Літаратура33

Пра што прасіў Джордж Буш і як хавалі Быкава. Успаміны дырэктара беларускай службы «Радыё Свабода»

«Трыццаць год на Свабодзе аўтар адчувае як адзін дзень, таму храналогія кнігі не каляндарная, а танцавальная: крок наперад —два назад, направа — налева, уцёкі…»

Так аўтар апісвае хаду свайго аповеду.

Кніга «Там, дзе няма цемнаты: Радыё Свабода». Фота: «Наша Ніва»

Аляксандр Лукашук узначальваў беларускую службу «Радыё Свабода» з 1998 па 2023 гады. У сваёй новай кнізе «Там, дзе няма цемнаты: Радыё Свабода» ён згадвае сустрэчы з вядомымі палітыкамі і пісьменнікамі, дзеліцца мудрасцямі, якія вынес з досведу працы ў медыя, і крыху раскрывае ўнутраную кухню рэдакцыі.

Адметнасць нашага часу — многія імёны ўдзельнікаў падзей не называюцца з мэтаў бяспекі.

«Наша Ніва» прачытала гэтыя ўспаміны і прыводзіць некаторыя цікавыя моманты.

Урок фінансаў і поспехі ў 2020-м

Лукашук шмат піша пра бюракратыю, з якой даводзілася сутыкацца ў амерыканскіх структурах. Ён апісвае цікавы ўрок фінансавага менеджменту, які атрымаў пасля першага года дырэктарства.

«Мы абмяркоўвалі вынікі з галоўным рэдактарам Джэфам Трымблам, які прызначыў мяне на пасаду, і я пахваліўся, што мы скончылі год з эканоміяй, тысяч трыццаць ці што даляраў. Замест пахвалы Трымбл паглядзеў на мяне з непрыхаванай прыкрасцю і холадна сказаў: «Кангрэс ЗША даў табе грошы не для эканоміі, а для інвестыцыі ў праграму, у людзей, у місію. Калі ты іх не выкарыстоўваеш — ты дрэнны дырэктар».

(…) Лішне казаць, што з таго часу Беларуская служба ні разу не скончыла год з прафіцытам бюджэту».

Аляксандр Лукашук на прэзентацыі сваёй новай кнігі. Фота: «Радыё Свабода»

Лукашук расказвае, што беларуская служба абганяла па паказчыках іншыя замежныя службы «Радыё Свабода» часам у 10 разоў.

Вось як, напрыклад, выглядалі лічбы наведвальнасці ў чэрвені 2020 года, калі медыя яшчэ не было заблакавана і магло рабіць стрымы з беларускіх вуліц:

  • 1,5 мільёна ўнікальных карыстальнікаў на сайце
  • 96 мільёнаў праглядаў на ютубе, на піку стрым з пікету меў 800 тысяч праглядаў.

Праца на афганскім радыё і ахоўнікі 

Больш за год Аляксандр Лукашук працаваў дырэктарам афганскай службы «Радыё Свабоды» (кастрычнік 2004 — пачатак 2006). Так здарылася, што туды не маглі адшукаць пастаяннага дырэктара, таму патрабаваўся хтосьці на часовую замену. 

Праўда, на паўдарозе журналіста хацелі вярнуць. Пагоршылася сітуацыя, талібы ўзялі ў закладнікі журналіста інфармагенцтва «Ройтарз». Але на перасадцы ў Дубаі Лукашука не знайшлі, а ў кабульскім аэрапорце разварочваць было ўжо позна.

У Кабуле да Лукашука прыставілі двух аўтаматчыкаў для аховы. А яму пасля абавязковых сустрэч з чыноўнікамі і дыпламатамі хацелася трапіць на нейкі рэпартаж. Дазволілі пайсці на базар рабіць апытанне. Але і аўтаматчыкі хадзілі следам. Пасля патлумачылі: нямецкага журналіста з «Ройтарз» выкралі якраз на рынку.

Радыё вяшчала на дзвюх мовах — пушту і дары. Лукашук згадвае, як яму давялося вырашаць моўную спрэчку ў калектыве.

«Хоць я не ведаў ніводнай з моваў, але праблема была настолькі знаёмая, што развязаць яе не складала ніякай цяжкасці. Бо развязваць трэба было не моўнае пытанне, а пытанне менеджменту, патрабавалася ясная іерархія прыняцця рашэнняў. Я папрасіў аднаго са старэйшых калегаў, аўтарытэтнага гісторыка, стаць моўным дырэктарам службы — і так мы знайшлі агульную афганскую мову, якой, як вядома, няма».

Згадваецца таксама казус, які адбыўся з прагнозам надвор’я на радыё. Прагноз толькі пачалі рабіць, супрацоўнікам падказалі сайты, дзе глядзець інфармацыю. Пасля аказалася, што ў эфіры два тыдні гучаў адзін і той прагноз: журналісты, зачытаўшы, проста перадавалі яго наступнай змене.

«Аляксандр-джан, — супакоўваў Лукашука мадэратар, — у Афганістане надвор’е не мяняеца паўгода. Гэты прагноз у нас да лета».

Як хавалі Быкава

Аляксандр Лукашук быў знаёмы з пісьменнікам Васілём Быкавым. Калі ён у 2003 годзе ляцеў на яго пахаванне ў Мінск, то ўзяў з сабой бел-чырвона-белы значок, які прышпіліў да смокінга, у якім хавалі Быкава.

Сяргей Навумчык, Васіль Быкаў і Аляксандр Лукашук у першыя дні пасля пераезду пісьменніка ў Прагу. Снежань 2002. Фота: «Радыё Свабода»

«Дзяржаўную камісію пахавання ўзначаліў міністр культуры, вяліся няспынныя перамовы, тузалі Ірыну Міхайлаўну (жонку Быкава — НН), спрачаліся, каму даць слова, каму не, ці можна несці труну па вуліцы, ці дазволеная нацыянальная сімволіка, успыхвалі і гаслі чуткі, панаваў звычайны ў такіх справах туман. Які рассеяўся, калі старэйшы сын Васіль пакрыў труну бел-чырвона-белым сцягам і дзяржаўная камісія ўцякла як чорт ад ладану».

Нявыкрутка з КДБ

Журналістам у працы даводзіцца сутыкацца са складанымі дылемамі. Адну з такіх апісвае Аляксандр Лукашук. Было гэта ў 2012 годзе. Ад слухача прыйшоў ліст: на Мінскім метрапалітэне здарыўся акт сабатажу. Нехта пасек кабелі высокага напружання, рух цягнікоў прыпынілі. Журналісты пацвердзілі гэту інфармацыю і паставілі навіну.

У другой палове дня ў «Свабоду» пазванілі з КДБ і выклікалі загадчыка бюро. Паставілі ўмову: ці называеце крыніцу інфармацыі пра метро, ці ў бюро прыйдуць з ператрусам. Часу на роздум далі да 9-й раніцы. Юрысты з Вашынгтона раілі назваць чалавека, каб захаваць бюро.

Лукашук вырашыў сам знайсці таго інжынера, які даслаў інфармацыю — раптам ён пагодзіцца назвацца? Тады не давядзецца рашаць дылему. Ён ведаў прозвішча, таму пачаў абзвоньваць абанентаў з такім прозвішчам. Праз некалькі званкоў удалося знайсці таго сама чалавека. Ён пагадзіўся назвацца — да 9-й раніцы інтэрв’ю з ім было на сайце.

На прэзентацыі кнігі Лукашук расказваў, што ў той раз усё абышлося — наступстваў для інжынера не было. У наш час такое ўжо складана ўявіць.

Прэзентацыя Алексіевіч і непрычасаная крытыка

Для прэзентацыі ў Мінску зборніка цытат пісьменніцы Святланы Алексіевіч, які выдала «Радыё Свабода», доўга шукалі памяшканне. Паўсюль адмаўлялі, але нечакана дазволілі арандаваць Палац рэспублікі.

Лукашук згадвае забаўны момант. Алексіевіч забылася расчоску, таму шукалі, у каго можна ўзяць. У літаратурнага крытыка, які сядзеў першым з краю, яе не было. «У нашым саюзе крытыка непрычасаная, — патлумачыў старшыня незалежнага Саюза беларускіх пісьменнікаў. — А ў другім усе лысыя».

Ахвотных падпісаць кніжку ў Алексіевіч было столькі, што Святлана спісала шэсць ручак. Па аўтографы падыходзілі нават ахоўнікі са службы бяспекі.

Пра што прасіў Буш

Частку кнігі Аляксандра Лукашука складаюць кароткія нарысы з філасофскімі ці гумарыстычнымі назіраннямі за жыццём.

Лукашук разважае, што людзі не любяць слова паліткарэктнасць, бо лічаць, што гэта абмежаванне свабоды слова. «Я стаўлюся да паліткарэктнасці як да правілаў дарожнага руху: яны істотна абмяжоўваюць свабоду руху і таму робяць яго магчымым. Але часам трэба і па бездарожжы».

Забаўны момант — размова з Джорджам Бушам па тэлефоне (былы амерыканскі прэзідэнт удзельнічаў у запісе праграмы «Галасы салідарнасці» ў падтрымку палітвязняў пасля выбараў-2010). Калі Буш пазваніў Лукашуку і спытаў, як маецца, той прызнаўся: хвалююся.

«Не пераймайся, Аляксандр, галоўнае не называй мяне Баракам, і ўсё будзе окей», — пажартаваў Буш.

А аднойчы журналіст папрасіў эканаміста і нобелеўскага лаўрэата Мілтана Фрыдмана, які ў маладосці ездзіў у Савецкі Саюз з экскурсіяй, расказаць, што яго ўразіла найбольш.

Той адказаў: «Цяга да ведаў. Заходжу ў грамадскую прыбіральню, кабінкі без дзвярэй, у кожнай сядзіць чалавек і чытае газету».

«Не вер усяму, што бачыш на сваім шляху», — дзеліцца важнай высновай для журналістыкі Лукашук.

Урок, карысны не толькі журналістам.

Каментары3

  • Anatol Starkou
    08.06.2024
    "Там, дзе няма хлусні: Радыё Свабода". 
    Такая назва была б лепей і праўдзівей.
  • А. Л.
    09.06.2024
    Дзякуй НН- у т.л за магчымасьць тут выправіць недакладнасьць у сваёй кнізе. Сьцяг на труне Быкава абараніў яго сын Сяргей ( не Васіль), а пакрылі бел-чырвона-белым палотнішчам Васіля Ўладзімеравіча два нашы выдатныя пісьменьнікі, С. І П. Аўтар.
  • Anatol Starkou
    09.06.2024
    А. Л., Пішыце ісчо. 
    А вось за фотаапарат не бярыцеся. Паглядзіце на вочы амерыканца - на фота ён злева. Такое фота нельга нікому паказваць, а не тое што ў кнізе змяшчаць. Дый на сябе паглядзіце на тым фота. 

Замах на Дональда Трампа: у яго стралялі ў час выступу ў Пенсільваніі25

Замах на Дональда Трампа: у яго стралялі ў час выступу ў Пенсільваніі

Усе навіны →
Усе навіны

Папулярны польскі трэвэл-блогер расказаў пра сваю паездку ў Беларусь і даў парады18

У мінскай краме знайшлі прадукт, які каштуе 12 тысяч рублёў за кілаграм. Ён запакаваны ў бокс супраць крадзяжу

Буйныя донары-дэмакраты збіраюцца замарозіць 90 мільёнаў даляраў унёскаў на кампанію Байдэна1

«Пачуй мяне. Ты — мудак». Прапагандыст Казакоў у жывым эфіры даў майстар-клас завочнай палемікі16

У Салігорскім раёне знайшлі вусеня вельмі рэдкага матылька. Чаму мы так рэдка яго бачым?3

Што адбываецца на мяжы з Польшчай перад выходнымі

«Замоў вельмі шмат». Польскі рэстаран арганізаваў дастаўку піцы проста ў чаргу на мяжы з Беларуссю1

Полк Каліноўскага абверг паведамленне Мінабароны Беларусі аб гібелі Яна Рудзіка3

У Іспаніі даказалі гіпотэзу 54-гадовай даўніны вядомага матэматыка родам з Кобрына

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Замах на Дональда Трампа: у яго стралялі ў час выступу ў Пенсільваніі25

Замах на Дональда Трампа: у яго стралялі ў час выступу ў Пенсільваніі

Галоўнае
Усе навіны →