Памятаеце, Мінкульт абяцаў паказваць фільмы ў цягніках? Паглядзець іх не атрымаецца з-за дрэннага інтэрнэту
Журналісты «Моцных навін» правялі эксперымент, які праваліўся.
Журналісты вырашылі скарыстацца паслугай у цягніках міжрэгіянальных ліній бізнэс-класа па маршруце Мінск — Гомель.
У пачатку ліпеня Мінкульт прэзентаваў новы праект, у рамках якога паабяцаў паказваць у цягніках БЧ кіно «Беларусьфільма». Карціны былі загружаны на медыясервер БЧ.
Аўтары эксперыменту вырашылі паглядзець у дарозе кіно «Дзікае Паляванне караля Стаха» на цягніку, які адпраўляўся з Мінска ў Гомель 5 ліпеня ў 17:24.
Журналісты падключыліся да Wi-Fi праз тэлефон. Але ўжо праз 10 хвілін з моманту адпраўлення сувязь знікла. На ноўтбуку было тое самае.
Інтэрнэт з'яўляўся толькі на станцыях, а пасля адпраўлення адразу знікаў.
У даведачнай службе БЧ растлумачылі: на маршруце Мінск — Гомель скарыстаць Wi-Fi у цягніку, а тым больш паглядзець беларускае кіно не атрымаецца.
Прычына ў тым, што ў Беларусі няма тэхнічнай магчымасці забяспечыць належную сувязь уздоўж чыгуначных ліній, а значыць, і стабільнага выхаду ў інтэрнэт падчас падарожжаў не будзе.
Атрымліваецца, паслуга, анансаваная Мінкультам, існуе толькі намінальна, па факце скарыстаць яе пасажыры не могуць.
Каментары