У Жлобіне ўзялі шлюб 87-гадовы жаніх і 76-гадовая нявеста. Прычым пазнаёміліся яны ў тыктоку
З радаснай падзеяй мужа і жонку павіншавалі 6 дзяцей, 15 унукаў і 13 праўнукаў.
У Галіны Фёдараўны з Новай Кармы клопатаў безліч. Вялікі дом і агарод 15 сотак, ферма на 50 качак, трое парасят, два каты і сабака — працаваць па гаспадарцы прыходзіцца з раніцы да ночы, паведамляе Галоўнае ўпраўленне юстыцыі Гомельскага аблвыканкама.
Адпачываць душой дапамагае хобі — здымкі відэаролікаў. Дзякуючы яму жанчына асвоіла тыкток і знайшла мужа-іншаземца.
— Барыс быў маім падпісчыкам: каментаваў відэа, ставіў лайкі, — падзялілася Галіна Фёдараўна. — Праз паўтара года заляцанняў заявіў: «Больш так не магу, прыеду!» Я не ўспрыняла сур'ёзна — ён бачыў мяне толькі на фота, ды і ад Літвы да нас няблізкая адлегласць.
Замежны жаніх стрымаў слова і аднойчы ў красавіцкі дзень прыбыў у Беларусь на аўтамабілі:
Тэлефануе мне і кажа: «Я ў Жлобіне, сустракай!» Адраса нават не ведаў. Сустрэла, прыняла, так і застаўся са мной.
Навіна пра жаніха абляцела акругу. Сваякі паставіліся пазітыўна, хутка знайшлі агульную мову:
У яго рускія карані. У вёсцы асвоіўся лёгка, пачаў дапамагаць па гаспадарцы. Мужчынскай рукі мне бракавала! Зараз атрымлівае дазвол на жыхарства — будзем жыць у Беларусі!
Са шлюбам пару павіншавала вялікая сям'я. Расчулілі да слёз. Галіна Фёдараўна сціпла прызналася, што абсалютна шчаслівая.
Каментары