Раней самым высокім будынкам Мінска лічыўся ЖК «Лазурыт», што на скрыжаванні праспекта Пераможцаў і вуліцы Нарачанскай.
Галоўны хмарачос Мінска, што ў раёне «Мінск-свет», «узяў» усе свае 42 ўзроўні. З 40 да 42 паверхаў будынак «скокнуў» за паўтара месяца. Цяпер бетонны «контур» закрыты, справа за больш прыемнымі воку гараджаніна працамі, а менавіта — мантажом фасада, піша Onliner.by.
Як распавяла ў эфіры тэлеканала АНТ дырэктар кампаніі «Дана Астра» Святлана Шчатко, на ўсіх будынках МФЦ (а гэта пяць стройных «слупкоў») упершыню ў краіне будзе выкарыстаная модульная сістэма фасадаў. «Гэта будзе панарамнае таніраванае шкленне, якое надасць новае аблічча кварталу», — адзначыла спецыяліст.
Работы на МФЦ ідуць кругласутачна, завяршыць праект забудоўшчык разлічвае ў 2027 годзе. «Свечкі» побач будуць адведзеныя пад бізнэс-апартаменты. А вось хмарачос будзе ўключаць у сябе офісныя плошчы, фітнэс-цэнтр, рэстаран. На самым версе размесціцца аглядная пляцоўка (яна дакладна стане месцам прыцягнення).
Зараз прадстаўнікі забудоўшчыка сканчаюць распрацоўваць канцэпцыю МФЦ, затым яны прадставяць яе свайму кіраўніцтву і далей будуць абараняць перад усімі профільнымі міністэрствамі. Абяцаюць у першую чаргу стварыць асаблівыя прававыя ўмовы для бізнэсу.
***
Самым высокім будынкам Мінска лічыўся ЖК «Лазурыт», што на скрыжаванні праспекта Пераможцаў і вуліцы Нарачанскай.Яго вышыня — 138,6 м разам са шпілем. Дзве цэнтральныя секцыі маюць 37 паверхаў.
ЖК «Ветразь», што каля станцыі метро «Фрунзенская», мае 34 паверхі, вышыня складае 133 м з улікам тэхнічных надбудоў на даху і шпіля. Вышыня ўзроўню даху — 114 м.
Трэцяе месца было ў бізнэс-цэнтра «Роял Плаза» каля станцыі метро «Няміга». Ён пабудаваны ў 2014 г. Тут 33 паверхі, а вышыня будынка складае 130 м са шпілем. Затое дах — на 116 м, так што, калі вымяраць па ім, то «Роял Плаза» абыходзіць «Ветразь».
Каментары
Лепш бы будавалі па ўсёй Беларусі зручныя сучасныя домікі. За МКАДам таксама людзі жывуць!
А то ўсіх у Мінск цягнуць, а іншыя рэгіёны стаяць пустыя.