Прызначаны Расіяй кіраваць акупаванай часткай Запарожскай вобласці Яўген Баліцкі паведаміў, што ў Маскве плануюць стварыць новую федэральную акругу, якае мае ахапіць усе акупаваныя Расіяй украінскія тэрыторыі: Крым, Севастопаль, Данецкая і Луганская «народныя рэспублікі», а таксама Херсонская і Запарожская вобласці.
«Будзе створаная федэральная акруга, я думаю, гэта павінна быць найбліжэйшым часам. Я думаю, гэта будуць Данецк, Луганск, Запарожская, Херсонская вобласці і Крым»,— сказаў Баліцкі дзяржаўнаму расійскаму агенцтву «РИА Новости».
Паводле яго інфармацыі, цяпер гэтае пытанне прапрацоўваецца ў Маскве, а ў назве новай акругі можа быць «Наваросія».
У 2014 годзе, пасля анексіі Расіяй Крыма, расійскія ўлады стварылі было Крымскую федэральную акругу, але ў ліпені 2016-га яе скасавалі, уключыўшы акупаваны паўвостраў у склад Паўднёвай федэральнай акругі.
Каментары