Выйшаў на волю гродзенскі бізнэсмен, які ў 2020-м паскардзіўся на сілавікоў
Выданне Hrodna.life паведаміла на падставе інфармацыі дасведчанай крыніцы, што з гродзенскага СІЗА выйшаў былы ўладальнік гродзенскай крамы «Аўтазапчасткі» Віктар Рукша. Яго пачалі пераследаваць пасля таго, як мужчына паскардзіўся ў 2020 годзе на сілавікоў.
Выхад Віктара Рукшы на волю не звязаны з вызваленнем палітвязняў у Беларусі, бо ён гэтага статусу так і не атрымаў.
Пакуль невядома, проста спынілі крымінальную справу супраць Віктара Рукшы ці яго ўсё ж асудзілі, залічыўшы тэрмін утрымання пад вартай. Вядома, што бізнэс Рукшы знішчылі, у траўні прызнаўшы фірму-ўладальніцу ягонай крамы аўтазапчастак банкрутам.
Разбіральніцтва па справе Віктара Рукшы пачалося падчас пратэстаў 2020 года і ідзе дагэтуль. Тады Віктар паскардзіўся на сілавікоў, якія ўварваліся да яго ў краму і затрымалі ў тым ліку ягоных супрацоўнікаў.
Дэпартамент фінансавых расследаванняў пасля таго заявіў пра нібыта нясплату падаткаў памерам у 525 тысяч рублёў ($203 693) і яшчэ 12 тысяч ($4655) — з заробкаў у канвертах.
Спачатку Віктар Рукша судзіўся з Эканамічным судом Гродзенскай вобласці ў надзеі адмяніць акты ДФР. Аднак пазней справа стала крымінальнай і перайшла ў суд Кастрычніцкага раёна Гродна.
Рукшу ўзялі пад варту ў лютым 2022 года. Паводле арт. 243 ч. 2 КК «Ухіленне ад выплаты сум падаткаў, збораў (рэдакцыя страціла сілу 26.05.2021)» і арт. 424 ч. 3 КК «Злоўжыванне ўладай або службовымі паўнамоцтвамі» ў траўні 2023 года яго асудзілі на 3,5 года калоніі ўзмоцненага рэжыму.
Пасля апеляцыі ў ліпені 2023 года ягоная справа зноў з'явілася ў раскладзе судовых пасяджэнняў — верагодна, яе пачалі пераглядаць.
Каментары