Эканаміст аналізуе словы Лукашэнкі на нядаўняй нарадзе.
Аналітык Сяргей Чалы ў сваім вечаровым шоу «Ноч з Чалым» заўважае, што Лукашэнка даў рэкордна ранні старт выбарчай кампаніі.
Ён звяртае ўвагу на яго словы на нарадзе з Саўмінам 14 чэрвеня. Тады Лукашэнка казаў чыноўнікам, што будзе размаўляць з людзьмі без пасярэднікаў:
«Больш я вас угаворваць і прасіць не буду. Крок налева, крок направа — да сценкі паставім. Публічна вам заяўляю.
Як пытанні нейкія вырашыць — ну проста бяда: сам вызначаеш пытанні, сам ставіш заданні і сам едзеш правяраеш і потым робіш замест вас. Апошняя размова з вамі. Якая б электаральная кампанія ні была.
Я вам ужо неяк казаў часам. Я тут асабліва не паруся з нагоды таго, падтрымайце вы мяне ці не. Я дамоўлюся з беларускім народам.
Я знайду з ім агульную мову. Я тры дзясяткі гадоў знаходжу з ім агульную мову».
Пасля гэтага Лукашэнка прыняў з дакладам старшыню праўладных прафсаюзаў Юрыя Сянько.
«Мне вельмі цікава, як Лукашэнка будзе знаходзіць агульную мову з тым самым народам, які яго ў 2020 годзе паслаў і ад якога ён так доўга і паслядоўна адмяжоўваўся ў апошнія гады», — пакпіў Чалы.
«Але асабліва трывожна мне пасля гэтай фразы «я вас усіх расстраляю і буду размаўляць з народам без пасярэднікаў» не за карупцыянераў, а за Наталлю Іванаўну Качанаву, якая апошнім часам якраз і выконвала функцыю гэтага самага чэрававяшчальніка прэзідэнцкага народа».
Лозунгі Лукашэнкі пра барацьбу з карупцыяй Чалы называе папулізмам, бо іх палітык паўтарае ўжо 30 гадоў.
Для разумення эканамічнага развіцця краіны вельмі паказальныя графікі эканаміста Дзмітрыя Крука — яны фіксуюць адставанне дабрабыту Беларусі ад краін-суседзяў. І вось што мы маем у параўнанні з Літвой.
ВУП на душу насельніцтва па парыцеце пакупніцкай здольнасці ў Беларусі з 1995 па 2007 год вагаецца вакол 60-65% ад Літвы.
«Адставанне не скарачаецца, нягледзячы на тое, што гэта былі самыя тлустыя гады гэтага нафтавага афшору, — тлумачыць Чалы. — Затым наступае сусветны фінансавы крызіс 2008 года, Беларусь імкліва набліжаецца па ўзроўні дабрабыту да Літвы, і гэты трэнд сканчаецца 2011 годам».
З тых часоў графік ідзе ўніз. І цяпер дабрабыт Беларусі мацней адстае ад Літвы, чым гэта было ў пачатку кіравання Лукашэнкі.
Але папулістаў такое не засмучае, кажа Чалы. Яны заўсёды могуць сказаць: нават калі мы чагосьці не дасягнулі, то паглядзіце, колькі мы ўсяго прадухілілі.
Каментары