Прадстаўніца па нацыянальным адраджэнні Аб'яднанага пераходнага кабінета Аліна Коўшык атрымала ад міністра навукі і вышэйшай адукацыі Польшчы Дарыюша Вячоркі адказ на свой ліст з запытам аб падтрымцы беларускіх студэнтаў.
У лісце міністр адзначае, што акурат цяпер у Польшчы распрацавалі прапанову па ўнясенні зменаў у закон «Аб сістэме адукацыі». Яго палажэнні ў тым ліку тычацца легалізацыі дакументаў і даведак, атрыманых у Беларусі, пацвярджэнне якіх стварае цяпер вялікую праблему.
Цяпер працэдура прыняцця новага закона, па словах міністра, знаходзіцца на завяршальнай стадыі.
Акрамя таго, Міністэрства навукі і вышэйшай адукацыі ўжо цяпер накіравала рэктарам рэкамендацыі, каб ВНУ не ставілі залічэнне грамадзян Беларусі ў залежнасць ад наяўнасці ў іх засведчаных дакументаў, і праінфармавала іх пра змены ў правілах, якія рыхтуюцца.
Акрамя таго, плануецца павялічыць памер стыпендый па праграме Каліноўскага, прызначанай для рэпрэсаваных студэнтаў з Беларусі. Паводле слоў Аліны Коўшык, яны будуць складаць 1800 злотых (каля 450 даляраў).
Каментары