Усяго патроху1313

Дзе ў Беларусі зрабіць фоты ў лавандзе, як у Правансе? Поўны гайд па абласцях з актуальнымі цэнамі

Сезон інстаграмных фота з півонямі скончыўся. Наступны пункт — здымкі ў лавандзе (цвіценне толькі пачынаецца і працягнецца прыкладна тры тыдні). Паглядзелі, дзе ў Беларусі можна зрабіць фотасэт «як у Правансе» і колькі гэта будзе каштаваць. 

Фота з сайту freepik.com

Брэсцкая вобласць

Лавандавая ферма Lavandamiya

Лавандавая ферма Lavandamiya знаходзіцца за 30 кіламетраў ад Пінска ў аграгарадку Сошна. Стваральніца фермы, дарэчы, напісала кнігу «Шчасце сярод лаванды. Пра здзейсненыя мары, палкіх садоўнікаў і слоічкі з жаночым захапленнем».

Наведванне на працягу гадзіны для кампаніі да 4 чалавек (без уліку фатографа) каштуе 60 рублёў. Ферма pet-friendly і з сабачкамі (ці іншымі гадаванцамі) фоты ў полі зрабіць дазволяць.

Ежу для перакусу раяць браць з сабой. А таксама рэкамендуюць не душыцца салодкімі духамі перад наведваннем. Гэта можа адцягваць пчол ад лаванды — і наўрад ці спадабаецца і вам, і ім.

Запіс на наведванне магчымы ў гэтым годзе толькі да 7 ліпеня.

«Лавандавы чмель»

«Лавандавы чмель» знаходзіцца ў 7 кіламетрах ад Жабінкі. Уладальнікі абяцаюць забяспечыць любым неабходным рэквізітам для фотасесій: ад капялюшыкаў і валізак да ровараў і мальберта з палатном. Нават таз з дошкай для мыцця выдадуць, калі ў вас такая тэма фотасэту.

Наведванне «Лавандавага чмяля» каштуе 30 рублёў за паўгадзіны, 50 рублёў за гадзіну, пачынаючы з 20.00 — 35 рублёў за паўгадзіны і 60 рублёў за гадзіну.

Віцебская вобласць

Лавандавая віла «Лаванда Лепей»

«Лаванда Лепей» знаходзіцца ў вёсцы Чарэсава Лепельскага раёна. Тут расце амаль што тысяча кустоў лаванды. Плюс гэтага месца — віла стаіць на беразе прыгожага возера.

У сацсетках вілы «Лаванда Лепей» пазначана, што трапіць на фотасесію можна толькі па папярэднім запісе. Цэны такія: гадзіна прагулкі па полі для максімум 4 чалавек — 100 рублёў (за кожнага дадатковага трэба заплаціць яшчэ 30 рублёў). Рэквізіт для фотаздымкі таксама прапануюць. Ёсць магчымасць рабіць фотасесію ноччу — у гэтым выпадку кошт гадзіны павялічваецца ў два разы.

Тут можна набыць прадукцыю з лаванды, а таксама пачаставацца гарбатай з лавандай і мятай. А яшчэ пазначана, што побач з лавандавым полем знаходзіцца майстэрня мастачкі Лоры Паўлавай, якую таксама можна наведаць за данат (пажадана 30 рублёў з чалавека).

Гомельская вобласць

Лавандавая ферма «Гомельскі праванс»

Знаходзіцца «Гомельскі праванс» недалёка ад вёскі Рудня-Споніцкая. З Гомеля туды рэальна дабрацца на грамадскім транспарце. У сацсетках лавандавай фермы нядаўна з’явілася навіна, што сезон цвіцення лаванды ўжо пачаўся.

Кошт уваходу на лавандавае поле ад 10 да 25 рублёў з чалавека. Пры гэтым ёсць абмежаванне па часе: на тое, каб пагуляць-пафатаграфавацца, ёсць 2 гадзіны.

Тут таксама ёсць магчымасць пажыць у доміках сярод кветак. Але ж уладары папярэджваюць: домікі — гэта хутчэй невялікія пакойчыкі, разлічаныя на двух чалавек. Там няма электрычнасці, вада толькі тэхнічная (пітную трэба прывозіць з сабой), а выгоды на вуліцы. Затое бонусам даюць мангал. Трэба заплаціць за ўваход на тэрыторыю за кожнага чалавека плюс сама арэнда доміка каштуе 50 рублёў. Браніраваць іх трэба загадзя. Бонус такога варыянта — можна рабіць фоты тады, калі звычайным наведвальнікам уваход закрыты: на досвітку і заходзе.

Можна нават прыехаць са сваім намётам і пераначаваць у ім. У гэтым выпадку акрамя аплаты ўваходных білетаў трэба будзе даплаціць усяго 10 рублёў.

Важны нюанс: у сацсетках «Гомельскага правансу» падкрэсліваецца, што з хатнім гадаванцам уваход на лавандавае поле забаронены. 

Гродзенская вобласць

«Лаванда Гродна»

Уладары гэтай лакацыя не спяшаюцца раскрываць свае дакладныя каардынаты. У інстаграме пазначана толькі, што знаходзіцца лавандавае поле за 30 кіламетраў ад Гродна. Зроблена гэта дзеля таго, каб людзі не прыязджалі, не папярэдзіўшы пра візіт. Таму перад тым, як сабрацца туды ехаць, трэба спачатку абавязкова дамовіцца з гаспадарамі. Пра кошт трэба таксама ўдакладняць у іх.

Тут таксама можна набыць лаванду, сухацветы, сашэ, гідралаты.

Экасядзіба «Лавандавы сад»

Экасядзіба «Лавандавы сад» знаходзіцца ў вёсцы Барава Іўеўскага раёна. Тут можна не толькі нарабіць цудоўных фотаздымкаў, але і пачаставацца сырамі ці лавандавымі зефіркамі, які робяць у аграсядзібе.

Кошт фотасесіі ў лавандзе — 50 рублёў за гадзіну для кампаніі да 4 чалавек. Можна прыехаць групай да 20 чалавек на экскурсіі — гэта каштуе па 20 рублёў з чалавека (уключана фотасесія і дэгустацыя сыру з лавандавай гарбатай).

Гаспадары прапаноўваюць і пажыць некаторы час у аграсядзібе. Пакой для двух чалавек каштуе 100 рублёў у суткі.

Папярэдні запіс таксама абавязковы.

Магілёўская вобласць

«Лавандавы кут»

Гэтае поле лаванды знаходзіцца ў 25 кіламетрах ад Магілёва. Стваральніца «Лавандавага кута» ганарыцца, што змагла з адных тронкаў вырасціць 5 тысяч кустоў.

Наведванне магчыма толькі па папярэднім запісе. Кошт прагулкі па лавандавым полі — 60 рублёў за гадзіну для кампаніі з трох дарослых (кожны дадатковы плаціць 10 рублёў), дзеці да 16 гадоў бясплатна. Трэба мець на ўвазе, што на лакацыі адначасова з вамі можа знаходзіцца яшчэ адна сям’я. Умовы індывідуальнага наведвання неабходна абмяркоўваць з гаспадарамі. Перадзапіс абавязковы.

Мінская вобласць

«Лавандавы двор»

«Лавандавы двор» знаходзіцца ў Пухавіцкім раёне недалёка ад Мар'інай горкі — у вёсцы Зацітава Слабада. Наведвальнікаў тут чакаюць з 24 чэрвеня.

За фотасесію ў гэтым поле прыйдзецца заплаціць 30 рублёў за гадзіну (за другую гадзіну і наступныя — па 25 рублёў) у выходны дзень і 25 рублёў у будні.

«Блакітны сад»

На Вілейшчыне ў вёсцы Дуровічы існуе невялікае лавандавае поле пад назвай «Блакітны сад». Наведаць яго магчыма да 15 ліпеня.

Цана наведвання: 15 рублёў за гадзіну для дарослага і 10 рублёў для дзяцей да 10 гадоў. Кожнаму абяцаюць лавандавы сувенір.

Каментары13

  • лепельскі цмок
    23.06.2024
    гадзіна прагулкі па полі для максімум 4 чалавек — 100 рублёў (за кожнага дадатковага трэба заплаціць яшчэ 30 рублёў)

    ахх... наведванне Бярэзінскага запаведніка - бясплатна
  • Сонейка
    23.06.2024
    Якая ж прыгожая наша Беларусь ❤️
  • лепельскі цмок
    23.06.2024
    а мне падабаліся грэчышныя палі... а ільняныя - дык увогуле... як мора. але бачыла іх толькі ў дзяцінстве. а зараз - не. суцэльны рапс :/

«Далей будзе толькі больш». Беларус-распрацоўшчык у галіне ШІ, які працуе ў Нью-Ёрку, расказаў, што нас чакае14

«Далей будзе толькі больш». Беларус-распрацоўшчык у галіне ШІ, які працуе ў Нью-Ёрку, расказаў, што нас чакае

Усе навіны →
Усе навіны

У Віцебску загарэўся гандлёвы цэнтр. Ёсць пацярпелыя

У Бразіліі святар упаў на машыне з 20-метровай вышыні, але выжыў

Стала вядома, колькі афіцэраў у беларускае войска сёлета прызвалі з запасу1

Некаторыя беларускія банкі значна павысілі стаўкі па валютных укладах1

Квіткі на цягнік з Мінска ў Калінінград за дзень падаражэлі ў 2-3 разы

Праз тры гады змагання за свае правы першай сям’і беларусаў у Грузіі канчаткова адмовілі ў прытулку8

У Ашмянскім раёне мужчына лінуў бензінам у печку, каб лепш гарэла1

ФІФА «аддала» Крым Расіі падчас лёсавання кваліфікацыі ЧС-20261

Дачцэ Сяргея Далідовіча дазволілі выступаць на Кубку свету па біятлоне за каманду ўцекачоў з Беларусі

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Далей будзе толькі больш». Беларус-распрацоўшчык у галіне ШІ, які працуе ў Нью-Ёрку, расказаў, што нас чакае14

«Далей будзе толькі больш». Беларус-распрацоўшчык у галіне ШІ, які працуе ў Нью-Ёрку, расказаў, што нас чакае

Галоўнае
Усе навіны →