Грамадства1717

«Мы стаміліся». Як айцішнік разам з іншымі беларусамі змагаецца з уладамі Ніжняй Сілезіі

Праграміст з Уроцлава за паўтары гады прайшоў літаральна ўсе колы бюракратычнага пекла, каб дабіцца рашэння па праязным дакуменце для свайго сына, піша тэлеграм-канал Dzic.

«Чакаем-чакаем. Цішыня»

«Нашая сям’я з чатырох чалавек з’ехала з Беларусі ў 2021-м, — паясняе наш суразмоўца. — Яшчэ тады жонка падала дакументы на атрыманне міжнароднай аховы. Атрымала пазітыўную дэцызію ў 2022-м. І да 2023-га мы жылі-не тужылі. А потым у старэйшага сына скончыўся беларускі пашпарт.

Тады праязныя дакументы афармлялі за плату, і толькі людзям з міжнароднай абаронай, гуманітарным ДНЖ альбо ПМЖ (цяпер, з 1 снежня 2024 як мінімум, можна з любым ДНЖ). У сакавіку 2023-га мы склалі заяву на падставе таго, што ў сына міжнародная абарона і сталі чакаць.

Чакаем-чакаем. Цішыня. Вось ужо і ліпень настае, прайшлі ўсе тэрміны. Чаму праязны дакумент павінны аформіць за месяц? Бо, у адрозненне ад карты побыту, тут не трэба рабіць ніякіх запытаў, толькі параўнаць копіі з арыгіналамі. Усё, можна адразу паставіць пячатку і ў друк. Але ў ніжнесілезскім ужондзе гэта так не працуе».

Мужчына кажа, што гэта зараз ён ведае ўсе кодэксы і законы на памяць (і нават сабраў гайд на GitHub). А тады, «па сваёй наіўнасці», сям’я вырашыла звярнуцца да ўжонду лістом — электронным, праз сістэму ePuap, і звычайным, праз «папяровую» пошту.

Лісты паляцелі ў канцы ліпеня 2023-га. І зноў — цішыня. Сям’я адправіла скаргу, звярнулася да абмудсмэна (Rzecznik Praw Obywatelskich) і нават папрасіла паспрыяць былога пасла Польшчы ў РБ Артура Міхальскага, які зараз супрацоўнічае з дэмакратычнымі сіламі Беларусі за мяжой.

Адказ на скаргу прыйшоў у кастрычніку. Там гаварылася, што заява была складзеная няправільна. Бо з часоў падачы абнавіўся фармуляр (пасля выхаду распараджэння, што на праязны дакумент могуць падавацца беларусы з любым тыпам ДНЖ).

«Акей, мы спампавалі новы фармуляр, запоўнілі і аднеслі занава, — кажа айцішнік. — І яшчэ напісалі заяву на зварот сродкаў (бо цяпер беларусы не павінны плаціць за падарожны дакумент). Дагэтуль чакаем».

«Супрацоўнік сказаў, што, можа, прыме яе праз гадзіны тры, калі «бедзе хентны»

Ён таксама падзяліўся даволі паказальным эпізодам. Ягонай жонцы, якая і падавала заяву на дакумент сыну, даслалі везваніе. Гэта пісьмо ад ужонда, што вам неабходна данесці дакументы.

Жанчына прыйшла ва ўжонд асабіста — але сутыкнулася з «вядомым у вузкіх колах супрацоўнікам-каардынатарам на зале»: «Ён там яшчэ з часоў PiS. Дзядзька даволі праціўны. Напрыклад, калі жонка праз дзве гадзіны чакання падышла запытацца, ці доўга яшчэ, ён сказаў, што не павінны яе прымаць асабіста (што няпраўда) і прапанаваў кінуць усе арыгіналы дакументаў у скрыню каля ўвахода. А калі тая адмовілася, сказаў, што, можа, прыме яе праз гадзіны тры, калі «бедзе хентны».

Жонка дачакалася, пакуль ейны нумар узнікне на табло. Падышла да яго. Супрацоўнік пабег некуды ў глыб памяшкання, вярнуўся з іншым калегай, па выглядзе, стажорам. Той прыняў у жонкі дакументы і сказаў, што калі б яна кінула дакументы ў скрыню альбо ж адправіла па пошце, то іх маглі б пакінуць без разгляду, бо кожны асабісты візіт яны адзначаюць і ставяць штэмпель на «везванне».

Калі вас вызвалі ва ўжонд асабіста, везваннем, вы абавязаныя прыйсці і падаць усё асабіста».

«Фармальныя бракі» і цэлы спіс новых дакументаў

І зноў пачаўся перыяд чакання. У канцы лістапада, то-бок праз 9 месяцаў пасля пачатку гэтай эпапеі, сям’і прыйшло паведамленне, што ў іхняй заяве (дарэчы, спраўджанай пры прыёме) бракуе дат у двух месцах. І таму дакумент проста не будуць разглядаць. 

Як паясняе айцішнік, гэта горш, чым адмова. Бо адмову яшчэ можна абскардзіць, а вось з «неразгляданнем» можна толькі скласці новы ўнёсак.

«Мы тады гэтага яшчэ не ведалі, звярнуліся ў недзяржаўны Samorządowe kolegium odwoławcze. Тыя перакінулі ва ўжонд па справах чужаземцаў. Але там не ўзялі пад увагу, што прайшло 9 месяцаў замест вызначанага законам аднаго. Што выдача праязнога дакумента не закранаецца артыкулам 100D з уставы аб дапамозе грамадзянам Украіны, там, дзе гаворыцца, што тэрміны разгляду на ВНЖ замарожваюцца. Пасля гэтага мы спрабавалі размаўляць яшчэ з некалькімі юрыстамі, і ўсе сказалі, што, па факце, нічога з гэтым ужо не зробіш». 

Аднак беларусы не здаліся. Яны склалі напрыканцы 2023-га яшчэ адзін дакумент («внёсак»). Усё некалькі разоў пераправерылі, адфоткалі, адправілі па пошце. І-і-і… зноў цішыня.

Суразмоўца кажа, што раней ва ўжондзе працавала інфармацыйнае акно і можна было адправіць запыт на спецыяльны е-мейл. Але цяпер, пасля сканчэння выданага пад гэтыя мэты гранта, засталася толькі інфалінія. Аднак людзі дазвоньваюцца на яе літаральна гадзінамі, і ў выніку марнуецца час. 

Напрыклад, нашыя героі толькі праз месяц намаганняў даведаліся, што нумар «внёску» зараз можна атрымаць толькі асабіста, ва ўжондзе (раней можна было і праз тэлефон). Ён патрэбны, каб дадаць заяву ў сістэму «Przybysz» і адсочваць ход справы. 

Далей справы развіваліся так: 7 лютага, то-бок крыху болей, чым праз месяц, сям’я склала «панагленне» (напамін). Не атрымаўшы ніякага адказу ў вызначаныя законам тэрміны, 22 лютага падалі скаргу амбудсмену і ва ўжонд па справах замежнікаў. Ад амбудсмена прыйшоў ліст, што яны памятаюць яшчэ першую справу і зрабілі запыт да ваяводскага ўжонду.

У красавіку 2024-га сям’я злажыла з дапамогай адваката скаргу ў суд. Але, кажа суразмоўца, яны дагэтуль нават не маюць даты пасяджэння.

 «Нарэшце мы атрымалі СМС-ку»

«Яшчэ да суда, 22 сакавіка, нам прыйшло «везванне», каб мы даслалі дакументы, — працягвае мужчына. — Ад нас патрабавалі прынесці дзейны (!) праязны падарожны дакумент сына. Хаця падавацца на польскі дакумент можна толькі, калі скончыцца беларускі пашпарт. А таксама копіі ўсіх запоўненых старонак гэтага пашпарта плюс копіі ўсіх запоўненых старонак пашпарта бацькі (таго, хто склаў заяву). Карту побыту дзіцёнка з копіяй (мы адправілі гэта яшчэ ў першым пакеце дакументаў), карту побыту бацькі, і пасведчанне аб нараджэнні сына. Усё пералічанае наогул не фігуруе ў пераліку патрэбных дакументаў!

У Kodeks postępowania administracyjnego сказана, што ўжонды не павінны запытваць дакументы, выданыя ў Польшчы. Бо, напрыклад, мы аформілі сыну пасведчанне аб нараджэнні польскага ўзору. Яны могуць атрымаць гэтую інфармацыю самастойна, запытам паміж сабой. Але, відаць, супрацоўніку ўжонда прасцей нас запытаць.

Таксама ў дакуменце было сказана, каб мы прыбралі «фармальныя бракі». Мы не запоўнілі артыкул, дзе трэба адзначыць, хто знаходзіцца на ўтрыманні нашага сына. Хаця відавочна, што гэта не можа адносіцца да непаўнагадовага. Для выпраўлення мы перакрэслілі ўвесь артыкул і напісалі «nie dotyczy»».

15 красавіка айцішнік разам з жонкай ужо ў каторы раз прыйшоў ва ўжонд. Дакументы праштампавалі і падшылі да справы. 

«На той момант у нас не было ніякай інфармацыі, акрамя адказу, які ўсё ж прыйшоў на нашае панагленне недзе ў траўні-чэрвені. Там было сказана, што да, з боку ўжонду былі памылкі і парушэнні працэсу, і што прызначаецца тэрмін для вырашэння гэтай справы — 11 ліпеня 2024-га, — гаворыць суразмоўца. — 13-га ліпеня мы склалі чарговую скаргу — да ўжонда па справах чужаземцаў, Rzecznika Praw Obywatelskich, міністэрства ўнутраных спраў. Прычым мы на самым пачатку напісалі, што, мяркуючы па паводзінах, ужонд ваявудскі, у тым ліку ягоны галава Матей Авіжэн, пляваць хацелі на ўказы вышэйстаячых органаў. І калі вас падначаленыя не слухаюцца, то што ж тады адбываецца ў вашай сістэме?

17-га ліпеня 2024-га мы нарэшце атрымалі СМС-ку, што наш дакумент гатовы, і мы можам запісацца на яго адбор. То бок гэта яшчэ не канец. А 24-га ліпеня скончыўся пашпарт ужо ў нашай дачкі…».

Сустрэчы з ужондам

За гэтыя паўтары гады айцішнік зразумеў, што гэта — не проста адзіночная памылка, а, хутчэй, сістэмная праблема (што прызнаюць і самі ўлады ваяводства). 

Па ягоных словах, адсутнасць дакумента падарожніка нават больш балючая, чым адсутнасць карты побыту. Хоць фармальна гэта і можна палічыць як пацвярджэнне асобы, але ў рэальнасці праязны дакумент прымаюць не ва ўсіх банках; людзям без пашпарта вельмі цяжка ўладкавацца на працу. Нельга атрымаць мельдунак, нельга падарожнічаць, нельга нават зарэгістраваць аўто. 

Суразмоўца дадае, што ведае людзей, якія ўжо год, а то і два, чакаюць свайго праязнога дакумента.

Дзесьці з лета 2023-га ва Уроцлаве існуе чат, дзе збіраюцца ўсе, хто завіс з дакументам подружы. Напачатку там было 20 чалавек. Цяпер — 409 удзельнікаў. І гэта відавочна не канец.

«Мы вырашылі дзейнічаць больш цэнтралізавана і спачатку склалі калектыўнае пісьмо. Яго рукамі падпісала чалавек 200. Адаслалі ва ўжонд па справах чужаземцаў і наш Dolnośląski Urząd Wojewódzki (DUW). Выйшлі на спадара Паўла Латушку і папрасілі, каб ён перанакіраваў гэтае пісьмо да Міністэрства ўнутраных спраў Польшчы. Бо з намі, па факце, ніхто на сувязь не выходзіў. У мяне ёсць скрыншоты, дзе бачна, што ў DUW нашыя лісты наогул пазначалі як спам», — кажа праграміст. 

15 мая адбылася сустрэча беларусаў з ваяводам Ніжнесілезскага ваяводства Мацеем Авіжэнем пры пасрэдніцтве Паўла Латушкі. На ёй уладам перадалі складаныя справы — 48 штук.

Таксама на сустрэчы было агучана, што ўжонд зоймецца праблемай выдачы праязных дакументаў беларусам. У прыватнасці, што яны ноймуць для гэтага дадатковых супрацоўнікаў (спачатку гаворка ішла пра 51, пазней лічба ўрасла да 57).

І на пачатку чэрвеня, кажа айцішнік, ён схадзіў на асобную сустрэчу прадстаўнікоў дыяспары з асабістым дарадцам ваяводы і Йоаннай Бобер (яна ўзначальвае аддзел па выдачах карты побыту ў DUW). На ёй перадалі кейсы, якія засталіся пасля першай сустрэчы з ваяводствам. То-бок, 66 штук, у тым ліку — і найбольш цяжкія. Напрыклад, калі ў чалавека няма ні дакумента подружы, ні карты побыту. Альбо — выпадкі беларусаў са статусам UKR ці народжаных на тэрыторыі Польшчы дзяцей.

«На гэтай сустрэчы перад намі разоў 20-30 выбачыліся. Сказалі, што працуюць над вырашэннем гэтых праблем і што ўжонду абяцаюць дафінансаванне на пачатку ліпеня. Яно пойдзе, каб наняць гэтых 57 новых працаўнікоў, павярнуць інфармацыйнае акно і распрацаваць новую сістэму «Przybysz». Бо гэтая лажыцца нават ад спробы дадаць дакумент. Аднак з тых пор прайшло ўжо два месяцы, а ніякіх зрухаў мы не бачым. Адзінае, што нам паабяцалі, перанесці справы з падарожнымі дакументамі з найбольш загружанага аддзела да найменш (дзе займаюцца справамі грамадзянства ЕС). І сапраўды, за гэтыя два месяцы некалькі чалавек усё ж атрымалі свае праязныя дакументы. Але гэта не сведчыць аб сістэмным вырашэнні сітуацыі». 

Таксама на сустрэчы беларусы задалі Йоанне Бобер шэраг пытанняў па тыпу: ці можна ўвесці чэк-ліст дакументаў на падачу? Альбо — ці можна падавацца без мельдунка і забіраць карту побыту без дзеючага пашпарту? «Спадарыня Бобер паабяцала даць адказы на іх у цягу тыдню. Аднак мы дагэтуль нічога не атрымалі», — сцвярджае айцішнік.

Што зараз робіць дыяспара?

«Спачатку мы спрабавалі дамовіцца з ужондам. Потым ужо пачалі ім пагражаць. Бо што нам яшчэ застаецца? Мы кансультаваліся з адвакатамі. Тыя сказалі, што для групавой позвы нам трэба мінімум кейсаў 10. Прычым людзі павінны прайсці ўсе адміністратыўныя ступені, ад панаглення да суда. На дадзены момант у нас ёсць чатыры такія справы.

Што мы зараз робім: працягваем працаваць з супольнасцю нашага чата. Збіраем прыклады, як DUW адказвае на скаргі суда, і што выносіць. Перапрацоўваем прыклады гэтых скаргаў, каб да іх наогул нельга было прычапіцца. Схадзілі на інтэрв’ю з польскім журналістам. Зноў звярнуліся да Паўла Латушкі з нашымі прамежнымі вынікамі, каб абмеркаваць, якія мы яшчэ можам зрабіць крокі, і ў чым ён можа нам дапамагчы, калі такая магчымасць агулам існуе. 

Мы спрабавалі данесці да ўжонда думку, што мы не хочам ствараць напружанне. Але мы ўжо стаміліся. Калі не будзе ніякіх вынікаў, то мы не будзем больш сябе стрымліваць. Пойдзем да буйных польскіх медыя і будзем надаваць розгалас гэтай справе». 

Каментары17

  • бабруйчанін
    06.08.2024
    2003 Вяртаемся з Лендана праз Варшаву дадому У краме на касе поляк пачуўшы гаворку хлопаў беларусаў Ну як Вам Варшава?? Пасля Лендана Мінска брудна сумна але цікава..Папусціў вусы прыціх..
  • этот
    06.08.2024
    Сейчас разрыдаюсь. Обыкновенные промлемы в эмиграции. Пускай вообще радуются что проездной могут давать беларусам. Поколение яматек, которым все и всё должны.
  • Шок для Шоку
    06.08.2024
    Шок!, а я ўсё зразумеў, мне гэта інфармацыя аказалася патрэбная. Дзякуй НН!

Пасля ўчорашняй публікацыі «НН» з «Сяргеем» і «Алексам» адбыліся метамарфозы8

Пасля ўчорашняй публікацыі «НН» з «Сяргеем» і «Алексам» адбыліся метамарфозы

Усе навіны →
Усе навіны

У Расіі афрыканцаў падманам прымусілі будаваць беспілотнікі2

Міністр абароны Ізраіля паабяцаў, што атака на Іран будзе «смяротнай, дакладнай і нечаканай»4

Сіноптыкі анансавалі моцныя дажджы на пятніцу1

Мінск патанае ў густым тумане1

Беларуска выйграла конкурс «Місіс Сусвет 2024»12

Дроны УСУ атакавалі вайсковы аэрадром у Адыгеі

Гродзенцы пра тое, як страцілі магчымасць зарабляць на прыгранічным бізнэсе6

У цэнтры Вільні ўчора ўпаў метэазонд з кантрабандай3

Маштабны фестываль агню ўпершыню пройдзе ў Батанічным садзе Мінска1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Пасля ўчорашняй публікацыі «НН» з «Сяргеем» і «Алексам» адбыліся метамарфозы8

Пасля ўчорашняй публікацыі «НН» з «Сяргеем» і «Алексам» адбыліся метамарфозы

Галоўнае
Усе навіны →