«Яна зарадзіла мне заплечнікам». У цэнтры Варшавы ўкраінка пабіла беларуску з-за рускай мовы
Пра гэты выпадак расказвае Most.
Беларуска Іра жыве ў Польшчы амаль пяць гадоў і раней у канфліктныя сітуацыі праз мову ні разу не трапляла. Увечары 2 жніўня яна ішла па невялікай алеі недалёка ад станцыі метро «Свентакшыска» ў цэнтры Варшавы і запісвала сяброўцы галасавое паведамленне ў мэсэнджары на рускай мове. Украінка сядзела на лаўцы.
«Я прайшла міма дзяўчыны і звярнула ўвагу, што ззаду хтосьці моцна крычыць. Я перастала нагаворваць галасавое, працягнула ісці і зразумела, што кагосьці вельмі жорстка абражаюць — дзяўчына крычала трохпавярховым матам. Пасыл быў такі: якога чорта ты тут ходзіш, давай звальвай у сваю краіну. Аказалася, гэта крычала ўкраінка», — расказвае Іра.
Спачатку беларуска не зразумела, што абразы былі адрасаваныя ёй.
«Нават думкі такой у галаве не было, — дадае яна. — Крыкі былі настолькі гучнымі і неадэкватнымі, што я павярнулася. У адказ украінка сказала: «Так-так, гэта я табе».
Украінка працягвала крычаць — у адказ Іра паказала сярэдні палец.
Са слоў дзяўчыны, яе жэст яшчэ мацней раззлаваў украінку — тая дагнала Іру і стала пагражаць збіццём. Беларуска дадае: У той момант яна разгубілася — да гэтага ёй ніколі не даводзілася біцца.
«Я паслала яе на**р, а яна зарадзіла мне скураным заплечнікам па твары. Потым яна стала біць мяне ў плячо. Першыя пару ўдараў я проста прапусціла — проста не ведала, што рабіць. Калі яна працягнула махаць рукамі, я паспрабавала яе спыніць. Я маленькага росту і невялікай вагі, таму ў мяне не вельмі класна атрымлівалася супраціўляцца», — расказвае Іра.
«Паляк шапнуў, каб я хутчэй ішла»
Падчас бойкі беларуска «вельмі моцна чакала дапамогі». На алеі было некалькі мінакоў, але ў канфлікт дзяўчат яны вырашылі не ўмешвацца.
Ад спалоху Іра стала гучна клікаць на дапамогу на рускай мове.
«Толькі пасля гэтага заступіўся хлопец-паляк. Ён стаў паміж намі і сказаў, каб мы разыходзіліся, спыніў украінку рукой, а мне шапнуў, каб я хутчэй ішла. Следам ужо на рускай мове яна мне крычала: «У цябе рускія салдаты членам не піхалі», — успамінае беларуска.
Па адчуваннях Іры, украінка была цвярозай.
«Чыста візуальна яна рабіла звычайнае ўражанне — простая дзяўчына. Не брудная, з чыстымі валасамі, нармальныя вочы».
«У паліцыі ніхто не хоча такім займацца»
Пасля бойкі Іра зразумела, што ў яе разбітая губа, баліць вуха — пазней дзяўчына выявіла сіняк, а адзін з пазногцяў быў вырваны пад корань. Дзяўчына звярнулася ў гарадскую ахову (Straż Miejska), а адтуль яе перанакіравалі ў паліцыю.
«Мяне вельмі непрыязна сустрэлі. Там быў рэзкі мужчына, які сказаў, што ўсё будзе вырашацца вельмі няхутка. Спачатку трэба зняць цялесныя пашкоджанні, а потым ісці альбо ў паліцыю, альбо ў суд, каб напісаць заяву», — расказала Іра.
У паліцыі беларуска пацікавілася, ці можна па камерах, устаноўленых на алеі, вызначыць асобу нападніцы.
«Паліцэйскі адказаў, што не ведае. Але гэта цэнтр горада, там куча камер», — здзіўляецца Іра.
Выйшаўшы з паліцэйскага ўчастка, да лекара Іра не паехала. Тлумачыць, што ўжо быў вечар, а пасля перажытага яна моцна стамілася.
Беларуска вырашыла пракансультавацца са знаёмай, якая працавала ў паліцыі.
«Яна сказала, што ніхто не хоча такім займацца. Ім гэта лішняя праца — са мной нічога страшнага, груба кажучы, не здарылася. Я жывая: сіняк на вуху, разбілі губу — нармальна, зажыве», — дадае Іра.
«Сама вінаватая — трэба было размаўляць па-беларуску»
Аналізуючы тое, што здарылася, Іра прыйшла да высновы, што «напэўна, проста трэба прыняць, што ёсць нейкія неадэкватныя людзі». Пра канфлікт яна расказала ў сваім інстаграм-акаўнце. Меркаванні падпісчыкаў падзяліліся.
«Мая сяброўка, якая паехала ваяваць ва Украіну, пісала мне словы падтрымкі і казала, што так быць не павінна. Іншая дзяўчына сказала,што я сама вінаватая — трэба было размаўляць на беларускай».
Іра ўпэўненая, што «біць за мову нельга». Але таксама яе насцярожыла абыякавасць навакольных людзей.
«Цябе могуць збіць, а вакол людзі будуць абыякавыя — гэта вельмі страшна», — дадае яна.
Каментары
Я не кажу, што ўкраінка зрабіла слушна, усчаўшы бойку. Але ж ну рэальна сорамна за такіх грамадзянак Беларусі, якія нават на выгнанні карыстаюцца мовай ГУБОПіКА, КГБ, Лукашэнкі, Пуціна, Пушкіна, Шаўгу-Герасімава-Прыгожына ды ўсякіх там буратаў, якія ў Бучы дзяўчат гвалтавалі.