Грамадства11

«Везлі з мяшкамі на галаве, усё было як у блакбастары». Гісторыя ўкраінкі, якую па абмене вызвалілі з беларускай турмы

Украіна з Расеяй чарговы раз абмяняліся ваеннапалоннымі. У межах гэтага абмену былі вызваленыя 10 украінцаў, пяцёра з якіх утрымліваліся ў беларускіх турмах. Адна з вызваленых — жыхарка Чарнігава Наталля Захаранка. Яна расказала сваю гісторыю «Свабодзе».

Натальля Захаранка. Скрыншнот з відэа Украінскай службы «Радыё Свабода»

28 чэрвеня Украіна вярнула з расейскага палону 10 чалавек. Сярод іх было пяць грамадзян Украіны, арыштаваных на тэрыторыі Беларусі. За пасярэдніцтва ў падрыхтоўцы вызваленьня людзей прэзыдэнт Украіны Уладзімір Зяленскі падзякаваў Ватыкану і Аб’яднаным Арабскім Эміратам.

«Яшчэ пяць цывільных, якія былі захопленыя на тэрыторыі Беларусі і пазбаўленыя свабоды: Мікалай Швец, Натальля Захаранка, Павал Купрыенка, Людміла Ганчарэнка і Кацярына Бруханава. Усе яны ўжо вызваленыя і дома — ва Ўкраіне», — напісаў Зяленскі.

Вызваленыя з расейскага палону ўкраінцы. Натальля Захаранка трэцяя справа

Натальлю Захаранку, жыхарку Чарнігава, затрымалі ў Беларусі ў сярэдзіне ліпеня 2023 году. Увесну 2024 году Гомельскі абласны суд прызнаў яе вінаватай у «агентурнай дзейнасьці» і пакараў 9 гадамі зьняволеньня. Суд быў закрытым. Натальля, якая зараз ужо дома ў Чарнігаве, пасьля вызваленьня пагутарыла са «Свабодай».

«Не дайшла мая чарга»

У 2022—2023 годзе Натальля практычна штомесяц езьдзіла ў беларускі Мазыр праз Польшчу. Яна перавозіла людзей, дакумэнты, рэчы. Мяжа Беларусі з Украінай пасьля ўварваньня Расеі зачыненая, таму паслугі Натальлі карысталіся попытам. Яна кажа, што часта вывозіла беларусаў ва Ўкраіну, да сваякоў. Практычна год да Натальлі не было прэтэнзій у беларускіх уладаў. Але ў ліпені 2023 году яна раптам зьнікла ў Мазыры. Знайшлася ў гомельскім СІЗА.

Натальля расказала «Свабодзе», што ў Мазыры спынялася ў сяброўкі Ларысы Крупа. Яе таксама схапілі, абвінавацілі ў «неданясеньні пра злачынства». На судзе Натальля атрымала 9 гадоў за «агентурную дзейнасьць», сяброўка — штраф у 100 базавых за «неданясеньне».

«Я езьдзіла, мяне не чапалі, да мяне проста не дайшла чарга. Тут жа, як кажуць, прыйшоў час. Мяне схапілі, калі я ўжо 10 дзён была ў Мазыры. На 6 дзён кінулі ў ІЧУ ў Гомелі, потым перавялі ў СІЗА», — узгадвае арышт украінка.

Абвінавачваньні яна называе «поўным трэшам, трызьненьнем, высмактаным з пальца». Натальля мяркуе, што яе пакаралі за тое, што шмат беларусаў вывезла ва Ўкраіну і часта перасякала мяжу.

«Суд быў закрыты, рабіце высновы самі — каб ніхто на яго не трапіў, ніхто не чуў, што там было, ніякіх доказаў няма», — кажа Натальля.

Яна зазначае, што абвінавачаньні беларусак, зь якімі яна сядзела ў СІЗА, сталі проста шокам для яе.

«Чалавек напісаў недзе «рашысты» — атрымаў год, іншы напісаў камэнтар з трох словаў — атрымаў два з паловай гады, паставіў «падабайку» — паўтары гады. У мяне проста няма словаў! Я проста ў шоку», — жахаецца ўкраінка.

«На судзе хацела крыкнуць «Слава Ўкраіне!»

Натальля кажа, што на судзе і падчас прысуду піла заспакаяльныя сродкі — валярʼянку, каб «не пачаць выступаць».

«Бо на прысудзе мне карцела крыкнуць «Слава Ўкраіне», ды я забаялася што яшчэ гадоў пяць дадаткова атрымаю», — узгадвае былая зьняволеная. Яна кажа, што артыкул «агентурная дзейнасьць» у СІЗА лічыцца палітычным і таму стаўленьне да такіх зьняволеных адпаведнае. Па словах Натальлі, да такога артыкулу цяжка знайсьці адваката, усе адмаўляюцца. Яна мела абаронцу і лічыць гэта цудам.

Ад розных канвойных было рознае стаўленьне да палітычных. Некаторыя «стараліся» і кожную гадзіну прымушалі даваць справаздачу канвойнаму — імя, прозьвішча, па якім артыкуле сядзіш, расказвае Натальля.

«Абавязкова трэба было дадаваць: «Схільная да экстрэмісцкай і іншай дэструктыўнай дзейнасьці». «Прасьці Госпадзі», — дадавала я», — узгадвае ўкраінка.

Натальля Захаранка пасьля вызваленьня

Пасьля прысуду, Натальля рыхтавалася да этапу ў жаночую калёнію, ужо сабрала рэчы, сумкі, чакала адпраўкі.

Але за ёй прышлі і загадалі: «З рэчамі на выхад». Натальля думала, што яе пераводзяць у другую камэру. Жанчыну пасадзілі ў «бусік» і павезьлі некуды, нічога не гаворачы. На галаву адзелі мяшок, у вушы — берушы.

Разам з Натальляй у «бусік» трапілі ваеннапалонныя з Расеі і яе суседка з Чарнігава, Людміла Ганчарэнка. Яна таксама часам езьдзіла ў Беларусь, яе таксама затрымалі, абвінавацілі ў «агентурнай дзейнасьці» і далі 3 гады калёніі. На момант вызваленьня Людміла ўжо была ў гомельскай жаночай калёніі.

«Толькі літаральна за гадзіну да мяжы нам паведамілі, што нас перададуць ва Ўкраіну, па абмене. У мяне быў такі шок, так трэсьліся рукі, што я не магла выпіць вады, заліла ўсю футболку. У мяне была гістэрыка, я думала, што гэта нейкі сон», — зазначае Натальля.

«Я да гэтага часу не прыйшла ў сябе»

Натальля расказвае, што на беларускі бок мяжы з Украіны даставілі траіх вайсковых — расейцаў, якія былі ў палоне, і аднаго сьвятара. Расейцы былі на інвалідных вазках. Але вазкі трэба было вярнуць украінскаму боку. Таму ўкраінцы, у тым ліку Натальля, узялі тыя вазкі і пакацілі іх назад. На вазкі яны паклалі свае рэчы. Пасьля ўсіх пасадзілі на верталёт і яны паляцелі ў Кіеў. «Усё было як у блёкбастэры», — сьмяецца Натальля.

Яна ўзгадвае, што пасьля словаў пра абмен і вяртаньне ва Ўкраіну яна мела толькі адно жаданьне — патэлефанаваць маці і сказаць: «Мама, я дома». «Я да гэтага часу не прыйшла ў сябе, нібыта ў сьне ўсё. Пайшла ў горад, там людзей столькі, аўтамабіляў! Я разгубілася, не ведаю — куды рукі дзець? Ці ззаду трымаць, як у турме, ці ў кішэні піхаць іх», — расказвае Натальля.

Суразмоўца дадала, што ў турме ў яе пахіснулася здароўе — упаў зрок, баліць сьпіна, бо штодзень можна было толькі сядзець, нельга было ляжаць.

«Таблетку там, хоць які анальгін, не дапросісься. У мяне ціск быў: з шасьці раніцы да паловы дзясятай вечара чакала, каб яго проста памералі. Ну як там мераюць — сунеш руку ў «кармушку» і так з горам папалам мераюць», — узгадвае ўкраінка.

Яна думае, што яшчэ доўгі час будзе адыходзіць ад апошняй паездкі ў Беларусь. На пытаньне, ці паедзеце туды некалі зноў, Натальля жартам адказвае: «Толькі калі разам з вамі, ці калі вас туды трэба завезьці».

«Як у вас там кажуць? «Не сядзеў — не беларус»? — кажа Натальля. — Так, але гэта рэальна жах, за што там садзяць людзей. Я і раней ведала, што там робіцца, але нават не ведала, што за нейкае трызьненьне магу трапіць за краты».

Каментары1

  • Дэн
    08.07.2024
    Выдатна што вызвалілася і будзе добра калі данясе пра тое за што караюць у Беларусі сваім каб не думалі што тут усё так проста і што беларусы гэтыя на дупах сядзяць і супраціўляцца не жадаюць.

КДБ выпадкова выдаў двух супрацоўнікаў, адказных за стварэнне спіса «тэрарыстаў»22

КДБ выпадкова выдаў двух супрацоўнікаў, адказных за стварэнне спіса «тэрарыстаў»

Усе навіны →
Усе навіны

У Шчучынскім раёне двое дзецюкоў скралі, а затым вярнулі назад двух парсючкоў

Пакаленне «ні-ні»: хто яны такія і наколькі гэта небяспечная тэндэнцыя?12

У Данецку пасля выбуху ў машыне загінуў начальнік Аленаўскай калоніі ДНР. Яго жонцы адарвала нагу10

Пентагон назваў выдаткі Расіі на вайну з Украінай1

Даляр каштуе менш за 3,4 рубля

Барысаў чакае Лукашэнку — тэрмінова кладуць асфальт і косяць траву5

Беларускі IT-прадпрымальнік Маханёк расказаў, чаму выбраў для жыцця дарагі Нью-Ёрк3

На матчы «Легія» — «Дынама» былі затрыманыя двое мужчын, якія здымалі беларускіх заўзятараў15

«Асад паў. Не бойцеся». Як вызваляюць вязняў сумна вядомых турмаў Сірыі6

больш чытаных навін
больш лайканых навін

КДБ выпадкова выдаў двух супрацоўнікаў, адказных за стварэнне спіса «тэрарыстаў»22

КДБ выпадкова выдаў двух супрацоўнікаў, адказных за стварэнне спіса «тэрарыстаў»

Галоўнае
Усе навіны →