Грамадства22

Сядзіць у камеры насупраць Бабарыкі. У якіх умовах трымаюць журналіста «Радыё Свабода» Ігара Лосіка

Журналіста Свабоды Ігара Лосіка затрымалі ранкам 25 чэрвеня 2020 году ў яго дома ў Баранавічах. Пра ўмовы яго зняволення піша «Радыё Свабода».

25 чэрвеня 2020 году раніцай у баранавіцкую кватэру Ігара і Дар’і Лосікаў уламіліся дзевяць сілавікоў і двое панятых. Паказалі санкцыю пракурора аб затрыманні Ігара па крымінальнай справе паводле 342 артыкула Крымінальнага кодэкса («Арганізацыя і ўдзел у масавых беспарадках»).

Сілавікі правялі ператрус, канфіскавалі камп'ютары і тэлефоны. Ігара Лосіка з Баранавічаў на шэрым бусіку маркі «Мерсэдэс» павезлі ў Менск. Там змясцілі спачатку ў ізалятар на завулку Акрэсціна, потым перавялі ў СІЗА № 1, а ў жніўні — у жодзінскую турму.

Пазней Ігару Лосіку дадалі абвінавачанні яшчэ паводле двух артыкулаў — 293-га і 130-га. У знак пратэсту журналіст абвясціў бестэрміновую галадоўку.

Перад судом Ігара перавялі ў гомельскі СІЗА. 14 снежня 2021 года суддзя Мікалай Доля ў закрытым працэсе, які праходзіў у СІЗА, асудзіў Лосіка на 15 гадоў пазбаўлення волі.

Па інфармацыі некалькіх крыніц, блізкіх да Ігара, у чэрвені 2020 года ён адчуваў пагрозу затрымання і збіраўся выехаць з Беларусі 1 ліпеня 2020 года. Акурат у гэты дзень аднаўляліся авіязносіны Беларусі з Грузіяй, спыненыя праз эпідэмію каранавіруса. У сям’і Лосікаў ужо былі квіткі на самалёт.

«Разеткі і люстэрка»

Штрафны ізалятар (ШІЗА) і памяшканні камернага тыпу (ПКТ) у наваполацкай калоніі знаходзяцца ў асобным будынку, куды ўсім астатнім, акрамя аховы, уваход забаронены. Усяго там 14 камер. Пад ПКТ адведзена 5 з іх: адна маленькая і 4 вялікія.

Па словах былых зняволеных, у камеры № 5 пастаянна трымаюць Віктара Бабарыку, ён заўсёды сядзіць адзін. Гэтая камера невялікая, яна адзіная знаходзіцца па левым баку. Ігар Лосік, паводле гэтых жа сведчанняў, звычайна сядзіць у 4-й камеры. Камеру пад нумарам 1 (яна вялікая, на 9 чалавек) — выкарыстоўваюць для звычайных вязняў, у 2-й камеры — звычайныя зэкі і частка палітычных (паводле 411-га артыкула, якім падоўжаны тэрмін за непадпарадкаванне адміністрацыі і якіх хутка перавядуць у крытую турму).

«Розніца паміж ШІЗА і ПКТ нязначная. Усе камеры абкладзеныя белай керамінаўскай пліткай, столь таксама белая. Вонкава нібыта прыгожа, але… Я туды трапіў у жніўні, калі на вуліцы была спякота. А ў камеры летам пастаянна прахалода (15, максімум 18 градусаў). Але ў астатнія поры года холадна. Калі выходзіш на шпацыр, пасля гэтага белага колеру цяжка факусаваць зрок на іншых колерах», — дзеліцца былы вязень наваполацкай калоніі.

Паводле яго слоў, у ПКТ, у адрозненне ад ШІЗА, ёсць разеткі. Праўда, працуюць яны не ўвесь час, а толькі пару гадзін на дзень. Да прыкладу, электракіпяцільнікам можна скарыстацца з 10 да 11 раніцы, з 15 да 16 і з 18 да 19. Таксама ў ПКТ ёсць дадатковыя палічкі і люстэрка з нержавейкі. З рэчаў — толькі самае неабходнае: зубная шчотка, паста, мыла, ручнік. Прадукты з перадач, якія прывезлі родныя, у ПКТ праносіць нельга. Тэарэтычна вязням дазволена зрабіць «атаварку» ў турэмнай краме на 1 базавую велічыню ў месяц (з 1 студзеня 2024 года гэта 40 рублёў. — РС).

«Ігар расказваў, што яго прымушалі купляць за тую адзіную базавую велічыню анучы для прыбірання камеры, мыйныя сродкі. Іх у калоніі не выдаюць, на іх зняволеныя павінны «скідвацца» са сваіх грошай. Знарок даводзілі да сітуацыі, калі ў Ігара не было туалетнай паперы. Прынамсі, у студзені 2024 года. Ну, і ён сядзіць у асноўным адзін і яму часам не давалі магчымасці купіць самыя элементарныя прадметы першай неабходнасці. Гэта проста здзек», — кажа былы палітвязень наваполацкай калоніі.

Апошні ліст бацькам прыйшоў 20 лютага 2023 года

З 2017-га па сакавік 2023 года наваполацкай калоніяй кіраваў падпалкоўнік Андрэй Пальчык. Ігар Лосік у дзяцінстве жыў у адным доме з Пальчыкам — у Паўночным раёне Баранавічаў, на вуліцы Наканечнікава, 33.

Усе адвакаты Ігара Лосіка (а іх было не менш за 4) былі вымушаныя або выехаць з краіны, або развіталіся з адвакацкай ліцэнзіяй. Апошняя, пятая па ліку абаронца з Наваполацкай адвакацкай канторы сама прапанавала бацькам Ігара скасаваць дамову, калі даведалася, хто яе падабаронны і які тэрмін ён атрымаў. Цяпер адваката ў Ігара няма.

Вядома, што ў калоніі Ігар спачатку працаваў на так званай «промцы», на ўчастку па ачыстцы дроту са старых кабеляў ад ізаляцыі. Сярод вязняў такая праца лічыцца цяжкай і шкоднай. Пасля адміністрацыя пачала караць Лосіка змяшчэннем у штрафны ізалятар і памяшканне камернага тыпу. Апошні ліст ад сына бацькам прыйшоў 20 лютага 2023 года. З таго часу з ім няма ніякай сувязі.

«Цяпер у яго, здаецца, чацвёрты тэрмін у ПКТ»

Зрэдку ад былых вязняў даходзяць звесткі пра Ігара Лосіка. Паводле іх слоў, ён «бязвылазна» знаходзіцца ў памяшканні камернага тыпу. Пра гэта расказваў «Свабодзе» былы палітвязень Георгій, які сёлета ў траўні вызваліўся з Наваполацкай папраўчай калоніі № 1.

«Ігара ні разу не «падымалі ў атрад» (не змяшчалі ў агульнае з іншымі вязнямі памяшканне. — РС). Вызваляць з ПКТ — і тут жа за адмову прыбіраць туалеты зноў змяшчаюць туды. Цяпер у яго, здаецца, чацвёрты тэрмін у ПКТ. Ігар вельмі засмучаны сітуацыяй з дачкой і жонкай (Дар’ю Лосік асудзілі за інтэрв'ю пра Ігара ў 2022 годзе, яна знаходзіцца ў гомельскай жаночай калоніі, дачку Паўліну даглядаюць бацькі Дар’і. — РС). У яго цяжкі псіхалагічны стан, ён вельмі схуднеў. Кажуць, што яму даюць антыдэпрэсанты. Бачылі яго (іншыя зняволеныя. — РС) «у калідорах» у другой палове красавіка. Ведаю, што да Ігара прыязджалі кадэбісты, хтосьці ў штацкім, прымушалі запісаць прызнанне, але ён не пагадзіўся», — кажа былы палітвязень Георгій.

«Думаеш пра ежу, худнееш, высыхаеш»

Для «штрафнікоў», змешчаных у ПКТ, дазваляецца адна прагулка ў дзень. Выводзяць кожную камеру асобна хвілін на 15-20 у закрыты дворык з «небам у клетачку». Ежа ў ПКТ і ШЫЗА значна горшая, чым у атрадзе, кажуць суразмоўцы з ліку былых зняволеных.

«У атрадзе адна норма, на «бальнічцы» крыху лепшая — дыетычнае харчаванне, нават масла даюць. А ў ПКТ і ШІЗА рацыён у параўнанні з атрадам скарачаецца ўдвая. Першыя 10 дзён яшчэ трываеш, а далей цяжка…

Уявіце: першы прыём ежы — а 6-й раніцы (пустая каша і гарбата), абед у 11:30 (суп і ў асноўным капуста ці макарона і кампот), вячэра — а 16-й (вадкае пюрэ з дзвюма кількамі) — і ўсё! Ты пастаянна думаеш пра ежу і хутка худнееш, потым проста высыхаеш», — успамінае былы вязень.

У ПКТ на працу вязні не ходзяць, можна чытаць. Але бібліятэка там асобная, з абмежаваным у параўнанні з агульнай наборам кніг.

«У асноўным там толькі расійская класіка кшталту «Вайны і міра», кніг замежных аўтараў няма зусім. У лістападзе забралі ўсе падручнікі замежных моў, размоўнікі, беларускія кнігі. Лісты нібыта дазваляюць пісаць і атрымліваць. Але на маёй памяці ніхто з палітычных у ПКТ нічога не атрымліваў», — кажа былы палітвязень.

Каментары2

  • Лейцар коркавы
    25.06.2024
    Гэта ўсё робяць беларусы, з беларусамі. Аб якой люстрацыі прамовы? Нармалёвыя людзі такога не будуць рабіць, толькі псіхічна-хворыя, як іхны правадыр лукашэнка.
  • Acab
    26.06.2024
    Лейцар коркавы, гэта робяць каты зь невінаватымі. Не, трэба ўвапхнуць нацыянальны міт. Зто такія беларусы, калі "гэта робяць беларусы з беларусамі"? Здолееце даць вызначэеьне?

«Сяргей» не адзін. Вось як КДБ прапануе зарабіць на сачэнні за беларускімі эмігрантамі2

«Сяргей» не адзін. Вось як КДБ прапануе зарабіць на сачэнні за беларускімі эмігрантамі

Усе навіны →
Усе навіны

Зборная Літвы па пляжным футболе адмовілася гуляць з беларусамі19

У Гомелі за «распаўсюд экстрэмізму» судзілі загадчыка канцылярыі Гомельскай епархіі1

Гэта прыкра, але хутка зноў пахаладае4

Жанчына тры гады атрымлівала пенсію за памерлага мужа — на яе завялі крымінальную справу4

Віктар Ганчарэнка ўзначаліць расійскі «Ніжні Ноўгарад». Якім будзе яго заробак?4

Беспілотнікі нанеслі ўдар па складзе боепрыпасаў у Карачаве Бранскай вобласці Расіі2

У расійскім Тальяці 13-гадовая дзяўчынка зарэзала малалетніх сясцёр17

Палесцінскія журналісткі атрымалі прэмію ў гадавіну нападу на Ізраіль. Алексіевіч падтрымала іх58

«Нас адкінулі ў сакавік 2022 года». Z-блогеры ў шаленстве ад блакіроўкі Discord5

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Сяргей» не адзін. Вось як КДБ прапануе зарабіць на сачэнні за беларускімі эмігрантамі2

«Сяргей» не адзін. Вось як КДБ прапануе зарабіць на сачэнні за беларускімі эмігрантамі

Галоўнае
Усе навіны →