Ад біялогіі раслін да фізікі звышправаднікоў — Кітай стаў лідарам у розных галінах навукі, піша The Economist. Гэта мяняе стары навуковы сусветны парадак, у якім дамінавалі Амерыка, Еўропа і Японія.
У 2019 годзе часопіс The Economist прааналізаваў сітуацыю з навуковымі даследаваннямі ў свеце і задаўся пытаннем, ці можа Кітай аднойчы стаць навуковай звышдзяржавай. Сёння на гэтае пытанне можна даць адназначны адказ — «так».
Адзін са спосабаў ацаніць якасць навуковых даследаванняў у той ці іншай краіне — гэта падлік колькасці артыкулаў, якія найчасцей цытуюць іншыя навукоўцы ў сваіх уласных, пазнейшых працах. Паводле даных навукова-аналітычнай кампаніі Clarivate, у 2003 годзе ў ЗША выйшла ў 20 разоў больш высокацытаваных работ, чым у Кітаі, але ў апошнім выпуску даных, у якім разгледжаны артыкулы за 2022 год, Кітай абагнаў як ЗША, так і ўвесь Еўрапейскі саюз.
Вядома, метрыкамі, заснаванымі на цытаваннях, можна кіраваць. Навукоўцы могуць знайсці і знаходзяць спосабы павялічыць колькасць згадак пра іх працу ў іншых даследаваннях. Але Кітай лідзіруе і па іншых паказчыках, якія менш паддаюцца фальсіфікацыям. Так, напрыклад, ён узначальвае рэйтынг Nature Index, які ўлічвае ўнёсак краіны ў напісанне артыкулаў, што публікуюцца ў прэстыжных часопісах. Група экспертаў-рэцэнзентаў ацэньвае якасць, навізну і патэнцыйную значнасць даследавання. Да 2023 года Кітай заняў у гэтым рэйтынгу першае месца.
Акрамя гэтага, шэсць-сем кітайскіх ВНУ трапляюць у розныя рэйтынгі як тыя, што ўваходзяць у дзясятку найлепшых у свеце. Гэта Шанхайскі ўніверсітэт транспарту, Чжэцзянскі і Пекінскі ўніверсітэты, а таксама Цінхуа, які некаторыя лічаць навукова-тэхнічным універсітэтам нумар адзін у свеце.
Кітай лідзіруе ў свеце ў галіне фізікі, хіміі, раслінаводства, навук аб зямлі і навакольным асяроддзі. Аднак Амерыка і Еўропа па-ранейшаму займаюць першыя пазіцыі ў агульнай біялогіі, а таксама ў медыцынскіх навуках.
Прыкладныя даследаванні — моцны бок Кітая.
У краіне пераважаюць публікацыі, прысвечаныя, напрыклад, пераўскітавым сонечным панэлям, эфектыўным пры ператварэнні сонечнага святла ў электрычнасць. Кітайскія хімікі распрацавалі новы спосаб здабывання вадароду з марской вады, і летась у маі было абвешчана, што навукоўцы ў супрацоўніцтве з дзяржаўнай энергетычнай кампаніяй Кітая распрацавалі эксперыментальную плывучую вадародную ферму ля паўднёва-ўсходняга ўзбярэжжа краіны.
Акрамя таго, сёння ў Кітаі выдаецца больш патэнтаў, чым у любой іншай краіне (хоць многія з іх датычаць паступовых змяненняў у дызайне, а не сапраўды арыгінальных вынаходак). Новыя распрацоўкі, як правіла, распаўсюджваюцца і ўкараняюцца ў Кітаі павольней, чым на Захадзе. Але яго магутная прамысловая база ў спалучэнні з таннай энергіяй дазваляюць хутка разгарнуць буйнамаштабную вытворчасць інавацыйных фізічных матэрыялаў. Менавіта ў гэтым Кітай сапраўды мае перавагу перад заходнімі краінамі.
Як узмацнілі навуку
Перабудову кітайскай навукі ажыццявілі дзякуючы засяроджванню ўвагі на трох галінах: грошах, абсталяванні і людзях.
Выдаткі краіны на даследаванні і распрацоўкі з 2000 года выраслі ў 16 разоў.
У 2006 годзе Камуністычная партыя Кітая апублікавала сваё бачанне таго, як павінна развівацца навука цягам наступных 15 гадоў. З таго часу планы развіцця навукі былі ўключаны ў пяцігадовыя планы развіцця. Цяперашні план, апублікаваны ў 2021-м, накіраваны на актывізацыю даследаванняў у галіне квантавых тэхналогій, штучнага інтэлекту, паўправаднікоў, нейранавук, генетыкі і біятэхналогіі, рэгенератыўнай медыцыны і даследаванні «памежных абласцей», такіх як далёкі космас, акіянскія глыбіні і полюсы Зямлі.
Адна з частак плана развіцця — гэта стварэнне ўніверсітэтаў сусветнага ўзроўню і выплата вялікіх прэмій навукоўцам (асабліва за публікацыі ў міжнародных часопісах). Акрамя гэтага, улады заахвочваюць кітайскіх даследчыкаў, якія атрымалі прэстыжную адукацыю на Захадзе, вяртацца назад і працаваць на карысць сваёй краіны: даныя Арганізацыі эканамічнага супрацоўніцтва і развіцця (OECD) сведчаць пра тое, што з канца 2000-х гадоў у краіну вярталася больш навукоўцаў, чым з'язджала.
Многіх даследчыкаў, якія вяртаюцца (іх часта называюць «марскімі чарапахамі», абыгрываючы кітайскі амонім haigui, які азначае «вяртацца з-за мяжы»), прыцягваюць дадому стымулы. Адна з такіх праграм, запушчаная ў 2010 годзе, «Тысяча маладых талентаў», прапаноўвала даследчыкам да 40 гадоў аднаразовыя бонусы ў памеры да 500 000 юаняў (што эквівалентна прыкладна $150 тысяч) і гранты да 3 мільёнаў юаняў ($900 тысяч) на стварэнне лабараторый на радзіме. І гэта спрацавала. Даследаванне, апублікаванае летась у часопісе Science, паказала, што за некалькі гадоў даследчыкі, якія вярнуліся, сталі вядучымі навукоўцамі і напісалі ў 2,5 раза больш навуковых прац, чым тыя, якія засталіся ў Амерыцы.
Тут трэба дадаць, што ёсць і іншыя фактары, якія падштурхоўваюць кітайцаў да вяртання на радзіму — сярод іх тое, што ў апошнія гады кітайскія навукоўцы, якія працуюць за мяжой, зазнаюць падазрэнне ў шпіянажы ці проста дыскрымінацыю.
Кітай таксама патраціўся і на навуковыя распрацоўкі. Яшчэ пяць гадоў таму ў краіны ўжо быў зайздросны набор сучаснага абсталявання, у тым ліку суперкамп’ютары і найбуйнейшы ў свеце радыётэлескоп. З таго часу спіс толькі павялічыўся. Зараз у краіне ёсць самы адчувальны ў свеце дэтэктар касмічных прамянёў звышвысокіх энергій і самае моцнае ў свеце стацыянарнае магнітнае поле.
У цяперашні час на долю Кітая прыпадае каля 40% сусветных навуковых прац па штучным інтэлекце, у параўнанні з прыкладна 10% у Амерыцы і 15% у ЕС і Вялікабрытаніі. Адну з самых цытуемых у гэтай галіне навуковых прац за ўвесь час, якая дэманструе, як глыбокія нейронныя сеткі можна навучыць распазнаванню малюнкаў, напісалі даследчыкі штучнага інтэлекту, якія працуюць у Кітаі, хоць і для амерыканскай кампаніі Microsoft.
Рост якасці і колькасці кітайскай навукі, падобна, наўрад ці спыніцца ў хуткім часе. А да 2025 года чакаецца, што кітайскія ўніверсітэты будуць выпускаць амаль у два разы больш выпускнікоў дактарантуры ў галіне навукі і тэхнікі, чым амерыканскія.
Ёсць, канечне, і праблемы: нягледзячы на тое, што Кітай выпускае больш высакакласных работ, ён па-ранейшаму вырабляе велізарную колькасць навуковых прац нізкай якасці. Наогул, што датычыць фундаментальных даследаванняў, заснаваных на цікаўнасці (а не прыкладных), Кітай па-ранейшаму гуляе ў даганялкі — у гэтай вобласці ў краіне публікуецца значна менш артыкулаў. Фундаментальныя даследаванні асабліва бедныя ў кітайскіх кампаніях, што стварае разрыў паміж навукоўцамі, якія робяць адкрыцці, і галінамі, якія ў канчатковым выніку могуць іх выкарыстоўваць.
Кітай і Захад
Уздым кітайскай навукі — гэта палка з двума канцамі для заходніх урадаў. Навуковая сістэма Кітая непарыўна звязана з яго дзяржавай і ўзброенымі сіламі: у многіх кітайскіх універсітэтах ёсць лабараторыі, якія непасрэдна працуюць у сферы абароны, а некаторых з іх нават абвінавачвалі ў шпіянажы або кібератаках.
Пры гэтым, нягледзячы на асцярогі, супрацоўніцтва з Кітаем — звыклая рэч для заходніх даследчыкаў. Прыкладна ў траціны работ амерыканскіх аўтараў па тэлекамунікацыях удзельнічаюць кітайскія калегі. У галіне візуалізацыі, дыстанцыйнага зандзіравання, прыкладной хіміі і інжынернай геалогіі гэтыя паказчыкі складаюць ад 25% да 30%. У Еўропе гэтыя паказчыкі ніжэйшыя — каля 10%, але ўсё роўна значныя. Партнёрскія адносіны выгадныя для абодвух бакоў.
Супрацоўніцтва з Кітаем абмяжоўваецца ў Еўропе і Амерыцы палітычным ціскам. Так, напрыклад, у Еўропе, за выключэннем экалагічных і кліматычных праектаў, кітайскім універсітэтам фактычна закрылі доступ да фінансавання ў рамках праграмы Horizon — буйной еўрапейскай даследчай ініцыятывы.
Сам Кітай таксама пачынае разварочвацца ўнутр сваёй краіны. У яго з'явіліся мэты стаць самастойным у многіх галінах навукі і тэхнікі і адмовіцца ад міжнародных публікацый як спосабу ацэнкі вынікаў даследаванняў.
Адна кітайская даследчыца раслін, якая пажадала застацца невядомай, распавяла, што ёй давялося прасіць у сваіх уладаў дазвол на ўдзел у замежных канферэнцыях. «Гэта супярэчліва: з аднаго боку, яны ўсталёўваюць абмежаванні, каб у навукоўцаў не было такіх свабод, як магчымасць выязджаць за мяжу для падтрымання зносінаў са сваімі калегамі. Але з іншага боку, яны не хочуць, каб Кітай адстаў».
Пераважная большасць навукоўцаў Кітая і Захаду прытрымліваюцца думкі, што супрацоўніцтва павінна працягвацца або, што яшчэ лепш, пашырацца. Пры гэтым заходнія навукоўцы рэдка прыязджаюць у Кітай, каб працаваць і вучыцца, што пазбаўляе іх магчымасці вучыцца ў кітайскіх калегаў так, як гэта робяць кітайскія навукоўцы на Захадзе.
«У 2019 годзе мы задаліся пытаннем, ці могуць навуковыя даследаванні квітнець ва ўмовах аўтарытарнай сістэмы. Магчыма, з часам іх межы стануць відавочныя. Але пакуль, прынамсі для дакладных навук, адказ такі: яны могуць квітнець», — кажа аўстралійскі прафесар Сайман Маргінсан, які даследуе вышэйшую адукацыю.
Усе ядзерныя дзяржавы летась павялічылі свае арсеналы. Пазітыў ёсць, але мала
Кітай пасадзіў касмічны апарат на адваротным баку Месяца
Кітай не будзе ўдзельнічаць у «саміце міру» па Украіне
Тайвань, яго крэмніевы шчыт, сакрэты і першая лэдзі з Беларусі. Вялікі рэпартаж Арцёма Гарбацэвіча пра востраў, які паставіў свет у залежнасць ад сябе
Каментары
Возникает вопрос, если Китай такой передовой, особенно в естественных науках, где китайские (не КНРские) чипы 3нм? Может быть Китай, чьё население больше населения США и ЕС вместе взятых, запускает телескопы сродни Джеймсу Веббу? Может быть их вакцины лучше? Лекарства? Самолёты? Вспоминается уже не актуальная история, как до конца 2010х Китай был не в состоянии произвести даже шарики, для шариковых ручек, а мы тут разговариваем о "научной сверхдержаве".