Грамадства26

Духоўнік Лукашэнкі, які жыве напоўніцу. Што вядома пра дом, кватэры і машыны айца Фёдара Поўнага

Протаіерэй Фёдар Поўны — асоба вядомая не толькі сярод праваслаўных. Таксама мае асабістыя сувязі з Лукашэнкам, падтрымлівае яго, а той аказвае заступніцтва БПЦ. «Люстэрка» разам з камандай «Белпола» праверыла, якой нерухомасцю валодала сям'я святара і на якіх аўто ездзіла (звесткі на сярэдзіну 2021 года).

Фёдар Поўны. Скрыншот відэа «адзінага ўрока» на YouTube

Ураджэнцу вёскі Сялец Гомельскай вобласці Фёдару Поўнаму 20 чэрвеня споўніцца 65 гадоў. Сёння ён протаіерэй (старшы святар) ва Усіхсвяцкай царкве ў Мінску, які ў царкву прыйшоў не адразу. Спачатку адвучыўся на дызайнера ў сталічным Тэатральна-мастацкім інстытуце (сёння гэта Акадэмія мастацтваў) і адслужыў у войску. Потым паступіў у Маскоўскую духоўную акадэмію, скончыў яе ў 1986 г. і быў пасвечаны ў сан святара.

Пазней Фёдар Поўны быў асабістым сакратаром мінскага мітрапаліта Філарэта ў аддзеле замежных царкоўных сувязяў РПЦ. А праз некалькі месяцаў службы 27-гадовага Поўнага накіравалі ў Германію, дзе быў праваслаўны прыход. Туды ён паехаў са сваёй жонкай Аленай, дачкой святара Іаана Харашэвіча. У 1987 годзе ў Лейпцыгу ў мужа і жонкі нарадзілася дачка. Праз восем гадоў сям'я вярнулася ў Беларусь.

Храм-помнік у гонар Усіх Святых на вуліцы Каліноўскага ў Мінску. Фота: hramvs.by

— Вядома, я мог застацца ў Германіі, дзе ў мяне былі двухпавярховая кватэра ў цэнтры Лейпцыга, званне ганаровага грамадзяніна, наладжаны побыт, спакойная праца і ўсё для шчасця ў мяшчанскім яго разуменні, — распавядаў Фёдар Поўны.

Зрэшты, пасля вяртання ў Беларусь Поўны жыў відавочна не горш, чым у Германіі, бо ён узначаліў аддзел замежных сувязяў БПЦ і заняўся бізнэс-праектамі. Пры падтрымцы гуманітарнай дапамогі з-за мяжы быў пабудаваны Дом міласэрнасці, які на справе з'яўляецца прыватным медыцынскім цэнтрам з рынкавымі коштамі. Там таксама з'явіўся невялікі гатэль «Мітрапаліцкая гасцёўня». Дом міласэрнасці адносіцца да мінскага прыхода ў гонар Усіх Святых, якім кіруе Фёдар Поўны.

Фёдар Поўны і Аляксандр Лукашэнка. Фота: president.gov.by

Фёдар Поўны ўваходзіць у кола блізкіх людзей Аляксандра Лукашэнкі. Яго нават называюць духоўнікам палітыка. Калі пачалася вайна ва Украіне, протаіерэй стаў на бок Расіі і апраўдаў развязванне поўнамаштабнай вайны супраць Украіны.

Так, у інтэрв'ю газеце «Звязда» ён казаў, што трэба дзякаваць Расіі і Аляксандру Лукашэнку за абарону ад куль. Таксама ён стаў вельмі публічным чалавекам — часта выступае ў СМІ па розных пытаннях, вядзе перадачу «Нядзельнае казанне» на АНТ.

Аляксандр Лукашэнка і яго атачэнне аказвае БПЦ заступніцтва. Напрыклад, помнікі культуры, якія належаць праваслаўнай царкве, рэстаўруюцца за бюджэтныя сродкі (а да прац нават прыцягваюць членаў БРСМ). Дзяржава дапускае БПЦ у сферу адукацыі — так, царкве дазваляецца прыцягваць да сваіх мерапрыемстваў школьнікаў, яна таксама распрацавала падручнік для новага факультатыва «Асновы духоўна-маральнага выхавання і патрыятызму».

Ёсць і больш матэрыяльныя льготы — БПЦ вызвалена ад выплаты падатку на нерухомасць і зямельнага падатку, ёсць прэферэнцыі па ПДВ у рамках рэлігійнай дзейнасці (правядзенне абрадаў, рэалізацыя літаратуры і гэтак далей). Будаўніцтва і развіццё праваслаўных храмаў нярэдка фінансуецца беларускімі бізнэсоўцамі, якіх называюць набліжанымі да ўлады.

Чым займаліся члены сям'і айца Фёдара

Жонка — 61-гадовая Алена Харашэвіч, яна журналіст, раней працавала рэдактарам на Беларускім тэлебачанні, таксама жанчына — член Саюза пісьменнікаў Беларусі і лаўрэат прэміі «За духоўнае адраджэнне». Паводле звестак «Белпола», жонка айца Фёдара была заснавальнікам кампаніі «Хрызма», якая займалася рознічным і аптовым гандлем гадзіннікамі і ювелірнымі ўпрыгожваннямі. Паводле звестак Адзінага дзяржаўнага рэестра, салон існаваў шэсць гадоў, у 2021 годзе ён быў ліквідаваны.

Алена Харашэвіч. Фота: sb.by

Адзінай дачцэ мужа і жонкі, Алене Поўнай, цяпер 36 гадоў. Пасля заканчэння школы яна адвучылася ў Мінскім лінгвістычным універсітэце. Працавала ў прадстаўніцтве аўстрыйскай кампаніі Vamed Engineering GmbH & CO KG у Беларусі, гэтая фірма займаецца абсталяваннем для медыцынскіх устаноў. Па звестках на сярэдзіну 2021 года, Алена не была замужам, дзяцей у яе не было.

На траіх — тры кватэры і дом Фёдар Поўны атрымаў участак пад катэдж у Драздах, ён размешчаны на вуліцы Рачной, пад нумарам 8. Цяпер там ужо пабудаваны двухпавярховы каменны дом з падвалам і тэрасай.

Будынак быў зарэгістраваны ў 2009 годзе, там прапісаны сам айцец Фёдар, а таксама яго жонка Алена Харашэвіч. Агульная плошча дома — 226,6 м2, жылыя памяшканні займаюць крыху больш за 160 «квадратаў».

Дом на Рачной. Фота: БелаПАН

У інтэрв'ю Tut.by у 2019 годзе айцец Фёдар адзначаў, што на момант атрымання ўчастка на будаўніцтва дома ён не браў «ні капейкі ні з прыходу, ні ў доўг ад кагосьці». «Наша Ніва» раней пісала, што протаіерэй казаў, што на ўзвядзенне дома «браў крэдыт і выплачваў яго, сам будаваў, сам даглядаў сад». «Не так ужо і бясплатна ён быў мне дадзены», — казаў Поўны пра свой дом.

На фасадзе ёсць ікона. Фота: БелаПАН

Дарэчы, у верасні 2020 года невядомы чалавек залез на тэрыторыю прыдамавой тэрыторыі айца Фёдара і падпаліў сцены і дах летняга гасцявога доміка. Прычыненая шкода склала не менш за 3000 рублёў. Была заведзеная крымінальная справа, дзе Фёдар Поўны праходзіў пацярпелым. Аднак таго, хто здзейсніў гэты ўчынак, так і не знайшлі, расследаванне справы было прыпынена.

У сям'і Поўнага таксама было некалькі кватэр у доме № 8 па вуліцы Старажоўскай, ён размешчаны проста на беразе Свіслачы. Побач знаходзіцца знакаміты «Дом Чыжа», у пешай даступнасці Траецкае прадмесце.

Realt.by

Так, на Поўнага ў доме на вуліцы Старажоўскай зарэгістраваная аднапакаёвая кватэра плошчай 35,3 м2. Жыллё перайшло да яго па дамове дарэння ў 2012 годзе. Побач з гэтай аднапакаёвай знаходзіцца чатырохпакаёвая кватэра, уласніцай якой з'яўляецца дачка. Жыллё займае агульную плошчу 77,5 м2, жылая плошча складае 50,2 м2.

Трэцяя кватэра ў доме № 8 на Старажоўскай знаходзілася ў агульнай долевай уласнасці Алены Харашэвіч, жонкі айца Фёдара, а таксама яе маці — Харашэвіч Марыі 1940 года нараджэння (жанчына была там прапісаная). Гэта жыллё складаецца з трох пакояў, яго агульная плошча — 64,3 м2.

Колькі каштуе маёмасць сям'і Поўнага, сказаць цяжка. Але цяпер у доме № 8 на Старажоўскай прадаецца некалькі розных кватэр, і ўяўленне аб кошце можна прыкінуць, арыентуючыся на іх кошт. Так, самая танная кватэра ў гэтым доме — двушка агульнай плошчай крыху больш за 50 м2, яе прадаюць за 365 439 рублёў, або 114 900 даляраў. Самая дарагая кватэра — шасціпакаёвая агульнай плошчай 211,1 м2, кошт складае 1 304 005 рублёў, або 410 000 даляраў.

За жонкай протаіерэя яшчэ лічыўся гараж з падвалам, плошча — амаль 40 «квадратаў». Ён размешчаны ў гаражна-будаўнічым кааператыве «Сокал цэнтр», на вуліцы Нававіленскай, 42.

А што з аўтамабілямі?

У 2019 годзе Поўны ў тым жа інтэрв'ю TUT.BY паведамляў, што ў яго быў Volvo.

— Я ніколі нават на ржавым Mercedes не ездзіў, таму я разумею, што, калі сяду на Mercedes, нават на стары, усе скажуць: «паглядзіце, ён на Mercedes» — і нават не згадаюць, што ржавы, — казаў святар.

Lexus RX350 2015 года выпуску. Фота: av.by

Аднак потым сітуацыя змянілася, высветлілася, што ў 2021 годзе бацюшка ездзіў на Lexus RX350 2015 года выпуску.

Журналісты не ведаюць тэхнічных характарыстык аўто, якім валодаў святар, але калі ўлічваць толькі год выпуску, то такую мадэль цяпер прадаюць за 108 256 рублёў, або 33 900 даляраў. Ёсць варыянт танней — за 78,1 тысячы рублёў, або 24 450 даляраў.

У яго жонкі быў Volvo XC60 2016 года выпуску. Сёння кошт мадэлі з такім годам нараджэння пачынаецца ад 71,7 тысячы рублёў (22 449 даляраў) да 86,1 тысячы рублёў (26 950 даляраў).

Дачка Алена Поўная каталася на Mercedes-Benz GLA 250 2015 года выпуску, гэта аўто было набыта за 1 800 000 рублёў.

Mercedes-Benz GLA 250. Фота: carlist.my

Часам сям'я айца Фёдара грэбуе ПДР, часцей за ўсё пры кіраванні аўто яны парушалі ўсталяваную хуткасць руху. Але калі за святаром і яго дачкой лічыліся чатыры і восем правапарушэнняў па лініі ДАІ адпаведна, то за жонкай Аленай — 27.

Карэспандэнтка «Люстэрка» як прыхаджанка праваслаўнай царквы патэлефанавала айцу Фёдару і спытала ў яго, «ці не грэшна мець столькі кватэр і дарагіх машын у той час, калі ў краіне столькі бедных людзей і ім патрэбна дапамога». Таксама яна ўдакладніла, як браць прыклад са святара і яго блізкіх, калі яны раз-пораз парушаюць ПДР.

— Што парушаю? Не ведаю, першы раз чую, што я нешта парушаў. А пра якія машыны вы кажаце? — удакладніў айцец Фёдар.

Журналістка пералічыла мадэлі аўто, пра якія напісана вышэй, протаіерэй сказанага здзівіўся.

— У мяне машын ніякіх няма. Я такой машыны (Lexus RX350.) не ведаю, у мяне такой няма. Выбачайце, калі ласка, — адказаў святар і паклаў слухаўку.

Каментары26

  • Карма догнала
    08.06.2024
    Нагрёб недвижимости, а внуков нет - передать некому.
  • правапарушэнняў па лініі ДАІ адпаведна, то за жонкай Аленай — 27
    08.06.2024
    а так можна было?
  • даведка
    08.06.2024
    Ну хоть кто-то в этой стране не сам насосал, а ему Бог послал... Александр Григорьевич не обижает духовника.

Байдэн не збіраецца здымацца з выбараў і абяцае перамогу нягледзячы на сумневы ў яго здароўі3

Байдэн не збіраецца здымацца з выбараў і абяцае перамогу нягледзячы на сумневы ў яго здароўі

Усе навіны →
Усе навіны

Хлопец у Кобрынскім раёне скокнуў з тарзанкі — і не вынырнуў

ПА АБСЕ прызнала дзеянні РФ генацыдам украінскага народа4

На наступным тыдні надворʼе зменіцца. Чаго чакаць?

Гайдукевіч паабяцаў зрабіць у доме Павука ў Акцябрскім грамадскую прыёмную сваёй партыі16

Чым сёння займаюцца некалі вядомыя героі ЖЖ? Спойлер: многія так і не закінулі блогерства5

Германія ў 1/4 фіналу. Але для немцаў усё толькі пачынаецца2

Пуцін спрабуе перадаць хусітам балістычныя і крылатыя ракеты — амерыканская выведка3

Пакуль Еўра-2024 ідзе без нас, беларусы згулялі ў тарфяны футбол. Але і тут прайгралі2

Ізраіль памяняў правілы бязвізавага ўезду ў краіну3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Байдэн не збіраецца здымацца з выбараў і абяцае перамогу нягледзячы на сумневы ў яго здароўі3

Байдэн не збіраецца здымацца з выбараў і абяцае перамогу нягледзячы на сумневы ў яго здароўі

Галоўнае
Усе навіны →