Актывісты склалі петыцыю ў польскі банк Santander з просьбай не дыскрымінаваць беларусаў
Група беларускіх актывістаў з Гданьска склала петыцыю ў польскі банк Santander і Камісію фінансавага нагляду з просьбай не дыскрымінаваць беларусаў. На момант падрыхтоўкі матэрыялу яе падпісала 140 чалавек, піша Most.
Беларусы вырашылі скласці петыцыю пасля таго, як банк запатрабаваў ад беларускіх кліентаў да 26 чэрвеня прадставіць ДНЖ у Польшчы, іншай краіне ЕС, Еўрапейскай эканамічнай зоны ці Швейцарыі. Калі такога дакумента няма або яго тэрмін заканчваецца менш як праз год, кліенту абяцаюць закрыць доступ да інтэрнэт– і мабільнага банкінгу.
На думку беларускіх актывістаў, такія дзеянні парушаюць Канстытуцыю Польшчы. Яны спасылаюцца на пункт 2 артыкула 32, які абвяшчае, што ніхто не можа падвяргацца дыскрымінацыі ў палітычным, сацыяльным або эканамічным жыцці па якой-небудзь прычыне.
«Блакіроўка зʼяўляецца відавочнай дыскрымінацыяй па прынцыпе грамадзянства», — гаворыцца ў петыцыі.
Аўтары петыцыі падкрэсліваюць, што беларусы зʼяўляюцца часткай польскай эканомікі: выплачваюць падаткі і робяць сацыяльныя адлічэнні. Але блакіроўка перашкаджае гэтаму.
«[З абмежаваннямі] мы не можам свабодна плаціць арэндную плату, падаткі і рабіць адлічэнні на сацыяльнае страхаванне, ажыццяўляць якія-небудзь пераводы і іншыя плацежныя аперацыі», — сцвярджаюць аўтары петыцыі. Яны таксама гавораць аб магчымай блакіроўцы рахункаў беларусаў, у выпадку якой беларускія кліенты банка страцяць сродкі да існавання.
Каментары