«Машына пакрылася цёмным налётам». Беларус папярэдзіў кіроўцаў пра «смалу» на дарозе пад Гроднам
Пасля паездкі па адной з аўтадарог на Гродзеншчыне мужчына выявіў, што ягоная машына пакрылася дзіўным цёмным налётам. Пры спробах нейтралізаваць налёт, са слоў кіроўцы, злазіла фарба на аўто, піша NewGrodno.by.
Інцыдэнт адбыўся на ўчастку дарогі паміж аграгарадкамі Парэчча і Азёры ў Гродзенскім раёне, на павароце каля вёскі Глушнева.
«Напярэдадні тут праводзілі рамонт дарогі. Ноччу пайшоў дождж. На дарозе з'явілася алеістая плёнка з вады і, магчыма, эмульсіі, якой пакрывалі праезную частку», — выказаў меркаванне беларус.
З ягоных слоў, цёмны налёт у выніку з'явіўся на бамперы, ніжняй частцы кузава, колавых дысках і не толькі. Прыбраць яго атрымалася толькі з дапамогай бензіну, але пацярпела фарба на аўто.
Дарэчы, як расказаў мужчына, пасля здымак гэтага відэа яму прыйшлося выкінуць і красоўкі.
«Учора яны тут пасыпалі, як заўсёды, шчэбнем і палілі эмульсіяй. Але нешта пайшло не так. Проста жывая смала-вада. Вось сёння раніцай ехаў на працу. Зад нямоцна пацярпеў, а вось гэты бок — цалкам. Дыскі, задні бампер, дзверы, парог — усё ў смале гэтай», — паскардзіўся аўтар роліка.
Ён адзначыў, што праязджае гэтую дарогу штодня і рамонт на гэтым участку праводзяць ужо не першы тыдзень, аднак раней такога не здаралася.
«Увогуле, рамонт — справа добрая. Рады, што дарогу прыводзяць у парадак. Але, напэўна, менавіта на гэтым участку нешта пайшло не так», — адзначыў беларус.
Каментары