Грамадства44

Алкаголь, мікракрэдыты, Стамбул. Польскія спецслужбы накапалі новае пра ўцеклага суддзю Шміта

Контрвыведка і пракуратура Польшчы падазраюць, што суддзя Томаш Шміт, які вясной уцёк у Беларусь, супрацоўнічаў з беларускай выведкай як мінімум год, піша «Белсат» са спасылкаю на «Gazeta Wyborcza».

Журналісты «Выборчай» паразмаўлялі з інфарматарам, які ведае дэталі расследавання польскіх пракуратуры і контрвыведкі пра дзейнасць Томаша Шміта, і з людзьмі, якія кантактавалі са Шмітам у апошні час.

Уцеклага суддзю падазраюць у працы на беларускую выведку ад яго з’яўлення на прэс-канферэнцыі ў Беларусі 6 траўня. Паводле крыніцы выдання, Шміт прыехаў у Беларусь праз пераход «Тарэспаль — Берасце» яшчэ 28 красавіка — у першы дзень свайго загадзя запланаванага адпачынку. Як усе, доўга стаяў у заторы перад мяжой, перайшоў за 24 гадзіны. Ды гісторыя сувязяў Шміта з Беларуссю пачынаецца задоўга да таго дня.

Ён ужо бываў у Беларусі — і загадкава лятаў у Турэччыну

Высновы контрвыведкі і пракуратуры паказваюць, што Шміт, імаверна, усталяваў кантакт з беларускімі службамі як мінімум за год да выезду з Польшчы. У службах пацвердзілі, што суддзя першы раз паехаў у Менск год таму, знаходзіўся ў Беларусі з 7 па 10 чэрвеня 2023 года.

А ў снежні 2023 года, незадоўга да Калядаў, Шміт паляцеў на два дні ў Стамбул. Другая вандроўка выклікае падазрэнні, бо турэцкую сталіцу называюць «горадам шпіёнаў», асабліва пасля пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне. Да таго ж, Шміт выбраў не курортны горад і наўрад ці збіраўся на экскурсію ў Стамбул, куды тураператары прадаюць паездкі звычайна на 5—6 дзён. За два дні ў Турэччыне Шміт мог сустрэцца з сувязным беларускай выведкі.

Раней партал Onet.pl заяўляў, што Агенцтва ўнутранай бяспекі некалькі месяцаў ведала пра сувязі Шміта з Беларуссю і збіралася арыштаваць за шпіянаж. Але крыніца «Выборчай» заяўляе, што з’яўленне Шміта ў Беларусі стала нечаканасцю для польскіх спецслужбаў, аб гэтым заяўлялі і польскія ўлады. Паводле крыніцы выдання, да 6 траўня Шміта не падазравалі ў супрацы з беларускімі спецслужбамі. Усё ж Польшча не таталітарная краіна, усіх паездак грамадзян не адсочваюць.

Ён быў у цяжкім фінансавым становішчы — мо і сам шукаў супрацы з замежнай выведкай

Цяпер расследавальнікі лічаць, што вербаванню Шміта магло спрыяць ягонае «драматычнае» фінансавае становішча. Ён меў добрыя заробкі як суддзя, але меў і высокія выдаткі: здымаў у Варшаве кватэру за 4 тысячы злотых на месяц (гэта амаль тысяча долараў) і плаціў высокія аліменты на трох дзяцей ад мінулага шлюбу; не меў маёмасці, але меў пазыкі, у тым ліку мікракрэдыты («chwilówki»). Магчыма, ён сам шукаў кантактаў з беларускім бокам.

Высновы службаў таксама паказваюць, што Шміт злоўжываў алкаголем і відавочцы назіралі яго ў прыгнечаным настроі. Гэта звязвалі з ранейшай «хэйтарскай аферай» (пол. afera hejterska), у якой удзельнічалі Шміт і ягоная былая жонка. Спачатку яны збіралі і распаўсюджвалі кампрамат на суддзяў, якія выступалі супраць судовай рэформы, але затым Шміт перайшоў на іншы бок і стаў пацвярджаць высновы медыя пра скандал, нават выступіў на паседжанні парламенцкага камітэту юстыцыі, праз што ад яго адвярнуліся былыя калегі.

Томаш Шміт на шоу да Дня памежніка на «Лініі Сталіна», Беларусь. 25 траўня 2024 года. Фота: Tomasz Szmydt / Telegram

Крыніца «Выборчай» адрынае версію пра тое, што Шміт уцёк ад магчымага затрымання ў межах расследавання «хэйтарскай аферы»: ён меў судовую недатыкальнасць, якую перад затрыманнем яшчэ трэба было б зняць, што немагчыма зрабіць таемна ад падазраванага.

Пакуль польскія расследавальнікі не знайшлі пацверджанняў таго, што Шміт збіраў і перадаваў беларускім службам інфармацыю, атрыманую ў сувязі з выкананнем ім абавязкаў суддзі. Агенцтва ўнутранай бяспекі правяло ператрус у ягоным кабінеце ў варшаўскім судзе, канфіскавала камп’ютар і носьбіты інфармацыі. Таксама аглядалі ягоную кватэру.

Адметная дэталь: кватэра выглядала так, нібы Шміт збіраўся вярнуцца. Ён пакінуў вопратку, касметыку, нататнікі, камп’ютар і носьбіты інфармацыі. Чаму ён вырашыў не вяртацца і стаць часткай беларускай прапагандысцкай машыны — дагэтуль пытанне.

Можа, Шміт проста не вытрымаў напружання і ўцёк, чым мог здзівіць нават беларускі бок, разважае «Выборча». Раней арганізацыя былых беларускіх сілавікоў BYPOL выказвала такую здагадку: у нейкі момант Шміт спалохаўся выкрыцця і вырашыў уцячы, без узгаднення са сваімі куратарамі ён прыехаў у Менск, чым вельмі іх раззлаваў.

Ён не здаваўся пуціністам ці лукашыстам

Польскія спецслужбы таксама аналізуюць выступы Шміта ў беларускай і расейскай прапагандзе і ягоныя пасты ў сацсетках. Прыйшлі да высновы, што Шміт не вядзе сацсеткі сам: некаторыя пасты відавочна кепска перакладзеныя на польскую мову. А да публічных выступаў інтэнсіўна рыхтуецца пад кантролем беларускай выведкі.

Знаёмыя Шміта расказалі «Выборчай», што суддзю цікавілі краіны на ўсходзе ад Польшчы, расейская мова і культура, «русская душа». Ён выказваў, хай і крытычна, захапленне Уладзімірам Пуціным і Аляксандрам Лукашэнкам, бо тыя «дасягаюць сваіх мэтаў». Ды следства апытала два дзясяткі сведак, не пачула ад іх прыкметаў менавіта прарасейскіх настрояў Шміта. Наадварот, ён здаваўся чалавекам, які падтрымлівае Украіну.

Адной з першых апытаных у следстве была грамадзянка Украіны Алена К., якая да нядаўняга часу была спадарожніцай Шміта. Спачатку польскія медыя выказвалі здагадкі, што жанчына магла і завербаваць суддзю. Але яна засталася ў Польшчы, не хавалася. Яна пацвердзіла, што была ў адносінах са Шмітам, суддзя некаторы час жыў у яе. Кажа, рассталіся, бо «перасталі падыходзіць адзін аднаму», але захавалі добрыя адносіны.

Алена сцвярджае, што Шміт быў таямнічы, мала расказваў пра сябе, таму яна нават не ведала, навошта і да каго ён ездзіў у Беларусь. Разам з тым, яшчэ да расстання Шміт паехаў з Аленай у ейную родную вёску ва Украіне, пара збірала там бульбу.

Каментары4

  • Acab
    12.06.2024
    меў і высокія выдаткі: здымаў у Варшаве кватэру за 4 тысячы злотых на месяц (гэта амаль тысяча долараў)...

    Як спыніцца рагатаць? Што за піянэры з краёў, дзе па квітках выдаюць 500 грамаў хлеба на дзень і пушачку цукру рыхтавалі справаздачу пра спадара Шміта? Гэты Крэз раскідаўся грашыма на Смарагдавыя Палацы ў Трантары, сталіцы Галяктычнае Імпэрыі
    Братка чытач, вось бы хаця ў чыіх зрэнках пабачыць адлюстраваньне кватэры ў Варшаве амаль за тысячу даляраў!
  • Acab
    12.06.2024
    Ў Менску кватэра 800 даляраў, вось і здрапаў, каб мець штомесяц 200 даляраў на дробныя выдаткі
  • Acab
    12.06.2024
    Момант, плохо переводится советизм "разведданные"? Разделяю вашу боль

Немец, прысуджаны да расстрэлу, датычны да дыверсій? Вось што за гісторыя гэта магла быць6

Немец, прысуджаны да расстрэлу, датычны да дыверсій? Вось што за гісторыя гэта магла быць

Усе навіны →
Усе навіны

Як змяніць беларускія нумары на літоўскія. Што трэба і колькі каштуе працэдура?15

Ірына Фарыён памерла ў бальніцы15

Стары паплечнік Лукашэнкі параўнаў яго з аяталой Хамейні. Параўнанне так сабе2

На Менцы раскапалі ўжо тры рады гакавых драўляных канструкцый ФОТА3

16-гадовая беларуска ўпала з шостага паверха ў Варшаве

Ірына Абельская стала заслужанай доктаркай17

Полк Каліноўскага афіцыйна пацвердзіў замену свайго камандзіра і заявіў пра рэфармаванне20

Польшча распачала паляванне на кампаніі, якія абыходзяць санкцыі супраць Беларусі і Расіі1

Лукашэнка загадаў адпраўляць на ліквідацыю наступстваў урагану палітзняволеных18

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Немец, прысуджаны да расстрэлу, датычны да дыверсій? Вось што за гісторыя гэта магла быць6

Немец, прысуджаны да расстрэлу, датычны да дыверсій? Вось што за гісторыя гэта магла быць

Галоўнае
Усе навіны →