Грамадства11

Гульцы беларускага «Што? Дзе? Калі?» пакінулі клуб амаль 4 гады таму. Што за гэты час стала з гульнёй

Пасля пратэстаў 2020 года тэлеверсія беларускага «Што? Дзе? Калі?» змянілася — клуб пакінула большая частка гульцоў. Хтосьці выехаў з Беларусі, хтосьці працягнуў гуляць у маскоўскім тэлеклубе, але потым пайшоў і адтуль. Многія знатакі больш не гуляюць і ў спартыўнае ШДК. «Медыязона» пагаварыла з трыма гульцамі пра тое, што адбывалася ў кулуарах тэлеклуба падчас пратэстаў і чаму яны не змаглі застацца.

Ілюстрацыя: Майкл Скарн / Медыязона

«Не маглі і падумаць, што ўсё зацягнецца». Працяглы перапынак

«У 33 гады капітанам быць нармальна, ужо і маёра даюць да таго часу», — адказвае супрацоўнік АНТ Ігар Тур на пытанне вядучага Алеся Мухіна пра тое, чаму ён узначаліў каманду тэлеканала. Разам з Турам, вядучым праграм «Прапаганда» і «Будзе дапоўнена», у камандзе гулялі Глеб Лаўроў, Ірына Рамбальская, Таццяна Рудакоўская, Вячаслаў Бандарэнка і Аляксандр Мацяс.

Спецвыпуск з гульнёй гэтай каманды выйшаў у чэрвені 2022 года да 20-годдзя канала АНТ. Да таго моманту прайшло амаль два гады з масавага сыходу гульцоў з беларускага клуба.

Фінальная гульня летняй серыі ў 2020 годзе выйшла 19 чэрвеня. Раней гэта лічылася сярэдзінай сезону — ён доўжыцца цэлы год. Але тады гульня не вярнулася ні восенню, ні зімой. Наступным разам тэлегледачы ўбачылі знатакоў за гульнявым сталом толькі ў красавіку 2021 года. У крэслах сядзелі новыя людзі.

Адзін з гульцоў тлумачыць, што «пасля пратэстаў многія гульцы адмовіліся ўдзельнічаць» у гульнях, сярод іх быў і суразмоўца «Медыязоны». Большасць сяброў клуба лічылі, што заставацца ў ім — гэта падтрымліваць тое, што адбываецца, і легітымізаваць «хлусню, якая лілася ў вушы беларусаў».

«Сама перадача па-за палітыкай, але па канале АНТ, на якім яна выходзіла, побач паказвалі прапаганду, — гаворыць Барыс. — Пераважная большасць гульцоў палічылі гэта для сябе непрымальным і паставілі ўмову, што мы не будзем здымацца на гэтым канале».

Па словах іншага знатака, Аляксандра, гульцы папрасілі кіраўніцтва адкласці здымкі. Зрэшты, да жніўня 2020 года канал АНТ, які трансляваў перадачу, не выклікаў у гульцоў пытанняў (як і «Першы канал» — для маскоўскага тэлеклуба, дзе гулялі некаторыя суразмоўцы «Медыязоны»).

Для Аляксандра жнівень 2020 года стаў чырвонай лініяй.

«Здавалася, нешта можа змяніцца найбліжэйшым часам. Не маглі і падумаць, што ўсё зацягнецца вось ужо амаль на чатыры гады».

«Хай лепш нас паказваюць, чым нешта яшчэ». Перамовы і ўгаворы

Барыс лічыць, што перад вядучым тэлеверсіі Алесем Мухіным і стваральнікамі праграмы стаяў выбар: альбо адмовіцца ад здымак, альбо набіраць людзей, якія згодныя гуляць. Гулец гаворыць, што з 80 чалавек, якія гулялі па чэрвень 2020 года, большасць адмовілася працягнуць гульні. Аднак іх спрабавалі ўгаварыць застацца ў клубе.

У верасні 2020 года пачаліся перамовы. Спачатку «прафсаюз гульцоў» стэлефанаваўся з кіраўнікамі клуба (канал АНТ не ўдзельнічаў, хоць і з'яўляўся заказчыкам перадачы). Затым асобна размаўлялі з капітанамі, якія прадстаўлялі меркаванне каманды.

У той час адмаўляліся гуляць не ўсе; некаторыя былі гатовыя здымацца, калі пагодзіцца ўся каманда. Пазней капітаны вырашылі, што здымацца ў восеньскай серыі гульцы не будуць. Але разрываць усе сувязі з клубам супольнасць не хацела. Тады гульцы і папрасілі адкласці здымкі, запэўніўшы вядучага Мухіна ў павазе і падтрымцы.

Дар'я Салавей (гуляла пад дзявочым прозвішчам Шаўцова) расказвае, што ў той час кіраўнікі перадачы спрабавалі ўгаварыць гульцоў вярнуцца за стол. Яна мяркуе, што арганізатарам трэба было зарабляць, у іх былі абавязкі перад спонсарамі. У ход ішлі аргументы, што клуб — гэта «вялікая сям'я», а ў краіне «ўжо нічога не зменіцца, лепш не будзе і горш не будзе».

«Мы такія прыгожыя прыйдзем і цэлую гадзіну эфірнага часу забярэм на сябе. Па-за палітыкай, без прапаганды. Людзі будуць нас глядзець і не будуць слухаць навіны», — пераказвае Дар'я матывацыю тых, хто ўсё ж такі пагадзіўся на здымкі.

Яна ўпэўненая, што гэта было толькі самападманам і спробамі знайсці сабе апраўданне. Дар'я лічыць, што глядач наўрад ці ўключыў бы праграму з першай секунды. Хутчэй за ўсё, ён пераключыўся б на канал за 10-15 хвілін да пачатку, а значыць паслухаў бы навіны, якія ідуць перад ШДК. Да таго ж падчас рэкламных паўзаў яму расказвалі б, «якая ў нас выдатная, шчаслівая краіна».

Такога ж меркавання прытрымліваецца Аляксандр:

«Аргументы тых людзей, хто застаўся там, і тых, хто прыйшоў на нашы месцы: «Усё дрэнна, на канале дрэнна, але хаця б гадзіну на тыдзень мы ратуем тэлеэфір ад прапаганды». Я лічу, што гэта вельмі моцная падмена паняццяў і жаданне паказаць, што рыльца не ў пушку. Але ў цэлым гэты пункт гледжання пераважае ва ўсіх, хто працягвае выходзіць у эфір на абодвух тэлеканалах, у абедзвюх краінах».

Па словах Барыса, кіраўніцтва пры індывідуальных угаворах гульцоў карысталася такой жа логікай: трэба захаваць перадачу, якая «ні ў чым не вінаватая», і «хай лепш нас паказваюць, чым нешта яшчэ».

Тое, як угаворвалі іншых гульцоў, не было таямніцай, кажа Дар'я. Паводле яе слоў, за 10 гадоў у клубе склаўся згуртаваны калектыў: «Усе адзін аднаго ведаюць, у сем'і паўступалі, дзяцей нарадзілі». Таму, як толькі камусьці тэлефанавалі з прапановай застацца, гэта хутка разляталася сярод астатніх гульцоў.

Пры ўгаворах выкарыстоўвалі і маніпуляцыі: напрыклад, аднаму гульцу казалі, што іншы пагадзіўся вярнуцца. Але пазней у перапісцы знатакі раскрывалі падман. Некаторым ціснулі на шкадаванне, а камусьці на амбіцыйнасць: «Вы ж зорка, як жа клуб без вас? Мы табе каманду дамо, будзеш капітанам!»

Аляксандр успамінае такія фармулёўкі: «Ты разумны чалавек, мы табе абяцаем, што ніякай палітыкі не будзе. Мы табе абяцаем добрую і моцную каманду».

Былі і тыя, каго і зусім не ўгаворвалі працягваць гульню. Падчас пратэстаў адзін з гульцоў атрымаў адміністратыўку. На агульным званку з арганізатарамі ён выразна пазначыў пазіцыю: калі нічога не зменіцца, то ён удзельнічаць не будзе. Пасля гэтага ў новы склад яго не запрашалі.

Дар'я пасля таго, як пайшла з беларускага клуба, працягнула гуляць у расійскай версіі праекта ў камандзе Алеся Мухіна.

Змена пляцоўкі і ўласныя рэсурсы. Спробы знайсці альтэрнатыву

Да самой гульні ў гульцоў пытанняў не было. Яны прапаноўвалі арганізатарам змяніць пляцоўку і выпускаць праграму на ютубе, беларускай версіі тэлеканала ТНТ або на відэасэрвісах (напрыклад, Voka ад мабільнага аператара А1, які быў адным са спонсараў гульні), кажа Барыс.

Але здымаць ШДК — «дарагое задавальненне», і не ўсе пляцоўкі маглі сабе гэта дазволіць. Іншым тэлеканалам праваўладальнікі маглі не выдаць ліцэнзію. Па словах Дар'і, ад іншых гульцоў яна чула, што перамовы з Voka ў нейкі момант спыніліся, і рэдакцыя праграмы вырашыла застацца на АНТ.

Па словах Аляксандра, прынамсі адной з прычын стала тое, што на іншых сэрвісах праграма магла не набраць неабходнай для спонсараў колькасці праглядаў. Акрамя таго, АНТ дапамагаў у арганізацыі здымак. Без гэтай падтрымкі стваральнікам перадачы прыйшлося б пераадолець шмат складанасцяў, якія не ўваходзілі ў іх планы.

Ілюстрацыя: Майкл Скарн / Медыязона

Гульцы, якія пакінулі клуб, разумелі, што на вытворчасць праграмы — арэнда абсталявання, студыі, аператараў і іншага, — трэба было вялікае фінансаванне. Частка з іх была гатовая «па меры сіл скінуцца грашыма»:

«Там дастаткова людзей, якія нядрэнна зараблялі. У кожнага нейкая пасільная сума. Многія, незалежна адзін ад аднаго, прапанавалі варыянт, што мы скінемся, мы дапаможам, мы падтрымаем, — расказвае Дар'я. — Толькі каб наш праект жыў, каб наша супольнасць была вось тым самым, якое мы 10 гадоў стваралі. І гульня заставалася той жа нашай цудоўнай, любімай гульнёй па-за палітыкай».

«Іншыя потым тлумачылі, што марылі дакрануцца да вялікага праекту». Новыя каманды

Працягваць гульні толькі з тымі гульцамі, якія засталіся ў клубе, было немагчыма, таму што іх было занадта мала. Тады кіраўніцтва абвясціла адбор сярод удзельнікаў беларускага інтэлектуальнага руху, кажа Дар'я. Многія адгукнуліся.

«Хтосьці маленькі яшчэ быў, вельмі шмат моладзі набіралі. Яны проста не разумелі, што адбываецца. Іншыя потым тлумачылі, што ўсё жыццё марылі дакрануцца да вялікага праекту, створанаму Варашылавым. Яны былі гатовыя дзеля гэтага ахвяраваць сумленнем і нават рэпутацыяй. Да маленькіх дзяўчынак і хлопчыкаў асабліва прэтэнзій не было ні ў каго. Да людзей старэйшых стаўленне ўсёй супольнасці было, мякка кажучы, негатыўным», — тлумачыць яна.

У новым складзе беларускі тэлеклуб вярнуўся да гульняў вясной 2021 года. Дар'я кажа, што адкрывала некаторыя на ютубе: каб паглядзець, «хто прысутнічае ў зале і каго набралі».

«Ёсць сайт і там можна паглядзець, хто гуляе, хто гэтыя людзі, дзе вучыліся, чым займаюцца. Мне было цікава глянуць, паглядзець у твары, каб ведаць, каму руку не падаваць», — тлумачыць яна.

Дар'я звярнула ўвагу, што ў новых гульнях, прынамсі ў прагледжаных ёю, пытанні сталі прасцейшымі. Яна лічыць, што ў новым клубе гуляюць нявопытныя гульцы.

«Камеры, святло, ты ў цэнтры ўвагі, з табой размаўляюць, ад цябе чагосьці хочуць. Ты сядзіш у касцюме, у сукенцы, прыгожа нафарбаваны, яшчэ і думаць трэба, яшчэ і хутка. Гэта запісваецца, потым яшчэ па канале будзе паказвацца. Да гэтага стрэсу трэба ўмець быць гатовым. Я не магу сказаць, што дурных людзей панабіралі. Але людзі пачаткоўцы, якія не спраўляліся з тым, што на іх усклалі, і давялося карэктаваць узровень пытанняў, якія ім далі».

На думку Барыса, прадукт з новымі гульцамі «трошкі страціў» у якасці. Аляксандр яшчэ ў 2021 годзе прагартаў некалькі гульняў, каб паглядзець, хто застаўся. Пасля гэтага новыя выпускі ён ні разу не ўключаў.

Абяцалі, што не будзе палітыкі. Спецвыпускі з супрацоўнікамі АНТ

«Калі спачатку абяцалі, што ніякай палітыкі не будзе, то потым гэтае абяцанне сышло на нішто, таму што кіпцік загруз», — кажа Аляксандр пра эфір, калі за гульнявым сталом апынулася каманда супрацоўнікаў тэлеканала АНТ. Першы раз каманда канала згуляла 25 чэрвеня 2022-га, другі — 12 чэрвеня 2024-га.

Аляксандр не ведае, хто запрасіў каманду Тура на гульню, але дапускае, што гэта была прапанова, ад якой арганізатарам нельга было адмовіцца. Па ягоных словах, яшчэ да гэтага ў гульні былі «трывожныя званочкі», калі ў адну з камандаў прыйшоў гулец, які працуе ў дзяржаўнай сістэме. На гэтым фоне «былі нейкія срачы і абмеркаванні», кажа Аляксандр.

З новымі гульцамі тэлеверсіі адмаўляліся гуляць і ў спартыўнае ШДК па-за тэлебачаннем. Ён успамінае, як аднаму з гульцоў старога складу, які застаўся ў тэлеклубе, абяцалі, што на перадачы не будзе «ніякай палітыкі». Іншых гульцоў той, які застаўся, запэўніваў, што «будзе першым, хто ўстане і пойдзе, калі гэта здарыцца».

«Натуральна, ніхто не ўстаў, не пайшоў, бо ў той момант ужо сэнсу ніякага не было. Ты ўжо запэцкаўся ў гэтым настолькі, што сэнсу сыходзіць не было ў той момант ніякага».

«Не тое, што мы ад яго гэтых тлумачэнняў патрабавалі. Мабыць, адчуваў патрэбу паразумецца, таму што адчуваў негатыў, які на яго зваліўся ў сувязі з яго рашэннем, — працягвае Дар'я. — Ён заяўляў, што як толькі ў эфіры або ў зале перадачы з'явіцца хоць хто-небудзь з прапагандыстаў, нагі яго больш у гэтай зале здымачнай не будзе. І ён пойдзе назаўжды, храснуўшы дзвярыма. Ну, нешта не пайшоў».

Другі спецыяльны выпуск з камандай АНТ выйшаў 12 чэрвеня і быў прысвечаны 80-годдзю вызвалення Беларусі з-пад нямецкай акупацыі. Узначаліў каманду на той момант кіраўнік АНТ, а цяпер міністр інфармацыі Марат Маркаў. Сярод гледачоў у студыі прысутнічала былая прэс-сакратарка МУС, а цяпер начальніца Галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Мінгарвыканкама Вольга Чамаданава.

На ютуб-канале і на сайце АНТ выпуск не апублікавалі. На старонцы перадачы ў інстаграме некаторыя гледачы напісалі, што праграма ім не спадабалася.

«Кашмар, так адкрыта падсуджваць, падказваць, залічваць няправільныя адказы, ганьба якая», — напісаў адзін з іх. Іншай глядачцы не спадабалася, што вядучы не бачыў розніцы паміж «дапамогай» і «залічваннем няслушных адказаў».

Расійскі клуб і спартыўная ліга

«Што называецца, абвінавачвай іншых, але і не забывайся пра сябе. У кожнага ёсць свой крытэр дапушчальнасці — дзе, у які момант ты лічыш сябе запэцканым настолькі, што пара ад гэтага адхрысціцца. У маскоўскім клубе было некалькі момантаў, калі я задумалася пра тое, ці не варта мне пайсці», — гаворыць Дар'я.

Для Дар'і ўдзел у маскоўскім клубе быў «вялікай марай».

«Я сябе супакойвала тым, што расійская прапаганда чысціць мазгі расіянам, а не нам. Мне да гэтага справы няма. Мне ёсць справа да Беларусі. Магчыма, гэта закопванне галавы ў пясок. Я гэта прызнаю. Але ў той момант, калі я ўзважвала, прымала рашэнне, заставацца альбо сыходзіць, я вырашыла, што застаюся», — кажа Дар'я.

З Беларусі яна паехала пасля двух затрыманняў мужа. Кіраўніцтва маскоўскага клуба было ў курсе і прасіла, што «калі нешта будзе, то мы ні пры чым, нас ніяк не згадвай».

Апошні раз Дар'я гуляла ў Маскве ў снежні 2021 года. Прамых рэйсаў з Адэсы, куды яна пераехала разам з мужам, не было, таму на здымкі даводзілася ляцець праз Турцыю. Да гэтага часу яшчэ некалькі гульцоў жылі за мяжой.

Неўзабаве каманду, у якой гуляла Дар'я, расфармавалі. Яна звязвае гэта з тым, што маскоўскі клуб, гульні якога выходзілі ў жывым эфіры, «закалупаўся важдацца з гульцамі за мяжой праз непрадказальную дарогу». Расійскай частцы каманды, у якой гуляла Дар'я, прапанавалі перайсці ў новыя каманды, ёй самой такія прапановы не паступалі.

Важнай часткай «Што? Дзе? Калі?» з'яўляецца яго спартыўная версія. Дар'я ўспамінае, што ў найлепшыя гады на чэмпіянаце Мінска збіраліся каля 100 камандаў, якія дзяліліся на дзве лігі — гульцоў трэба былі размяжоўваць па рэйтынгу і ўсе яны не змяшчаліся ў адну залу. Частка з іх пасля пратэстаў у 2020 годзе пераехала і цяпер гуляе ў чэмпіянаце Польшчы.

Суразмоўцы «Медыязоны» з'ехалі з Беларусі і толькі ад сяброў чулі, што «агульны ўзровень гульні ўпаў», а некаторыя гульцы і зусім перасталі гуляць.

«Узровень моцна ўпаў, узровень турніраў у Еўропе і ў Цэнтральнай Азіі моцна вырас. У Беларусі таксама ўпаў. Але ён ужо быў не такі проста высокі, каб гэта моцна стала прыкметна», — кажа Аляксандр.

«Думаю, што гульня ўжо ніколі не будзе той, якой была раней»

Дар'я шкадуе, што засталася без клуба, але не шкадуе, што пайшла. Спартыўнае ШДК падарыла ёй сяброў і прыяцеляў, з якімі дзяўчына мае зносіны да гэтага часу.

«Я шкадую, што са мной больш няма гэтага. Дзе яшчэ вы возьмеце 70 дарослых, якія пойдуць з працы на здымкі, кінуць на два дні свае сем'і, паедуць у прадзіманы ўсімі вятрамі Дом афіцэраў ва Уруччы, будуць есці хот-догі, у кароткія перапынкі на машыне матацца ў бліжэйшы Макдональдс, каб хоць нешта з'есці, — гаворыць Дар'я пра здымкі тэлеклуба. — Гэтыя ўсе ў пінжаках, сукенках і макіяжы — вельмі прыгожа глядзелася. Не столькі дзеля таго, каб пасвяціцца тварам, а дзеля таго, каб проста правесці адзін з адным час і пагуляць у адказы на пытанні. Трошкі вар'яцтва ў гэтым прысутнічае. Але гэта вельмі міла. Такі піянерлагер на мінімалках. Гэтая частка майго жыцця мне была вельмі дарагая».

Аляксандр лічыць ШДК нарожным каменем для сваёй асобы і цяпер для яго дзіўна, што гульні ў ягоным жыцці больш няма.

«І не проста таму, што я перастаў гуляць. У цэлым гэты свет змяніўся настолькі, што ён не мог не змяніць «Што? Дзе? Калі?» І рашэнне Мухіна працягнуць здымкі, і рашэнне ў Маскве працягнуць здымкі — яны назаўжды змянілі гульню. І нават калі скончыцца вайна, зменіцца рэжым у абедзвюх краінах, я думаю, што гульня ўжо ніколі не будзе той, якая была раней і, хутчэй за ўсё, у нейкі момант перастане існаваць», — упэўнены былы гулец.

Каментары1

  • прафсаюз дармаедаў
    22.06.2024
    прафсаюз гульцоў ? )

Замах на Дональда Трампа: у яго стралялі ў час выступу ў Пенсільваніі25

Замах на Дональда Трампа: у яго стралялі ў час выступу ў Пенсільваніі

Усе навіны →
Усе навіны

Папулярны польскі трэвэл-блогер расказаў пра сваю паездку ў Беларусь і даў парады18

У мінскай краме знайшлі прадукт, які каштуе 12 тысяч рублёў за кілаграм. Ён запакаваны ў бокс супраць крадзяжу

Буйныя донары-дэмакраты збіраюцца замарозіць 90 мільёнаў даляраў унёскаў на кампанію Байдэна1

«Пачуй мяне. Ты — мудак». Прапагандыст Казакоў у жывым эфіры даў майстар-клас завочнай палемікі16

У Салігорскім раёне знайшлі вусеня вельмі рэдкага матылька. Чаму мы так рэдка яго бачым?3

Што адбываецца на мяжы з Польшчай перад выходнымі

«Замоў вельмі шмат». Польскі рэстаран арганізаваў дастаўку піцы проста ў чаргу на мяжы з Беларуссю1

Полк Каліноўскага абверг паведамленне Мінабароны Беларусі аб гібелі Яна Рудзіка3

У Іспаніі даказалі гіпотэзу 54-гадовай даўніны вядомага матэматыка родам з Кобрына

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Замах на Дональда Трампа: у яго стралялі ў час выступу ў Пенсільваніі25

Замах на Дональда Трампа: у яго стралялі ў час выступу ў Пенсільваніі

Галоўнае
Усе навіны →