У Магілёве будуць судзіць мастачку, якая зняла відэа на выбарчым участку
29 мая суд Ленінскага раёна Магілёва пачне працэс па крымінальнай справе адносна мастачкі-керамісткі Алены Карпенкі. Яе абвінавачваюць у «паклёпе» на Лукашэнку (арт. 370 КК РБ). Судовы працэс зафіксаваны ў раскладзе суда, піша Mayday.team.
Алену Карпенку затрымалі ў адзіны дзень галасавання 25 лютага, калі яна зафіксавала на відэа загадзя закрыты ўчастак для галасавання (УВК № 87), які размяшчаўся на тэрыторыі Магілёўскай псіхіятрычнай бальніцы.
Дзяржаўная прапаганда заявіла, што Карпенка нібыта адправіла відэаролік у «экстрэмісцкі канал», хоць сама дзяўчына паведаміла, што адправіла відэа сваёй сяброўцы, якая знаходзіцца за мяжой.
Тады ў дачыненні да Алены завялі адміністрацыйную справу, асудзілі і адправілі ў ізалятар часовага ўтрымання. Верагодна, з таго часу яна на волю не выходзіла.
Алена Карпенка — мастачка-керамістка з Магілёва, вучылася ў Мінску на архітэктурным факультэце БНТУ. Вырабляе розныя ўпрыгажэнні і посуд з керамікі, а таксама займаецца каліграфіяй і жывапісам.
Каментары
Кожныя. Паўзюль. Заўсёды