У МУС Польшчы думаюць, што ў нядаўніх буйных пажарах у краіне замешаная «замежная агентура»
Міністр унутраных справаў і адміністравання, каардынатар спецслужбаў Польшчы Томаш Семоняк апавёў у эфіры TVN24, што ў кожным буйным пажары на тэрыторыі краіны цяпер шукаюць след замежных агентаў, піша Белсат.
«Досвед апошніх месяцаў паказвае, пачынаючы з першай спробы падпалу будаўнічага складу ва Уроцлаве, што ў кожнай сітуацыі трэба прымаць пад увагу дзеянні замежнай агентуры, якая замаўляе ў такіх «аднаразовых» агентаў за невялікія грошы з аматарскім інструментам падпалы розных аб’ектаў», — сказаў Семоняк.
Паводле міністра, цяпер падчас расследавання кожнага буйнога пажару польскія службы карыстаюцца інфармацыяй ад калегаў з іншых краінаў:
«Выклік сур’ёзны, бо гаворка не пра яўных варожых агентаў, а пра нанятых за пару тысяч еўраў асобаў, якія не заўсёды разумеюць, у чым бяруць удзел».
У справах падпалаў цяпер арыштаваныя больш за дзесяць чалавек. Сярод іх ёсць беларусы. Паводле падазрэння ў здзяйсненні дыверсіі затрымалі Андрэя Белага, які, згодна са звесткамі «Байпол», з 2010 года служыў міліцыянтам патрульна-паставой службы ў Баранавічах. У 2014-м яго звольнілі за парушэнне ўмоваў кантракту.
Каментары