Жыхарцы Гомеля, што здымала порна са сваімі дзецьмі, далі 16 гадоў калоніі
За пяць гадоў яна адправіла порнаматэрыялы больш чым 300 людзям.
Жыхарку Гомеля прызналі вінаватай у «распусных дзеяннях сэксуальнага характару, гвалтоўных дзеяннях сэксуальнага характару, вырабе і распаўсюдзе парнаграфічных матэрыялаў з удзелам сваіх дзяцей». За гэта яе прысудзілі да 16 гадоў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў калоніі агульнага рэжыму.
Вядома, што жанчына з 2018 па 2023 год знаёмілася анлайн з мужчынамі — як беларусамі, так і замежнікамі. За грошы яна дасылала ім свае фота і відэа парнаграфічнага зместу. Пазней жанчына даведалася, што за такія ж сцэны, але з дзецьмі гатовыя плаціць утрая даражэй, і пачала прыцягваць да здымак сына і дачку.
За пяць гадоў яна паспела адправіць порнаматэрыялы больш чым 300 людзям. Акрамя таго, яна праводзіла прыватныя анлайн-трансляцыі. Агулам гамяльчанка зарабіла больш за 47 тысяч рублёў.
Каб прымусіць дзяцей здымацца ў порна, маці ўжывала рознага роду псіхалагічныя маніпуляцыі: запалохвала, пагражала пазбавіць тэлефонаў, грошай і прагулак, магла не размаўляць з сынам і дачкой па некалькі дзён. Бацька дзяцей, як сцвярджаецца, пра ўсё гэта не ведаў.
Дзеянні 36-гадовай жанчыны былі кваліфікаваныя па пяці артыкулах Крымінальнага кодэкса. Судовае пасяджэнне праходзіла ў закрытым рэжыме. Падчас Яго жанчыну прызналі вінаватай па ўсіх пунктах абвінавачвання. Прысуд яшчэ не ўступіў у законную сілу і можа быць абскарджаны.
Каментары