Да 30 тысяч еўра. Што ўмеюць і колькі зарабляюць эскортніцы на Піцерскім міжнародным эканамічным форуме
Пра тое, колькі атрымліваюць за суправаджэнне гасцей і як праходзіць адбор дзяўчынак на форум, «Фантанка» пагутарыла з эскортніцай са стажам, якая не першы год працуе на форуме і дакладна ведае, як уладкаваны бізнэс.
Дзяўчына кажа, што жадаючых замовіць сабе прыгожую дзяўчыну ў суправаджэнне вельмі шмат.
— Дзяўчаты ў прафесіі доўга не затрымліваюцца. Як правіла, прыходзяць, каб хутка зарабіць грошы і закрыць нейкія свае жаданні і патрэбнасці. Ну і для такіх значных мерапрыемстваў, дзе шмат нюансаў, да выбару выканаўцаў падыходзяць скрупулёзна. Досыць складана прайсці адбор і адпавядаць усім крытэрам, — гаворыць яна.
Яна кажа, што часам дзяўчаты не толькі суправаджаюць гасцей пасля дзелавой праграмы — іх бяруць і на сам форум.
— Калі кліент хоча, то ён выпісвае пропуск для суправаджэння, але трэба разумець, што за гэтым стаяць пэўныя рызыкі.
Важныя персоны з Балівіі ці Зімбабвэ дзяўчатам пропускі робяць. І гэта пры тым, што з імі ў дэлегацыі заўсёды ёсць прадстаўніцы іх этнасу. Але на такіх форумах і бізнэс-мітынгах яны лічаць за лепшае зʼяўляцца з дамамі-славянкамі. Гэта такі, ужо адпрацаваны падыход да бізнэсу — дэманстрацыя таго, што чалец дэлегацыі «абрусеў», вельмі спрыяльна адбіваецца на будучых сустрэчах.
Хаця на форум прыязджаюць дзяўчаты з усіх рэгіёнаў, у асноўным, там працуюць дзяўчаты з агенцтваў.
— Часцей за ўсё кліенты аддаюць перавагу правераным і надзейным агенцтвам, якія забяспечаць поўную канфідэнцыяльнасць і стопрацэнтнае выкананне іх запытаў. А гэта дзяўчаты, якія працяглы час працуюць па кантрактах і маюць пэўны вопыт.
На пытанне, колькі каштуе элітнае суправаджэнне за суткі, дзяўчына адказала, што набягае да 30 тысяч еўра.
— Усё вельмі залежыць ад запыту і ад кваліфікацыі выканаўцы, калі гэта можна так назваць. Бывае, за тыдзень цана можа даходзіць да двух з паловай, трох мільёнаў [расійскіх рублёў].
Што ўваходзіць у спектр паслуг, што павінна ўмець дзяўчына, каб быць запатрабаванай?
— Мы заўсёды абапіраемся на запыт кліента.
Базавы мінімум — смол-ток, манеры і веданне этыкету. Замежныя мовы і ўменне падтрымаць гутарку аб палітыцы і эканоміцы вітаюцца, але зноў жа гэта залежыць ад запыту кліента. Бывае, што выбіраюць даму з музычнай адукацыяй ці з навыкамі ігры на музычных інструментах, таму што часта кліент прапануе працягнуць вечар у больш адасобленай абстаноўцы — у сябе дома або ў гасцінічным нумары. І ў пераважнай большасці выпадкаў там ёсць музычны інструмент. Кліент пасля цяжкага працоўнага дня хоча расслабіцца, так што гэта прыемны бонус.
Паводле слоў дзяўчыны, ёсць некаторыя кліенты, якія выбіраюць адну дзяўчыну і праводзяць з ёй увесь тыдзень.
— У нас гэта называецца «тата і дачка». Гэта частая практыка сярод пажылых еўрапейцаў. Маладыя хлопцы звычайна чаргуюць. І праекты, і стэнды, і дзяўчынак.
Яна кажа, што эскортніцы прадстаўляюцца на форуме дочкамі або партнёркамі.
— Інакш узнікаюць пытанні: маладая, прыгожая і з чалавекам сталага веку. Я ў такіх выпадках называюся дачкой. Ну і ёсць пэўныя запыты ад кліента, каб не разбурыць гэты канцэпт: апрануцца някідка, паводзіць сябе стрымана і не праяўляць да яго асаблівых знакаў увагі.
Паводле суразмоўцы, у дзяўчат ёсць ахова, але пра саму сістэму бяспекі гаварыць адмовілася — гэта канфідэнцыйна.
Каментары