Паляк сказаў таксісту-беларусу «валіць ваяваць ва Украіну» і ўдарыў яго па твары. Кіроўца пайшоў судзіцца
Беларускі таксіст трапіў у непрыемную сітуацыю ў навагоднюю ноч у Кракаве. Аднак давёў справу да суда і выйграў.
Беларус, імя якога не называецца, расказвае, што ў навагоднюю ноч прыехаў на замову да аднаго з гатэляў. Да машыны падышла вялікая кампанія людзей з дзецьмі — сем чалавек. Пасадачных месцаў у аўто было шэсць.
«Я сказаў, што сем чалавек узяць не магу, магу ўзяць шэсць. Ці чатыры — прапанаваў, каб узялі проста яшчэ адну машыну і камфортна даехалі», — расказвае таксіст у інтэрв'ю блогеру Вадзіму Дэйне.
Людзі пачалі прапаноўваць даплаціць за тое, каб ён узяў усю кампанію, аднак беларус быў непахісны. І тады мужчына, які сеў на пярэдняе сядзенне, сказаў сваёй кампаніі выходзіць з машыны і пачаў грубіць таксісту:
«Пачаў гаварыць: «Ва Украіну валі, ідзі ваюй». Пажадаў, каб рускія знішчылі Украіну. Стаў казаць, каб я паехаў з паркоўкі, яго злавала, што я стаю».
Кампанія пасля гэтага быццам бы адышла ад машыны, беларус скасаваў замову і напісаў у тэхпадтрымку. Аднак неўзабаве мужчына зноў падышоў да аўто, адчыніў дзверы і працягнуў абражаць кіроўцу.
«Ён пагражаў, што мяне ўдарыць, калі я не паеду з паркоўкі. Я перапытаў: «Так, ты гэтак зробіш?» І ён пацягнуўся да мяне, каб паспрабаваць ударыць», — успамінае беларус.
Мужчыну стаў адцягваць ягоны прыяцель, але той паспеў ударыць кіроўцу далонню па твары. Беларус вырашыў выклікаць паліцыю.
Аднак калі паліцыянты прыехалі, кампанія спешна рэціравалася ў гатэль. Сілавікі ж сказалі, што не могуць позна ўвечары стукацца ва ўсе нумары і шукаць гэтага мужчыну, тым больш, што ў таксіста не было ніякіх відавочных пашкоджанняў.
Кіроўца не стаў спускаць сітуацыю на тармазах і напісаў заяву ў паліцыю, а да яе прыклаў відэазапіс канфлікту з рэгістратара.
Справа дайшла да суда. Паляку прызначылі штраф у памеры 4500 злотых (крыху больш за тысячу еўра), акрамя таго, ён павінен будзе выплаціць беларусу 1000 злотых (230 еўра) кампенсацыі маральнай шкоды і пакрыць судовыя выдаткі. Акрамя таго, у мужчыны будзе судзімасць, паколькі справа разглядалася ў рамках крымінальнай вытворчасці.
Каментары