Брытанец сабраўся жыць у Беларусі. Яму прапанавалі лепш скокнуць з вышыні без парашута
У англамоўнай сацсетцы Reddit з’явіўся пост брытанца, які вырашыў пераехаць у Беларусь.
Брытанец, пра якога ідзе гаворка, не толькі гатовы перабрацца ў Беларусь, але яшчэ і збіраецца паступіць у адзін з мінскіх універсітэтаў. Вось што ён піша:
«Раней я быў на адпачынку ў шматлікіх падобных краінах Еўропы і даволі добра ведаю расійскую мову. Проста хацеў спытаць, ці не маглі б вы падзяліцца парадай датычна пражывання і вучобы ў Беларусі, ды проста пра жыццё».
Заклік хлопца сабраў 49 каментароў. Беларусь — не самая папулярная краіна для эміграцыі, і карыстальнікі пыталіся ў яго, адкуль узнікла жаданне сюды пераехаць. Аказалася, што сам брытанец ніколі не быў у Беларусі, але мае беларускія карані, і яго маці вельмі раіць яму пераехаць сюды.
Хлопец усвядомлівае, што ў нашай краіне цяжкая палітычная сітуацыя. Але выглядае, што яго гэта не пужае.
Але ж большасць каментатараў сышліся ў думцы, што перабірацца ў Беларусь — сумнеўнае рашэнне. Яны жартуюць наконт парадаў пераехаць, якія хлопец атрымлівае ад маці — маўляў, сваякі жадаюць, каб ён знік назаўсёды. А таксама спрабуюць пераўпэўніць брытанца:
«Людзі гадамі шукаюць магчымасці, як адтуль вырвацца, і ніколі не вяртаюцца. Немагчыма жыць поўным жыццём у такой краіне, як Беларусь».
«Паўночная Карэя — цудоўнае месца, насамрэч выдатная краіна і ўвогуле, вось толькі б можна было вырашыць палітычныя пытанні».
«Я брытанец, наведваў Беларусь, Польшчу, Латвію і Эстонію. Не рэкамендаваў бы ехаць у Беларусь праз відавочныя палітычныя прычыны (і праз тое, што мясцовая адукацыя амаль не дапамагае пабудаваць кар’еру на Захадзе).
У залежнасці ад таго, які аспект Беларусі вас найбольш цікавіць, я б замест яе параіў Польшчу (гарады і архітэктура, асабліва падобныя да Брэста і Гродна) ці Латвію або Эстонію (прырода). Гэта вялікі сорам, і я спадзяюся, што хутка ўсё зменіцца».
Адзін з карыстальнікаў увогуле не стрымліваў сябе. Паводзіны маці брытанца ён патлумачыў ружовай настальгіяй, тыповай для людзей ва ўзросце, але адзначыў — не абавязкова браць на сябе рызыку, каб праверыць, ці адпавядае гэтая настальгія рэчаіснасці:
«Калі вам патрэбны адрэналін, ёсць лепшыя спосабы яго атрымаць. Едзьце ў Аўстралію і пахадзіце па сінякольчатых асьміногах, пакаштуйце дрэнна згатаваную рыбу фугу ў Японіі, даследуйце мяжу М’янмы. Халера, ёсць нават магчымасць паспрабаваць і скокнуць без парашута, калі гэта баламуціць вашу фантазію. Але вам не патрэбна ўдзельнічаць у крушэнні цягніка на павольнай хуткасці, якое можна толькі назіраць з усё большым пачуццём безнадзейнасці, бо вынік гэтага ўжо цалкам зразумелы, і вы проста не маеце магчымасці нешта змяніць».
Не ўсе каментатары, аднак, праявілі столькі ж песімізму. Некаторыя з іх усё ж далі хлопцу некалькі парадаў. Напрыклад, яны адзначылі нізкую якасць беларускай адукацыі, магчымыя выключэнні — медыцынскія і тэхнічныя спецыяльнасці. Брытанцу параілі не ўжываць у Беларусі рэкрэацыйныя наркотыкі, бо гэта занадта рызыкоўна, а калі ён ужывае алкаголь, ведаць меру. Затое варта пакаштаваць квас і халаднік, а таксама наведаць адно з беларускіх лецішчаў.
Для жыцця хлопцу рэкамендуюць адзін з вялікіх гарадоў: у Мінску высокая якасць жыцця і ўніверсітэты, а з Гродна зручна ездзіць у Еўрасаюз. Каментатар з адмоўным рэйтынгам у -76 таксама параіў брытанцу не лезці ва ўнутраную беларускую палітыку.
Таксама ў каментарах распачалася дыскусія пра тое, ці варта расказваць замежніку сумную праўду пра Беларусь. З аднаго боку, магчыма, што хлопец пазбегне беларускіх рэпрэсій, тым больш што ён мае брытанскі пашпарт, і не трэба казаць шмат пра тое, як жывецца беларусам, бо гэта блага для рэпутацыі краіны. З іншага — ёсць меркаванне, што рызыка занадта вялікая, таму варта папярэдзіць чалавека: маўляў, можа аказацца і так, што ён згубіць у беларускай турме гады жыцця і здароўе.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары