Як глыбока прасунуліся ўкраінцы ў Курскай вобласці да вечара 7 жніўня?
6 жніўня 2024 года Узброеныя сілы Украіны ўвайшлі на тэрыторыю Расіі ў раёне горада Суджа Курскай вобласці. Маштаб аперацыі УСУ пакуль застаецца невядомым, але «Медуза» сабрала па адкрытых пацверджаных крыніцах інфармацыю, якая дае ўяўленне пра тое, як далёка ўдалося прасунуцца ўкраінскім вайскоўцам.
![](http://d3kcf2pe5t7rrb.cloudfront.net/img/w840d4webp1/photos/z_2024_08/wueucg5n-fy548.webp.webp)
Некалькі батальёнаў 22-й механізаванай брыгады УСУ, узмоцненыя спецназам і сродкамі супрацьпаветранай абароны (і, магчыма, батальёнамі іншых рэгулярных брыгад) у ноч на 6 жніўня перайшлі мяжу Курскай вобласці і да вечара 7 жніўня глыбока ўклініліся ў расійскую абарону.
Ім супрацьстаялі вельмі слабыя сілы — памежнікі і пяхота з аднаго са створаных у 2023 годзе «палкоў прыкрыцця мяжы», часткова складзенага з вайскоўцаў тэрміновай службы. Гэта значыць, фактычна мясцовая тэрабарона амаль без бранятэхнікі.
Усё, што змагло супрацьпаставіць, верагодна, нечаканай атацы расійскае камандаванне — удары авіяцыі (самалётаў і верталётаў), а таксама АТРК «Іскандэр» па ўкраінскіх калонах, якія ішлі ў наступленне. Некалькі адзінак бранятэхнікі УСУ былі падбітыя, але наступ гэта не спыніла. Быў збіты як мінімум адзін расійскі верталёт.
Мяркуючы па апублікаваных відэа, да вечара 7 жніўня УСУ дасягнулі наступных поспехаў:
- Пасля сутак баёў захапілі прапускны пункт «Суджа» на мяжы Сумскай і Курскай абласцей. Некалькі дзясяткаў расійскіх памежнікаў трапілі ў палон.
- Была захопленая газавымяральная станцыя «Суджа» (частка інфраструктуры галоўнага расійскага газаправода, які пампуе газ у Еўропу праз тэрыторыю Украіны) за некалькі сотняў метраў ад прапускнога пункта.
- На захад ад прапускнога пункта УСУ хутка прасунуліся ўглыб тэрыторыі Расіі, дасягнулі дарогі Рыльск — горад Суджа ў раёне Свердлікава, дзе трапілі пад удары расійскай авіяцыі і аператыўна-тактычных ракет.
- Асноўная частка групоўкі УСУ павярнула па трасе ў напрамку Рыльска. Былі захопленыя вёскі Леанідава і Зялёны Шлях каля трасы. Расійскія «ваенкары» паведамілі, што перадавыя атрады УСУ дасягнулі ўскраін Коранева далей па трасе на Рыльск, але пацвярджэнняў гэтаму няма.
- Нягледзячы на чуткі і панічныя паведамленні «ваенкараў», УСУ пакуль не ўвайшлі (і, магчыма, нават не спрабавалі) у саму Суджу, хоць і падышлі да яе па меншай меры з захаду (а па чутках, і з поўдня). Пры гэтым кварталы горада былі сур'ёзна пашкоджаныя ўкраінскімі абстрэламі. У Суджы застаецца шмат мірных жыхароў.
- Прарваўшы першую рэдкую лінію абароны, украінскія сілы, верагодна, паспрабавалі дзейнічаць у стылі Балаклейска-Купянскага наступлення 2022 года: па дарогах вакол Суджы былі «выкінутыя» штурмавыя і дыверсійныя групы, якія паспрабавалі дэзарганізаваць расійскі тыл і прадухіліць падыход рэзерваў Узброеных сіл РФ.
- Да вечара 7 жніўня буйныя расійскія рэзервы, прыбыцця якіх у раён прарыву можна было б чакаць у першыя гадзіны або дні наступлення (у выпадку, калі б яны былі ў наяўнасці ў Курскай вобласці), у бой так і не ўступілі.
«З расійскага боку іранічна называць гэта правакацыяй». У Дзярждэпе ЗША пракаментавалі ўкраінскую аперацыю ў Расіі
У Курскай вобласці ўвялі надзвычайнае становішча, пад кантролем Украіны 350 кв. км
Інфармацыя пра смерць тэлепрапагандыста Яўгенія Паддубнага не пацвердзілася
Мінабароны Украіны адмаўляецца каментаваць наступ у Курскай вобласці, а ў Генштабе не бяруць слухаўку
З'явіліся ФОТА і ВІДЭА, як дзясяткі расійскіх вайскоўцаў бяруцца ў палон у Курскай вобласці
Стала вядома, як рыхтуюцца да магчымага падыходу УСУ на Курскай АЭС
Z-ваенкары не падзяляюць аптымізму Герасімава: чакаюць, што да вечара Украіна возьме пад кантроль райцэнтр Коранева
Каментары