Украіна пачала мініраваць шляхі расійскіх караблёў у Чорным моры пры дапамозе дронаў. І гэта дае поспехі
Чарнаморскі флот Расіі страціў траціну караблёў у выніку прымянення Украінай ракет і інавацыйных вайсковых тэхналогій — марскіх беспілотнікаў. Але, акрамя гэтага, былі яшчэ міны, якія навучыліся ставіць гэтыя беспілотнікі, расказаў The Wall Street Journal брыгадны генерал Іван Лукашэвіч са Службы бяспекі Украіны.
Адзначаецца, што пасля першых выпадкаў выкарыстання марскіх дронаў расіяне пабудавалі вялікія загароджанні на ўваходзе ў порт у Севастопалі, што зрабіла амаль немагчымымі ўдары беспілотнікамі. Тады Служба бяспекі Украіны прыдумала альтэрнатыву: закладка марскіх мін.
Донныя міны зробленыя з пластыка і важаць каля 400 фунтаў (180 кг). Іх цяжка выявіць, паколькі яны апускаюцца ў глей на мелкаводдзі.
Паводле інфармацыі амерыканскіх журналістаў, на працягу паўтара месяца профільная каманда СБУ адсочвала маршруты марскіх караблёў і цывільнага транспарту, перш чым адправіць дрон Sea Baby для ўсталявання дзвюх мін.
Першы раз «эксперыментальная зброя» была ўжытая 14 верасня 2023 года, расказаў Іван Лукашэвіч, якога газета называе архітэктарам праграмы марскіх дронаў: адзін з іх даставіў міну на адлегласць больш чым 400 км і вярнуўся ў порт, а расійскі малы ракетны карабель «Самум», які выйшаў з Севастопальскай бухты, падарваўся на ёй, атрымаўшы прабоіну ў дно.
Карабель тады адбуксіравалі назад; у сеціва трапілі фота, на якіх відаць, што «Самум» рухаецца з нахілам на борт.
«Раней марскія дроны выкарыстоўваліся ў асноўным для разведкі і лагістыкі. Мы робім многія рэчы, якіх не рабіў яшчэ ніхто ў свеце», — гаворыць Лукашэвіч.
Паводле звестак сайта Oryx, які фіксуе дакументальна пацверджаныя страты тэхнікі ў вайне, Расія ўжо страціла 26 караблёў, з якіх 19 былі знішчаныя, а сем — пашкоджаныя
«Знішчаны склад дронаў, інструктары і курсанты». Украіна паказала здымкі расійскай базы запуску дронаў пасля ўдару
Беларусь прадставіла верталёт — «забойцу» марскіх дронаў, яго збіраюцца прадаваць Расіі
Украінцы здзіўляюць новымі тэхнічнымі рашэннямі: паставілі «Грады» на марскія дроны ВІДЭА
«Магура» — украінская зброя, якая нішчыць расійскі флот
«Пяць траплянняў выпадкова не бываюць». Украінская разведка расказала дэталі знішчэння расійскага карвета «Сяргей Котаў»
Каментары