Памочнік дзяржсакратара ЗША прыехаў у Вʼетнам на наступны дзень пасля візіту Пуціна і заявіў, што адносіны дзвюх краін «ніколі не былі мацнейшымі, чым цяпер». Ханой паведаміў аб гатоўнасці ўмацоўваць партнёрства з Вашынгтонам.
Вʼетнам лічыць ЗША стратэгічным партнёрам і падтрымлівае ўмацаванне супрацоўніцтва Злучаных Штатаў з краінамі Паўднёва-Усходняй Азіі, што паспрыяе «міру, стабільнасці і развіццю ў рэгіёне і ва ўсім свеце», заявіў кіраўнік вʼетнамскага МЗС Буй Тхань Шон, піша РБК.
22 чэрвеня ён сустрэўся з памочнікам дзяржсакратара ЗША па справах Усходняй Азіі і Ціхага акіяна Дэніелам Крытэнбрынкам. Міністр паведаміў, што Ханой гатовы развіваць стратэгічнае партнёрства з Вашынгтонам «на аснове павагі незалежнасці, суверэнітэту, тэрытарыяльнай цэласнасці і палітычных інстытутаў адзін аднаго, што адпавядае інтарэсам народаў абедзвюх краін».
Крытэнбрынк, са свайго боку, сказаў, што ЗША адданыя падтрымцы «моцнага, незалежнага, самастойнага і квітнеючага Вʼетнама», паколькі «паспяховы Вʼетнам адказвае нацыянальным інтарэсам Амерыкі». Па словах памочніка дзяржсакратара, амерыкана — вʼетнамскія адносіны «ніколі не былі мацнейшымі, чым цяпер», дзве краіны супрацоўнічаюць практычна ва ўсіх галінах: ад эканомікі, гандлю і інвестыцый да бяспекі.
Памочнік дзяржсакратара быў паслом ЗША ў В'етнаме з 2017 па 2021 год. Яго візіт у В'етнам 21-22 чэрвеня прайшоў неўзабаве пасля двухдзённай паездкі ў гэтую краіну расійскага прэзідэнта Уладзіміра Пуціна 19-20 чэрвеня. Па яе выніках Масква і Ханой дамовіліся ўмацоўваць усёабдымнае стратэгічнае партнёрства і не далучацца да саюзаў з трэцімі краінамі на шкоду адзін аднаму.
Каментары