Легенда беларускага балета сыходзіць з пасады мастацкага кіраўніка тэатра, якому аддаў больш за паўстагоддзя свайго жыцця.
Мастацкі кіраўнік Вялікага тэатра, знакаміты харэограф Валянцін Елізар'еў, развітаўшыся з тэатрам, сышоў на заслужаны адпачынак, паведамляе афіцыйны тэлеграм-канал Вялікага тэатра Беларусі.
«Больш за 50 гадоў служэння тэатру, мастацтву, сцэне… агонь сапраўднай творчасці, які нясе ў сабе Валянцін Мікалаевіч, гарыць цяпер у яго вучнях, артыстах, спектаклях. А значыць — у гледачах, у якіх любоў да балетаў Елізар'ева, здаецца, перадаецца з пакалення ў пакаленне», — гаворыцца ў паведамленні.
У 2023 годзе ў Вялікім тэатры прайшло ўшанаванне народнага артыста. Мерапрыемства прысвяцілі паўвекавому юбілею працы Елізар'ева на тэатральнай сцэне.
У 1973 годзе Елізар'ева, 26-гадовага выпускніка Ленінградскай дзяржаўнай кансерваторыі імя Рымскага-Корсакава, запрасілі стаць галоўным балетмайстрам Дзяржаўнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета БССР. Такім чынам ён служыў тэатру амаль 51 год.
Каментары