На чорным рынку з'явіўся падроблены Ozempic — вельмі небяспечны для здароўя
Рэгулярныя ланцужкі паставак падробак папулярнага прэпарату для пахудзення выяўленыя ў Вялікабрытаніі, ЗША і Бразіліі.
Сусветная арганізацыя аховы здароўя выпусціла папярэджанне аб фальсіфікаваных прэпаратах, якія ўтрымліваюць семаглутыд. Яны выкарыстоўваюцца для лячэння дыябету 2 тыпу і атлусцення.
Глабальная сістэма нагляду і маніторынгу СААЗ (GSMS) пачала фіксаваць рост колькасці паведамленняў аб фальсіфікаваных прадуктах семаглутыду ва ўсіх рэгіёнах свету пачынаючы з 2022 года. Але толькі цяпер было выпушчана першае афіцыйнае папярэджанне.
Яно тычыцца трох фальсіфікаваных партый прэпарату гандлёвай маркі Ozempic, якія былі выяўленыя ў Бразіліі, ЗША і Вялікабрытаніі ў канцы мінулага года. У апошнюю краіну яны трапілі ад нелегальных пастаўшчыкоў з Аўстрыі і Германіі.
СААЗ рэкамендуе атрымліваць прэпарат толькі праз аўтарытэтныя крыніцы, а не праз незразумелыя сайты ў інтэрнэце ці сацыяльныя сеткі.
Спецыялісты арганізацыі папярэджваюць, што ў некаторых падробках замест семаглутыду могуць утрымлівацца зусім іншыя лекі, напрыклад, інсулін, што можа прывесці на непрадказальных наступстваў.
Каментары