Трагедыя ў сям’і беларускіх уцекачоў у Польшчы: загінуў 2-гадовы сын
Летась сям'я Хілютаў праз палітычныя рэпрэсіі была вымушана з'ехаць з Беларусі ў Польшчу. Цяпер у іх здарылася трагедыя: падчас водпуску 2-гадовага Захара ўдарыла токам.
Сям'я, у якой было трое дзяцей (2, 11 і 17 гадоў), пераехала ў Варшаву, атрымала міжнародную ахову. Здавалася, жыццё наладжваецца.
Напрыканцы мая сям’я адправілася ў доўгачаканы адпачынак у наваколлі Гданьска. У першы дзень лета здарылася страшнае: двухгадовага Захара ўдарыла токам проста ў нумары гатэля.
Ратавальнікі хутка даставілі дзіця на верталёце ў бальніцу Гданьска. Два дні дактары змагаліся за жыццё хлопчыка, але, на жаль, выратаваць яго не атрымалася — 3 чэрвеня Захар памёр.
Сям’я адкрыла збор на транспарціроўку цела сына ў Варшаву, арганізацыю яго пахавання і псіхалагічную падтрымку старэйшым дзецям.
— Мы яшчэ не паспелі «ўстаць на ногі», знаходзячыся ў вымушанай эміграцыі толькі паўгода, у нас няма сталай працы, а ў сувязі з гэтай трагедыяй на нас звалілася шмат непрадбачаных выдаткаў. Мы вельмі просім аказаць нам фінансавую падтрымку, каб нам не прыйшлося ў адзіночку пераадольваць гэты вялізны боль, — напісаў тата загінулага хлопчыка.
Каментары