Серыйны забойца Юрый Грыцэнка, які паляваў на жанчын у Маскве і Падмаскоўі, каля года служыць у санітарна-эвакуацыйным узводзе, паведамляе крыніца SHOT.
Грыцэнка павінен быў вызваліцца з мардоўскай ВК гэтым летам, бо адсядзеў поўны тэрмін — 22 гады. Але маньяк выйшаў раней — у верасні 2023 года ён паехаў у атрад «Шторм Z». У штурмавікі 62-гадовага забойцу не ўзялі па стане здароўя, але для санітарна-эвакуацыйнага ўзвода Грыцэнка аказаўся прыдатны.
На вайну ён папрасіўся сам, каб зарабіць грошы на першы час на волі, дзе ў яго нічога не засталося.
Грыцэнка трымаў у страху ўсю Маскву і вобласць. Першае забойства былы міліцыянт, звольнены за пʼянку з органаў, здзейсніў у 1993-м: патэльняй да смерці забіў прастытутку.
Адседзеў дзевяць гадоў і выйшаў па УДВ, пасля чаго ў пачатку 2000-х пачалася чарада жудасных нападаў на жанчын: маньяк падкрадваўся да ахвяр ззаду і біў іх малатком у скронь.
Ён казаў, што яму падабаўся глухі гук удару. Грыцэнка паспеў забіць пяць жанчын і параніць 10.
Затрымаць забойцу ў 2001 годзе дапамог кіроўца аўтобуса, які пачуў крыкі, вырваў ахвяру ад маньяка і трымаў яго да прыезду супрацоўнікаў.
Каментары