Грамадства22

Рэжысёр Андрэй Гнёт: У сербскай турме самае жахлівае — гэта медычная дапамога. Яе там амаль не існуе

Беларускага рэжысёра Андрэя Гнёта, які быў затрыманы ў Сербіі на запыт уладаў Беларусі, перавялі з цэнтральнай турмы Бялграду пад хатні арышт. Але рашэнне сербскага суду аб яго экстрадыцыі ў Беларусь можа з’явіцца хоць заўтра. Пра гэта, а таксама пра жудасную сербскую турму і шанцы на ратаванне ад рэжыму Лукашэнкі Андрэй Гнёт распавёў «Белсату».

Фота: andrewgnyot / Instagram

«Пабачыў, што маю рэальны параліч нагі»

«Я размаўляю з Офісам Ціханоўскай, камандай Латушкі, дыпламатамі, юрыстамі, да мяне прыходзіць паліцыя — цырк на дроце», — апісвае свае справы пасля пераводу на хатні арышт Андрэй Гнёт.

Ён пацвярджае інфармацыю аб тым, што за кратамі ў яго пачаліся сур’езныя праблемы са здароўем.

«У сербскай турме самае жахлівае — гэта медычная дапамога, бо яе там амаль не існуе. Ігнаруюцца абсалютна любыя запыты з боку зняволеных. Напрыклад, каб атрымаць лекі супраць мігрэні, я зрабіў дзесяць пісьмовых запытаў за 24 дні. Каб мне проста выпісалі рэцэпт — кавалачак паперы, які я б змог перадаць адвакатам. Перадаць лекі можна толькі адзін раз на тыдзень з 10 да 11 гадзінаў раніцы», — кажа Андрэй Гнёт.

Пісьмова прасіць лекі ён пачаў 1 траўня, а атрымаў іх толькі 5 чэрвеня. Акрамя таго, што працэс зацягваецца праз вельмі павольную рэакцыю персаналу турмы, яшчэ і на ўсе лекі, вітаміны і нават бярушы і нітку для зубоў патрэбны рэцэпт лекара.

«Дабіцца гэтага рэцэпту амаль немагчыма. А 14 красавіка я ўбачыў, што ў мяне не рухаецца, як звычайна рухаецца, левая нага. Я пабачыў, што маю рэальны параліч нагі на 50 %. 16 красавіка, калі была добрая паліцэйская змена, я дабіўся таго, каб была размова з лекарам. Той сказаў, што гэта вельмі сур’езна і ён адправіць мяне на медычнае даследаванне ў шпіталь, бо ў турме такога абсталявання няма, бо гэта неўралагічная праблема. Па сённяшні дзень я не бачыў ніякага абследавання. Канешне, цяпер я больш шчаслівы, бо з рэзідэнцыі Аду я перайшоў у звычайную кватэру. Але ўсе мае праблемы са здароўем засталіся са мной», — расказвае Гнёт.

Андрэй Гнёт — беларускі журналіст, рэжысёр. Яго называюць сузаснавальнікам «Свабоднага аб’яднання спартоўцаў SOS BY», якое абвешчанае ў Беларусі «экстрэмісцкім фармаваннем». Інтэрпал затрымаў Андрэя Гнёта ў кастрычніку 2023 года ў Сербіі на запыт рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. У Беларусі Гнёта абвясцілі ў вышук нібыта па справе аб падатках.

Сербскі суд першай інстанцыі ў снежні 2023 года ўхваліў дэпартацыю Андрэя Гнёта Беларусь, аднак у сакавіку 2024 года Вышэйшы суд адмяніў гэтае рашэнне і адправіў справу на перагляд.

Інтэрпал больш не шукае, але шукае Беларусь

Каб займацца здароўем, часу ў яго зусім няма, бо трэба вырашаць пытанне з экстрадыцыяй. Тым больш, з кватэры можна выходзіць толькі на гадзіну ў содні і толькі ў акрэслены час.

Перавод пад хатні арышт зусім нічога не азначае ў справе, падкрэслівае суразмоўца. Не вядома, што гэтаму паспрыяла, але Андрэй лічыць, што гэты вынік салідарнасці беларусаў.

«Тут два напрамкі — палітычны і народны. Палітычны напрамак, безумоўна, паспрыяў. Але народны беларускі напрамак, мабыць, аказаўся значна большы. Людзі, якія мне пісалі, якія выходзілі на акцыі пратэсту ў Бялградзе, Лондане, Берліне і Варшаве — гэта ўсё адна вялікая плынь, якая паспрыяла таму, што сербскі суд звярнуў на мяне ўвагу. Да гэтага я атрымліваў абсалютна стэрыятыпныя рашэнні суда аб тым, што, калі мяне перавядуць пад дамашні арышт, то я магу збегчы.

Але экстрадыцыю ніхто не адмяніў. Нават горш. Ёсць вялікая верагоднасць, што ў бліжэйшы час мы атрымаем рашэнне Вышэйшага суду Бялграда аб тым, што мяне можна экстрадаваць у Беларусь», — працягвае Гнёт.

Цяпер застаецца толькі змагацца за сябе, нягледзячы на парадаксальнасць сітуацыі.

«Сербія не мае да мяне аніякіх прэтэнзіяў, што самае абсурднае. Пытанні ёсць у беларускага боку, з якім у Сербіі двухбаковыя пагадненні. Але сербскі бок павінен вызначыць, ці сапраўды яны маюць права выдаваць мяне Беларусі і ці адпавядае гэта міжнароднаму заканадаўству, сербскаму заканадаўству і маім правам чалавека.

Ёсць вялікі-вялікі юрыдычны казус. Справа ў тым, што арыштавалі мяне па запыце Інтэрпалу, а Інтэрпал свой запыт заблакаваў 24 лютага», — расказвае Андрэй Гнёт.

Гэта азначае, што ні адна краіна з чальцоў Інтэрпалу не можа карыстацца гэтымі дадзенымі для арышту.

«Згодна з гэтай паперай, Сербія не мае ніякага права мяне ўтрымліваць. Але сербскі суд спасылаецца на двухбаковае пагадненне паміж Беларуссю і Сербіяй. Але дата майго арышту — інтэрпалаўская. Казус у тым, што, калі Інтэрпал адмяняе запыт на мой арышт, мяне павінны адпусціць і зноўку арыштаваць па беларускім запыце, але гэтага не адбылося. Таму мой юрыдычны статус вельмі цікавы, я нібыта без статусу», — кажа Андрэй.

Якія шанцы на вызваленне, ніхто не ведае, кажа ён.

«Я мяркую, што толькі міжнародны ціск і розгалас павялічвае шанцы на захаванне майго жыцця. Калі гэтага не будзе, то мяне экстрадуюць пад шумок. Я буду змагацца да апошняй кроплі крыві. У мяне ёсць, канешне, і план «Б», і план «Ж». Але гэта вельмі жудасныя планы, я не хацеў бы іх агучваць», — падводзіць рысу суразмоўца.

Каментары2

  • Кёль
    07.06.2024
    Вытрымкі спадару Андрэю. А беларусам трэба памятаць, што ў такія краіны як Сербія, дзе дзейнічаюць двухбаковыя пагадненні з РБ, не варта ездзіць. Нават дастаткова паглядзець колькі сербаў падтрымлівае дзеянні Расіі, а на вуліцах Белграда можна пабачыць нават z-сімволіку, я ужо маўчу пра расейцаў, якія масава туды з’ехалі, і шмат хто з іх працягвае падтрымліваць расейскую агрэсію, Пуціна і вайну.
  • *
    07.06.2024
    Сэрбія гэта балканская Расея з адпаведнымі ўмовамі. Хаця канешне Косава гэта усе ж Сэрбія

Як жыве і чым займаецца Крысціна Моцная — меркаваная дачка Аляксандра Лукашэнкі37

Як жыве і чым займаецца Крысціна Моцная — меркаваная дачка Аляксандра Лукашэнкі

Усе навіны →
Усе навіны

Лаўроў даў прымірэнча-спакуслівае інтэрв'ю Карлсану10

Сёння даляр упаў на сем капеек да 3,4 рубля

На падтрымку дэпартаванага ў Беларусь экс-каліноўца Васіля Верамейчыка сабралі неабходную суму3

На трасе Мінск — Гродна заўважылі дзікіх коней ВІДЭА1

Кіраўнік МЗС Польшчы: Я зачыню ўсе расійскія консульствы, калі Масква працягне дыверсіі5

Кіраўніка крымінальнай міліцыі Клімавічаў арыштавалі за хабар. Пагражае да 15 гадоў10

Пара ажанілася з-за размеркавання. Суд прызнаў шлюб несапраўдным3

Трамп прызначыў «цара» па пытаннях штучнага інтэлекту і крыптавалют4

Адбылося лёсаванне новага футбольнага турніру — Клубнага чэмпіянату свету2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Як жыве і чым займаецца Крысціна Моцная — меркаваная дачка Аляксандра Лукашэнкі37

Як жыве і чым займаецца Крысціна Моцная — меркаваная дачка Аляксандра Лукашэнкі

Галоўнае
Усе навіны →