму на такіх змаглі б працаваць нават сталыя людзі, якім цяжка бывае знайсці добрую працу ў Варшаве, сцвярджае беларус.

«Іншая справа, колькі яны змогуць зарабіць, але тут усё залежыць ад іх. Проста трэба троху кеміць ва ўсім гэтым, а не проста стаяць у абед каля піцэрыі ў натоўпе іншых кур'ераў і чакаць замоваў. Хто ж будзе піцу на абед замаўляць? Трэба шукаць, дзе рыс з «курчакем» [курыцай] гатуюць», — смяецца «галоўны кур'ер Варшавы».

Усіх сваіх прафесійных сакрэтаў Андрэй не выдае. Магчыма, галоўны з іх — выдатная зрокавая памяць і назіральнасць. Сцвярджае, што ў сваім Макатове (раён Варшавы) на памяць ведае «ўсе аб'езды, праезды і дзіркі», а таксама — коды ад зачыненых жылых кварталаў і тое, як працуюць макатоўскія святлафоры.

Ці кур'ер зарабляе 6000 злотых у Варшаве

Цяпер, напэўна, пра галоўнае. Заробкі і грошы. Усё залежыць ад сезону, запэўнівае Андрэй. 

Больш за ўсё атрымліваецца зарабляць у другой палове восені, троху менш замоваў — зімой і вясной. А вось лета — не кур'ерскі час для Варшавы. Хаця ўсё адносна — бываюць розныя дні.

Свой рэкорд заробкаў за гадзіну працы беларус устанавіў якраз улетку — 87 злотых за гадзіну (троху больш за 20 еўраў) нэта. Пры мінімальным заробку ў Польшчы — 24,25 злотых за гадзіну чыстымі.

«Увогуле, паставіў сабе ніжнюю планку — 40 злотых за гадзіну. Гэта сярэдняе. Усё матэматычна заўсёды разлічваю. Можа, каму падасца складаным, але такі я чалавек. Увосень, калі шмат акцыяў і вялікія каэфіцыенты, зарабляў у асноўным 50-70 зл / гадз. Працую ў дзень па 5-6 гадзін. Восенню было такое, што за дзень зарабіў больш як 500 злотых (120 еўраў), але там я каля 10 гадзін, напэўна, катаўся», — распавядае Андрэй, але колькі дакладна зарабляе за месяц, не гаворыць («Ну я на месяц не гляджу…»). 

«Добра, 6000 злотых, то бок 1400 еўраў, магчыма зарабіць на кур'ерцы?» — пытаемся.

«Летам? Летам складана было б. А калі браць восень — то лёгка. Проста ўвогуле лёгка. Так, менавіта 6000 чыстымі», — сцвярджае кур'ер.

У Варшаве ён працуе цалкам легальна, паводле дамовы, якую заключыў з фірмай-партнёрам. Плаціць падатак у памеры 8,5 % і мае на гэтай падставе дзяржаўную медычную страхоўку ад польскага ZUS (упраўленне сацыяльнага страхавання) для сябе i сям'i. 

Андрэй мяркуе, што праца кур'ерам у Польшчы — адзін з самых простых для беларусаў-эмігрантаў шляхоў, каб зарабляць і працаваць легальна. Навічкам ён раіць звяртацца з любымі пытаннямі ў тэлеграм-чат «Кур'еры Варшавы», які стварыў для камунікацыі з калегамі (каля 200 удзельнікаў, у асноўным — беларусы і ўкраінцы). Але, у кожным разе, формула старту такая:

  • знайсці фірму-партнёра, якая афармляе дамову і праз якую павінны аплочвацца падаткі (за паслугі партнёра таксама трэба будзе плаціць, Андрэй штомесяц аддае 135 злотых);

  • зарэгістравацца на кур'ерскіх мабільных дадатках, а лепш — на некалькіх (штотыдзень бяруць плату за карыстанне, Андрэй плаціць агулам 35 злотых за два дадаткі);

  • дачакацца ўхвалення пасля рэгістрацыі, арандаваць ровар ці электраровар, калі няма свайго, і пачаць зарабляць.

Колькі трэба чакаць, каб кандыдатура была ўхваленая, залежыць яшчэ ад таго, ці трывае у гэты момант набор у кур'еры. Восенню ўладкавацца лягчэй, зазначае Андрэй. Згадвае, што пасля рэгістрацыі ў партнёра і на мабільным прыкладанні «Uber» восенню 2023 года мог выехаць на працу ўжо на наступны дзень. 

«Каб любіў стабільнасць — сядзеў бы ў Беларусі»

«На якой «апцы» [скарочана ад польскага «aplikacja», мабільны дадатак — рэд. «Белсат»] катаць, кожны выбірае сабе сам. Я катаю на «Wolt» і «Uber». Калі хочаш працаваць па зарэзерваваных графіках — ёсць «Glovo». Ёсць таксама дастаўнікі, якія плацяць кур'ерам фіксаваныя стабільныя стаўкі, як у «Stuart», «Pyszne.pl» ці «Żabka Jush». Але я не люблю стабільнасці. Які сэнс зарабляць стабільна, але ў два разы менш, чым я зарабляю зараз? Каб я любіў такую стабільнасць — сядзеў бы зараз у Беларусі», — смяецца Андрэй Касцюк.

Ён прызнаецца, што за год працы не страціў імпэту і кайфу, які яму дае «кур'ерка». 

«Не, прыкольна. Жаданне працаваць увесь час падсцёбваецца. Абломвае, канечне, калі сядзіш, і табе на двух дадатках хвілін 20 не даюць замоваў. Але я не марную часу. Сядаю і проста на тэлефоне мантую «шорты» на «Ютуб» ці на «Тыкток», сяджу на сонейку, загараю і мантую паціху», — апавядае Андрэй.

Свае ролікі «дырэктар дастаўкі» прыпраўляе жартамі, гісторыямі і разважаннямі пра жыццё, хуткасць (на адным з ровараў можа разганяцца да 50 км / гадз) ды людзях. Напрыклад, пра тое, ці палякі п'юць больш за беларусаў і расейцаў (мяркуе, што так), хто часцей і ахвотней дае кур'ерам «напіўкі» (старэйшае пакаленне, незалежна ад нацыянальнай прыналежнасці) і ці варта ў Варшаве ездзіць на чырвонае святло (тут глядзіце ролікі). 

Ці не ў самым першым відэа распавядае, як з полькі, якая прымае замову, «выпадкова» спадае ручнік, якім абкруцілася пасля лазенкі… А нам, больш падрабязна, пра тое, як аднойчы на звычайным ровары з тонкімі коламі ледзь не ўрэзаўся на скрыжаванні ў бус, які не паказаў паварот.

«Я па тармазах, але было слізка пасля дажджу і мяне павяло, прычым так, што паляцеў наперад галавой пад колы гэтага буса. Ужо рукі выставіў, каб неяк змякчыць. Але ён таксама паспеў прытармазіць, сантыметраў 10 заставалася…» — апавядае кур'ер. 

Эміграцыя як магчымасць рабіць новае

Андрэй прызнаецца, што ў Польшчы яго яшчэ ніводнага разу не штрафавалі, хоць некаторыя парушэнні падчас працы здараюцца. Заўважае, што, напэўна, у Беларусі, прынамсі ў Берасці, людзі больш прытрымліваюцца правілаў дарожнага руху. 

Роварную інфраструктуру ў Варшаве ацэньвае як добрую. Хоць на самым пачатку быў проста ў захапленні ад таго, колькі шмат веладарожак у горадзе. Але потым прызвычаіўся («Цяпер вышукаваеш мінусы»).

Апрача «кур'еркі» Андрэй Касцюк ужо спрабуе ладзіць у Варшаве вечарынкі і працягвае дыджэіць з «Дай Дарогу!». З лідарам гурту Юрыем Стыльскім сябруе аддаўна. Стыльскі прысутнічаў амаль на ўсіх судовых паседжаннях у Берасці, на якіх разбіралі справу Андрэя. Падтрымліваюць стасункі і на эміграцыі. Але ці будзе дыджэіць на канцэрце «Дай Дарогу!» ў Варшаве 17 жніўня, Андрэй пакуль не ведае.

Андрэй Касцюк ўпэўнены, што эміграцыя і выгнанне — гэта не толькі выпрабаванне, але таксама магчымасць і шанец для многіх беларусаў паспрабаваць у жыцці нешта новае. І не трэба баяцца гэта рабіць. Андрэй развітваецца, заскоквае на ровар і рушыць наперад. Беларуская Пагоня на сумцы кур'ера знікае за паваротам…

Каментары5

  • Дырэктар рыса з курчакам
    11.08.2024
    Глядзіш, як яны ўзімку мучаюцца, і думаеш: лепш пайду ў прастытуткі
  • Этот
    11.08.2024
    Acab, тебя не спросили что ему делать (рукалицо)
  • Acab
    11.08.2024
    Спадару Дырэктарэ рыса з курчакам, не хачу і ніколі ня ганіў шляхетных фах выляжанак, аж дастаўка ежы роварам - прарыўная тэхналёгія і карысная праца.
    Вядома, дажджом мокра, марозам - калотна, але на тое праца і ёсьць працай, каб не адныя дадатныя бакі, а нечым ахвяруеш, што цануе спажывец.

СК назваў імёны тых, хто скінуў выбухоўку на базу АМАПа ў Мінску ў 2021 годзе3

СК назваў імёны тых, хто скінуў выбухоўку на базу АМАПа ў Мінску ў 2021 годзе

Усе навіны →
Усе навіны

«Гэта не заробак, гэта бонус». Некаторым беларусам падабаецца атрымліваць частку зарплаты прадуктамі2

«Яна не ў турме, а на спецдачы КДБ!» Канспіролагі накінуліся на Калеснікаву65

«Як людзі на такое вядуцца? Ды вельмі проста». Расповеды беларусаў, якія працавалі тэлефоннымі ашуканцамі12

Алексіевіч пра маршы пратэсту: Цяпер было б больш жорстка, была б кроў. А тады мы думалі, што гэта свята24

Трамп абвясціў імя свайго дарадцы па нацбяспецы11

Атрад беларускіх добраахвотнікаў «Тэрор» заявіў пра самароспуск9

У Абхазіі пасля пратэстаў і перакрыцця мастоў адпусцілі з-пад варты апазіцыянераў

Слюнькін: Адным толькі вызваленнем палітвязняў Лукашэнка Трампа не зацікавіць3

Сын Трампа многае вырашае. Вось як тлумачаць нявыбар Пампеа21

больш чытаных навін
больш лайканых навін

СК назваў імёны тых, хто скінуў выбухоўку на базу АМАПа ў Мінску ў 2021 годзе3

СК назваў імёны тых, хто скінуў выбухоўку на базу АМАПа ў Мінску ў 2021 годзе

Галоўнае
Усе навіны →