Кіно33

На кінафестывалі ў Нью-Ёрку паказалі мастацкі фільм пра Кацярыну Андрэеву. Дзелімся ўражаннямі ад прагляду

7 чэрвеня прайшла прэм’ера стужкі «Пад шэрым небам» ад беларускай рэжысёркі Мары Тамковіч. Фільм, які паказалі на кінафестывалі Tribeca ў Нью-Ёрку, натхнёны лёсам зняволенай журналісткі «Белсата» Кацярыны Андрэевай і яе мужа Ігара Ільяша. «Наша Ніва» паглядзела гэтую кранальную стужку.

Ілля Ігараў (Валянцін Навапольскі) і Алена Антонава (Аляксандра Вайцяховіч).

«Пад шэрым небам» — не першая спроба Мары Тамковіч экранізаваць гісторыю Кацярыны Андрэевай. У 2022-м беларуска прадставіла кароткаметражку Na żywo, больш прысвечаную таму, як пачынаўся шлях у няволі Кацярыны і яе напарніцы Дар’і Чульцовай — а пачынаўся ён са стрыму пратэстаў на мінскай плошчы Перамен, пасля якога і затрымалі журналістак.

Цяпер гэтую гісторыю расказалі ў поўным метры. Такі фармат дазволіў змясціць у 81 хвіліне не толькі гісторыю са стрымам, але і раскрыць больш поўна асобы Лены Антонавай і Іллі Ігарава, сужэнцаў, якія і сталі ўвасабленнямі Кацярыны Андрэевай і Ігара Ільяша. Na żywo сабраў багата ўзнагародаў на кінафестывалях, і выглядае, што новая стужка не будзе адставаць ад папярэдняй, бо ўжо яе прэм'ера ладзіцца на буйным нью-ёркскім фестывалі Tribeca з Робертам дэ Ніра сярод заснавальнікаў.

Усё пачынаецца ў мінскім таксі, дзе Алена Антонава і яе аператарка Вольга Кальцова (кіношнае ўвасабленне Дар’і Чульцовай) едуць здымаць пратэсты на Плошчы перамен. Дзеля бяспекі журналісткі працуюць з жылой кватэры, і ў нейкі момант міма іх пралятае дрон сілавікоў. Алена разумее, што іх маглі заўважыць, але вырашае застацца ў кватэры, каб не спыняць стрым — вядома, усё сканчаецца ўварваннем сілавікоў.

Алена Антонава (Аляксандра Вайцяховіч).

Далей для Алены і Вольгі пачынаюцца месяцы за кратамі, а для іх блізкіх — бясконцы ціхі подзвіг падтрымкі: пошукі адвакатаў, зборы і нашэнне перадач, візіты ў суд і калонію. І тут раскрываецца асоба Іллі, мужа Алены. У Валянціна Навапольскага, тэатральнага акцёра з Літвы, атрымаўся на першы погляд вельмі безэмацыйны персанаж: ён добра трымаецца ў судзе і спакойна гутарыць з сілавікамі, якія праз яго спрабуюць ціснуць на жонку. 

Але гэты спакой, канешне, толькі знешні. Ілля дазваляе сабе плакаць толькі ў адказ на новы тэрмін жонкі, а ў астатні час чапляецца за рэшткі сілы ўнутры сябе, каб рабіць тое, што павінен, і не пакідаць каханую — ён тлумачыць гэта жонцы праз жаданне застацца з ёй «на адной планеце», не згубіць душэўную сувязь. Гэтая ахвота не пакідаць жонку, наколькі гэта магчыма, не эміграваць, нягледзячы на небяспеку і досвед затрымання, не пазбаўляць яе падтрымкі ў любой магчымай форме — адна з ідэй, якую даследуе ў сваёй працы Тамковіч. А разам з тым і захапляецца сваімі героямі, пачуцці якіх аказаліся мацнейшыя за краты, адлегласць і страх, з якім часта звязанае жыццё ў Беларусі.

Алену Антонаву (беларуская актрыса Аляксандра Вайцяховіч) мы бачым на экране радзей, чым яе мужа — пасля затрымання яна з’яўляецца збольшага ў кадрах мінулага жыцця пары, таго, як усё было да стрыму. Разам яны спрабуюць зрабіць выбар, вядомы шматлікім беларусам, — з’язджаць ці не. Для Іллі жаданне працаваць у Беларусі да апошняга — глупства, Алена лічыць ад’езд праявай баязлівасці.

«Пад шэрым небам» праводзіць нас па шляху Кацярыны Андрэевай да яе другога тэрміну «за здраду дзяржаве». Асобная частка гісторыі — намаганні рэжыму атрымаць ад журналісткі прашэнне аб памілаванні ці прымусова-пакаяльнае відэа, і ў фільме таксама не прайшлі міма гэтага. На спатканні Ілля і Алена абмяркоўваюць такую магчымасць, і гэты кароткі дыялог, здаецца, змяшчае адну з галоўных ідэй у фільме. 

Каханыя гутараць пра тое, што можна супрацьпаставіць рэжыму — хіба што сваё пакутніцтва. А таксама разважаюць пра чорнае, белае і тое, ці можна шукаць у іх сітуацыі розныя адценні або ж гэтыя адценні існуюць заўсёды.

Ілля Ігараў (Валянцін Навапольскі).

Словы «пад шэрым небам», што сталі назвай фільма, узятыя з песні Змітра Вайцюшкевіча «Я нарадзіўся тут». Гэты трэк гучыць і ў самой стужцы — яму падпявае Ілля Ігараў, і там жа гучаць далейшыя радкі з песні — «я буду жыць тут».

«Пад шэрым небам» складана глядзець як ігравы фільм, бо ведаеш, наколькі паказанае ў ім рэальна: сапраўдныя кадры пратэстаў на Плошчы перамен і збіцця Рамана Бандарэнкі, суды, званкі з-за кратаў і пераглядкі праз шкло на спатканнях. Ды і гісторыя гэтая развіваецца ў наш час, бо Кацярына Андрэева ўсё яшчэ за кратамі, а Ігар Ільяш чакае яе, як і раней.

Мара Тамковіч прызнавалася, што для яе гэты фільм пра надзею, пра тое, дзе можна яе шукаць у нашы няпростыя часы. Выглядае, што крыніцай такой надзеі можам быць мы самі, беларусы, і далікатная сіла, што прарастае ўнутры нас у часы выпрабаванняў. Тая ціхая, але нязломная сіла, якая перамагае страх і не дае кідаць адно аднаго і сваю справу, і якая ўрэшце рэшт проста не можа не перамагчы зло.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары3

  • Чытач
    12.06.2024
    Можна было б усё ж такі даць героям стужкі беларускія прозвішчы. Каб падкрэсліць, што яны беларусы.
  • Агамс
    12.06.2024
    А самае паскуднае ва усёй гэтай "дзьвіжусе" 2020-га года - што ў рускамірных пакутах ніколі няма сэнсу. 
  • fyl
    13.06.2024
    Андреева = Антонова . што не так ?

Немец, прысуджаны да расстрэлу, датычны да дыверсій? Вось што за гісторыя гэта магла быць6

Немец, прысуджаны да расстрэлу, датычны да дыверсій? Вось што за гісторыя гэта магла быць

Усе навіны →
Усе навіны

Як змяніць беларускія нумары на літоўскія. Што трэба і колькі каштуе працэдура?15

Ірына Фарыён памерла ў бальніцы15

Стары паплечнік Лукашэнкі параўнаў яго з аяталой Хамейні. Параўнанне так сабе2

На Менцы раскапалі ўжо тры рады гакавых драўляных канструкцый ФОТА3

16-гадовая беларуска ўпала з шостага паверха ў Варшаве

Ірына Абельская стала заслужанай доктаркай17

Полк Каліноўскага афіцыйна пацвердзіў замену свайго камандзіра і заявіў пра рэфармаванне20

Польшча распачала паляванне на кампаніі, якія абыходзяць санкцыі супраць Беларусі і Расіі1

Лукашэнка загадаў адпраўляць на ліквідацыю наступстваў урагану палітзняволеных18

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Немец, прысуджаны да расстрэлу, датычны да дыверсій? Вось што за гісторыя гэта магла быць6

Немец, прысуджаны да расстрэлу, датычны да дыверсій? Вось што за гісторыя гэта магла быць

Галоўнае
Усе навіны →