Патлумачылі гэта наступным: Беларусь — дэмакратычная краіна.
Беларусу адмовілі ў палітычным прытулку ў Чарнагорыі. Пра гэта паведаміў журналіст Любамір Філіпавіч, піша тэлеграм-канал «Падгорыца News».
Яму стала вядома пра адмову ў даванні прытулку беларускаму актывісту Васілю [прозвішча не называецца — НН] у Чарнагорыі, паколькі «Беларусь — дэмакратычная краіна».
У Чарнагорыі пражывае каля 1000 беларусаў. З мінулага года грамадзяне Беларусі не маюць права працягваць дакументы праз пасольствы за мяжой, дзеля гэтага патрабуецца вярнуцца дамоў.
Беларусы некалькі разоў звярталіся да ўрада Чарнагорыі і праводзілі мітынгі, але не атрымалі ніякага адказу, які б дапамог урэгуляваць іх статус.
Ужо згаданаму Васілю адмовілі ў прытулку, спаслаўшыся на тое, што Беларусь «дазваляе ўсім уцекачам з Украіны доступ на беларускую тэрыторыю і дае ім абарону». Таксама ў адмове пералічваецца, колькі міжнародных канвенцый падпісала Беларусь, колькі яна вырабляе і куды экспартуе, хаця і «ў пэўнай ступені ёсць парушэнні правоў чалавека».
«Гэта не адзінкавы выпадак. У мінулым годзе я бачыў аналагічную адмову расійскаму ЛГБТ-актывісту з аналагічнымі матывамі», — дадаў Філіпавіч.
Каментары