У Нігерыі падчас пратэстаў арыштавалі 7 палякаў за «размахванне расійскімі сцягамі». Імі аказаліся студэнты і выкладчык Варшаўскага ўніверсітэта
У справу ўмяшаўся МЗС Польшчы і патлумачыў сваю версію падзей.
6 студэнтаў і адзін выкладчык з Варшаўскага ўніверсітэта былі затрыманыя нігерыйскімі спецслужбамі падчас масавых дэманстрацый і беспарадкаў па ўсёй краіне. Афіцыйная прычына арышту — «размахванне расійскімі сцягамі», паведамляе нігерыйскі партал The Spectacles са спасылкай на Дэпартамент дзяржаўных службаў Нігерыі (DSS).
Паводле DSS, затрыманыя польскія грамадзяне далучыліся да беспарадкаў у буйным паўночным нігерыйскім горадзе Кано, здымалі пратэсты на камеры і размахвалі расійскімі сцягамі, што стала часткай больш маштабнай і трывожнай тэндэнцыі па ўсёй краіне, калі нігерыйскія дэманстранты сталі выносіць расійскія сцягі і агітаваць за змену ўлады на карысць Расіі.
У справу тэрмінова ўмяшаўся МЗС Польшчы і аспрэчыў абвінавачанні супраць сваіх грамадзян.
«Нігерыйскі бок праінфармаваў нас, што нашы студэнты і выкладчык, магчыма, з-за іх няведання мясцовых законаў былі памылкова ўцягнутыя ў дэманстрацыі. Мне складана паверыць у тое, што яны пры гэтым размахвалі расійскімі сцягамі, але мы робім усё магчымае, каб нашы грамадзяне хутка і бяспечна вярнуліся дадому», — заявіў намеснік міністра замежных спраў Польшчы Якуб Вішнеўскі, перадае тэлеканал TVP World.
Тэлеканал адзначае, што польскі консул у Нігерыі ўжо сустрэўся з затрыманымі студэнтамі і іх выкладчыкам у пятніцу днём і што іх вызваленне стала прыярытэтам для МЗС на гэтыя выходныя.
Нагадаем, у шматлікіх гарадах і рэгіёнах Нігерыі з 1 жніўня пачаліся масавыя антыўрадавыя пратэсты з-за праблем з карупцыяй, высокай інфляцыі і голаду. У дэманстрацыях і беспарадках удзельнічаюць сотні тысяч нігерыйцаў, частка з якіх перакрывае аўтамагістралі, захоплівае адміністратыўныя будынкі і змагаецца з паліцыяй.
Сярод пратэстоўцаў таксама былі заўважаныя людзі з расійскімі сцягамі, якія заклікаюць да вайсковага перавароту ў Нігерыі і звяртаюцца да Уладзіміра Пуціна, «каб той іх выратаваў».
Факт наяўнасці расійскіх сцягоў у часткі пратэстоўцаў выклікаў рэзкую рэакцыю з боку нігерыйскіх уладаў. Так, прэзідэнт краіны Бола Цінубу склікаў тэрміновую нараду з кіраўнікамі дзяржаўных спецслужб і арміі, на якой абмяркоўваліся контрмеры супраць прарасійскіх агентаў уплыву.
«Мы дакладна і адназначна папярэджваем, што не дазволім нікому падымаць замежны сцяг у Нігерыі. Гэта дзяржаўная здрада, і яна будзе разглядацца намі менавіта так», — прыгразіў начальнік Генштаба нігерыйскай арміі Крыстафер Муса адразу пасля нарады з прэзідэнтам.
На фоне гэтага пасольства Расіі ў Нігерыі паспяшалася заявіць мясцовай прэсе, што не мае ніякага дачынення да з'яўлення расійскіх сцягоў у нігерыйскіх пратэстоўцаў, але пры гэтым дадала, што «расійскія сцягі — гэта асабісты выбар асобных нігерыйцаў».
У той жа час спецслужбы Нігерыі заявілі мясцовай прэсе, што ў іх ёсць доказы спробаў Расіі зладзіць вайсковы пераварот у краіне.
Каментары