За паўгода міліцыянеры «накрылі» 120 флэтаў, разагнаўшы 400 падлеткаў
Гэтая статыстыка хвалюе Міністэрства адукацыі.
«Белпол» перадаў «Нашай Ніве» свежы ўнутраны дакумент Мінадукацыі, які ілюструе звычайна схаваную ад вачэй дарослых з'яву, на якую ў тым ліку кінуты сілы міліцыі, — флэты.
«У бягучым годзе супрацоўнікамі інспекцыіі па справах непаўналетніх ужо выяўлена больш за 120 п'яных вечарынак. У іх прымалі ўдзел больш за 400 дзяцей, якіх перадалі бацькам. Да адміністрацыйнай адказнасці за распіццё з падлеткамі алкаголю прыцягнуты 180 дарослых», — гаворыцца ў дакуменце.
Прыводзяцца некаторыя даныя аб тым, як за раз «накрывалі» вечарынкі з дзясяткамі вучняў школ і каледжаў, а ў некаторых выпадках знаходзілі наркотыкі.
У выніку, дзяржава перакладвае абавязак па прафілактыцы паводзін школьнікаў на ўстановы адукацыі, настаўнікаў. Ім прапануюць уплываць на дзяцей і не дапускаць такіх актыўнасцяў.
У той жа час, настаўнікі кажуць «Нашай Ніве», што, выкарыстоўваючы толькі інструмент перакананняў, немагчыма дабіцца выніку, таму што даступнасць алкаголю і наркотыкаў разам з адсутнасцю прасторы для рэальнай моладзевай актыўнасці і самарэалізацыі робяць задачу невыканальнай, а забавы моладзі — прадказальнымі.
Дзяржава манапалізавала сферу моладзевых арганізацый, вынішчыўшы прыватныя рухі, а свае ўласныя зрабіўшы нафталінавымі і непрывабнымі. Самая вялікая моладзевая арганізацыя БРСМ з тысячамі «мёртвых душ» мае асноўнай задачай рабіць выгляд масавай падтрымкі Лукашэнкі моладдзю.
Каментары