Усяго патроху11

Як мыць садавіну, гародніну і зеляніну, каб не атруціцца?

З года ў год з прыходам цяпла лекары фіксуюць рост колькасці пацыентаў з праблемамі страўнікава-кішачнага тракта, выкліканымі дзейнасцю хваробатворных бактэрый. І віной таму нярэдка — дрэнна вымытая садавіна, гародніна і зеляніна, піша «Звязда».

Сёлета разнастайнасць «экзотыкі» ўражвае: пакупнікам прапануецца нават драганфрут — плод кактуса

— Спякотны перыяд звязаны з павышанай актыўнасцю хваробатворных бактэрый і мікраарганізмаў, — тлумачыць валеолаг УАЗ «27-я гарадская паліклініка» горада Мінска Лілія Кацер. — Таму да прадуктаў харчавання, правілаў гігіены іх набыцця і спажывання, умоў і тэрмінаў захоўвання важна праявіць уважлівасць. Бо атручэнне здольна сур’ёзна сапсаваць адпачынак, якога ўсе мы чакаем цэлы год.

Экзотыка: дзе тоіцца небяспека?

Сёння бананы ў гіпермаркетах таннейшыя за бульбу, і пакупнік ведае, што іх сартоў не менш, чым сартоў яблыкаў. Гурманы шануюць маленькія азіяцкія бананчыкі, такія таксама ў наш час не праблема купіць, напрыклад, на Камароўцы. Ды і наогул, набыць сёння можна практычна ўсё — банальнымі апельсінамі або грэйпфрутамі ўжо нікога не здзівіш.

А сёлета разнастайнасць «экзотыкі» ўражвае. Напрыклад, на рынках побач з кропам-пятрушкай і памідорамі-агуркамі пакупнікам прапануецца «драконавае вока» — па 15 рублёў за кіло, а адзін фрукт завешвае ад 150 да 600 г.

«Драконавае вока» — гэта, аказваецца, плод кактуса (дакладней, некалькіх розных відаў кактусаў — фрукт гэты можа быць з чырвонай ці белай мякаццю і з зялёнай, чырвонай ці жоўтай скуркай). Правільна называецца ён пітахая. Завуць яго яшчэ пітаяй, клубнічнай грушай і драганфрутам. Прадаўцы раскажуць вам, што смак фрукта падобны на ківі, грушу, кавун і інжыр адначасова, а карысць, маўляў, неверагодная: і для сэрца, і для сасудаў, і для пахудзення.

Журналістка шчыра кажа: ні пра смак, ні пра карысць ні пацвердзіць, ні абвергнуць не можа — не каштавала драконавы фрукт. Ды і не пра гэта размова.

А пра тое, што, правандраваўшы праз паўсвету (едзе ў Беларусь пітахая з Тайланда), плод гэты патрабуе перад спажываннем стараннага мыцця. Не проста «спаласнуць вадзічкай», адзначаюць медыкі.

Тое ж самае тычыцца і іншай экзотыкі. Скажам, памэла, якое ўжо стала звыклым у рацыёне многіх беларусаў, прыязджае да нас з Кітая, пераадольваючы шлях у сотні кіламетраў (калі ўжо гаворка зайшла пра Кітай). Ну, або тысячы кіламетраў. І таксама патрабуе стараннага мыцця перад ужываннем у ежу.

Як правільна мыць заморскую садавіну?

Некаторыя гаспадыні раяць пацерці лупіну са сродкам для мыцця посуду, пашураваць яе мачалкай прыкладна як патэльню. Затым змыць пену вадой — і вуаля, ніякіх бактэрый.

«Апрацоўваць гародніну і садавіну сродкам для мыцця посуду нельга, — падкрэслівае суразмоўніца. — Таксама не варта мыць яе з мылам. Калі ўжо хочацца выкарыстаць нейкі сродак, можна набыць спецыяльныя мыйныя вадкасці для садавіны, яны прадаюцца ў гіпермаркетах у агароднінных аддзелах».

Агрэсіўныя мыйныя сродкі (як і воцат, яшчэ адна народная рэкамендацыя па мыцці садавіны і гародніны) не гарантуюць поўнае збаўленне ад шкоднасных бактэрый, затое «хімія» ці той жа воцат поўнасцю здольныя перайсці ў мякаць пладоў і клубняў.

Спецыяльныя сродкі для мыцця гародніны і садавіны ўтрымліваюць бяспечны склад. Калі не хочацца траціць на іх грошы, можна выкарыстоўваць у якасці ачышчальніку харчовую соду, кажа Лілія Кацер. Гэта бяспечны варыянт. Але і стараннага мыцця пад праточнай вадой без усялякіх сродкаў будзе дастаткова.

А вось што трэба вымыць з мылам, дык гэта рукі — перад тым, як узяцца за мыццё садавіны ці гародніны. А пакуль мыем рукі, зальём нашу садавіну вадой (лепш за ўсё — на 10-20 хвілін). Так з яе сыдзе першы пласт бруду. Гэтую ваду зліваем і далей мыем фрукт пад праточнай вадой 40-60 секунд. Пасля чаго чакаем, пакуль вадкасць сцячэ.

«Моцна забруджаную гародніну (ці садавіну) лепш пацерці шчоткай для выдалення зямлі і пылу з паглыбленняў (такімі могуць быць, напрыклад, бурак, бульба, морква), — дадае спецыялістка. — Шчотку можна выкарыстоўваць для мыцця садавіны з цвёрдай скуркай (яблыкі, грушы)».

Ці трэба мыць бананы?

Так, і яшчэ раз так, адзначае валеолаг. Бананы варта мыць, як і любую іншую садавіну, якую ядуць без лупіны.

«Вада выключыць магчымасць трапляння забруджванняў з паверхні лупіны на мякаць плода пры ачышчэнні і нарэзцы. Але падкрэслю яшчэ раз: прахалоднай праточнай вады дастаткова. Выкарыстоўваць мыла не трэба, у тым ліку для мыцця садавіны з неядомай лупінай (банан, авакада, грэйпфрут, лімон, лайм, дыня): паверхня лупіны мае поры і можа ўвабраць мыйныя інгрэдыенты», — тлумачыць валеолаг.

І яшчэ трэба памятаць, што «крутая» экзотыка накшталт драконавага фрукта або якога-небудзь кумквата здольная выклікаць непрадказальную рэакцыю нашых нязвыклых да яе арганізмаў. Напрыклад, алергію. Або дыярэю.

Так што не варта адразу з’ядаць увесь фрукт, для пачатку абмяжуйцеся кавалачкам, гавораць лекары. Асабліва гэта тычыцца дзяцей.

А манга, напрыклад, часцяком на нашых прылаўках яшчэ няспелыя, і лепш даць ім даспець. У саспелага манга гладкая, бліскучая лупіна з прыгожым, яркім і насычаным адценнем — незалежна ад таго, які колер мае плод. Калі на лупіне бачныя цёмныя крапінкі, гэта добры знак — значыць, манга саспела і гатовае да дэгустацыі.

Клубніцы: асаблівая ўвага — хвосцікам

Сезон клубніц распачаўся: іх прадаюць цяпер у сярэднім па 10-11 рублёў за кіло, а яшчэ тыдзень таму было 14-16. Па 16 рублёў за кілаграм клубніцы сустракаюцца, але толькі самыя буйныя і прыгожыя. А дзе-нідзе за гэтыя ягады ўжо аддаюць і па 9 рублёў.

Цяпер, па ідэі, яны будуць рабіцца ўсё таннейшымі, пакуль напрыканцы клубнічнага сезона зноў не пачнуць даражэць.

Першымі на нашых рынках па традыцыі з’яўляюцца клубніцы грэчаскія, але ўжо на ўсю моц гандлююць брэсцкімі і пінскімі. Але і імпартныя, і айчынныя клубніцы патрабуюць уважлівага стаўлення да іх мыцця. Больш за тое, гэтага патрабуюць нават тыя ягады, якія вы сабралі з уласнай градкі.

Рэч у тым, што клубніцы — адны з першых у «чорным спісе» гастраэнтэролагаў прадуктаў, што выклікаюць харчовыя атручванні. Як тлумачыць Лілія Эдуардаўна, у клубніц няма цвёрдай лупіны, як, напрыклад, у яблык ці хоць бы ў вішні або чарэшні. А значыць, яе мякаць схільная да ўздзеяння пестыцыдаў і ўгнаенняў, можа «ўвабраць» «хімію» ад упакоўкі і шкоднасныя бактэрыі з зямлі, з якой суседнічае на нізкарослых кусціках. Важна памятаць, што мытыя клубніцы не захоўваюцца.

Сезон клубніц распачаўся, і вельмі важна навучыцца мыць гэтыя ягады правільна
Сезон клубніц распачаўся, і вельмі важна навучыцца мыць гэтыя ягады правільна

«Лепш за ўсё мыць ягады пад праточнай вадой, у друшляку або ў ракавіне, — тлумачыць Лілія Кацер, — асцярожна абліваючы ягады халоднай вадой з-пад крана на працягу 10-20 секунд. Калі ягад шмат, павялічце час «водных працэдур». Згодна з даследаваннямі, халодная вада ліквідуе ад 75 да 80% рэшткаў пестыцыдаў з прадуктаў. Можна мыць па адной ягадцы рукамі. Пры гэтым таксама кантакт з вадой мусіць быць ад 10 да 20 секундаў для кожнай ягады».

І самае галоўнае: бруд і бактэрыі назапашваюцца якраз пад «хвосцікам» ягады. Таму перад ежай хвосцікі трэба абарваць і старанна вымыць ягады з усіх бакоў. Старадаўні спосаб есці клубніцы, трымаючы за хвосцік і мачаючы ў цукарніцу, сёння медыкі называюць негігіенічным.

«Калі ягады моцна забруджаныя зямлёй, іх лепш замачыць у глыбокай ёмістасці з халоднай вадой хвіліны на 2-4, — дадае суразмоўніца. — Зямля асядзе, а ягада ўсплыве. Пасля гэтага застанецца толькі выняць ягады з міскі шумоўкай і прамыць пад праточнай вадой».

Зеляніна: мыем кожны лісцік

Пачнём з таго, што ў спякоту нават агароднінная салата можа стаць крыніцай атручвання. Тое, што ўздзеянне сонечных прамянёў і высокай тэмпературы можа дастаткова хутка ператварыць смачныя і свежыя мясныя ці рыбныя прадукты ў непрыдатныя ў ежу, ведае кожны. А вось ад зялёнай салаты падвоху не чакаеш. І дарма. Калі салата доўга стаяла на сонцы, лепш адмовіцца дзеля страўнікава-кішачнага тракта.

А зараз пра тое, як мыць зеляніну. Заўважым, што ў крамах яна, як правіла, чысценькая і спакаваная, і яе можна проста прамыць пад праточнай вадой: не ўвесь ахапак адразу, а кожную галінку асобна. Але эканомныя гаспадыні аддаюць перавагу набыццю зеляніны на рынку: і танней, і больш звыкла.

У гэтым выпадку зялёную цыбулю, кроп, пятрушку, кінзу, шчаўе, чарамшу і іншую салатную зеляніну спачатку трэба перабраць. Выдаляем карані, выкідаем жоўклыя або пашкоджаныя лісцікі. Пасля гэтага замочваем зеляніну ў вадзе пакаёвай тэмпературы. Праз некалькі хвілін ваду зліваем і замочваем зноў. І так тры разы. Пасля гэтага спалоскваем кожную галінку пад праточнай вадой.

Людзям асабліва трывожным, якія баяцца нітратаў у свежай зеляніне, рэкамендуюць вымочваць яе перад спажываннем у содзе або солі.

«Нітраты — гэта солі азотнай кіслаты, якія патрэбныя любым раслінам для росту, — тлумачыць спецыялістка. — Гэта натуральны складнік раслінных прадуктаў, і пра небяспеку варта казаць, толькі калі іх узровень перавышае норму. Каб засцерагчы сябе ад нітратаў, набывайце зеляніну толькі ў месцах санкцыянаванага гандлю — у крамах або на рынках, дзе ёсць лабараторны кантроль (у прадаўца павінны быць дакументы аб яго праходжанні)».

Каб зменшыць утрыманне нітратаў і ачысціць зеляніну, трэба замачыць яе ў ёмістасці з прахалоднай вадой на 15 хвілін, перыядычна мяняючы ваду і разбіраючы зеляніну па асобных лісточках і галінках, пакуль на дно не асядзе ўвесь бруд і вада ў ёмістасці не стане чыстай. Пасля гэтага зеляніну трэба старанна апаласнуць пад праточнай вадой, расказвае суразмоўніца. Можна замачыць на 15 хвілін у растворы соды (а яшчэ лепш — соды з соллю: па 1 ст. л. на 1 л вады). Затым прапаласкаць у чыстай вадзе. Вада не павінна быць гарачай, каб пазбегнуць разбурэння вітамінаў.

Ці трэба мыць ужо нарэзаныя зялёныя салаты ў пакетах (на некаторых з якіх напісана: «Вымыта, нарэзана, высушана»)? Медыкі гавораць: так, мыць трэба. Хоць многія гэтага не робяць. Вядома, сучасныя тэхналогіі вытворчасці салатаў у пакаванні зводзяць рызыку наяўнасці ў такім пакунку забруджванняў і хваробатворных бактэрый да мінімуму, але калі салату ў краме захоўвалі занадта доўга і не выконвалі ўмовы захоўвання, такое ўсё ж магчыма, кажа Лілія Кацер. Таму не будзе лішнім дадаткова прамыць яе ў друшляку перад тым, як заправіць.

Калі вы ўсё ж атруціліся

«Якая б ні была прычына, што выклікала харчовае атручэнне, праявы яго будуць шмат у чым падобныя. Яны могуць адрознівацца па інтэнсіўнасці і цяжкасці ў залежнасці ад віду атрутнага рэчыва, узросту (цяжэй пераносяць атручванні дзеці і пажылыя), колькасці з’едзенага. Але практычна заўсёды прысутнічаюць прыкметы запаленчага працэсу сценак кішэчніка і страўніка і праявы агульнай інтаксікацыі арганізма», — кажа суразмоўніца.

Як правіла, сімптомы харчовага атручвання з’яўляюцца праз 2-6 гадзін, а часам і праз 30 хвілін — гадзіну пасля ўжывання няякаснага прадукту. Назіраюцца слабасць, недамаганне, павышэнне тэмпературы (як правіла, невысокае), уздуцце жывата, дыскамфортныя і болевыя схваткападобныя адчуванні, дыярэя, млоснасць, ваніты.

Што з гэтым рабіць?

«Перш за ўсё прамыць страўнік: даць пацярпеламу выпіць вады і выклікаць ваніты, — рэкамендуе спецыяліст. — За адзін раз трэба выпіваць паўлітра вадкасці. Прамыванне працягваць да чыстых прамыўных водаў. Наступны этап лячэння — прыняць актываваны вугаль: прэпарат звяжа таксіны і выведзе іх. Калі млоснасць і ваніты адсутнічаюць, неабходна ўхіліць абязводжванне і аднавіць электралітны баланс — паказана піццё негазаванай мінеральнай вады і чаю».

Правандраваўшы праз паўсвету, экзатычная садавіна патрабуе перад спажываннем стараннага мыцця
Правандраваўшы праз паўсвету, экзатычная садавіна патрабуе перад спажываннем стараннага мыцця

Звычайна ўжо на другія суткі надыходзіць палягчэнне, а цалкам сімптомы харчовага атручвання знікаюць за 3-5 дзён. Калі ж лягчэй не робіцца, абавязкова звярніцеся да тэрапеўта, раіць валеолаг. І да прыходу лекара пасядзіце дома: катэгарычна забараняецца выходзіць на працу і наведваць арганізаваныя калектыўныя мерапрыемствы.

@nashanivanews Небяспечная хвароба пагражае беларусам #беларусь #болезнь #бешенство #коровы #нашаніва #беларускаямова #бруцеллез ♬ Crime Scene - Avery Alexander

Каментары1

  • Žvir
    27.05.2024
    Vo nastaŭ dzie čas. Niekali lazili pa harodach dy sadach (ich na Hrušaŭcy bylo paŭsiul), z ziamli padymali, z hallia, z hrad, spielaje i niesaspieŭšaje, časam uvohulie nia myli, albo pad kalonkaj krychu batervorzili i ŭsio. Nichto nie chvareŭ, navat dryśni nie bylo! Što ciapier zdarylasia, chto i adkul napusciű tych mikrobaŭ z bacylami ???

Коля-сек'юрыці, Цяцерын з торбамі і доктарка з Беленькім. Як выглядала світа Лукашэнкі на «Славянскім базары» ВІДЭА8

Коля-сек'юрыці, Цяцерын з торбамі і доктарка з Беленькім. Як выглядала світа Лукашэнкі на «Славянскім базары» ВІДЭА

Усе навіны →
Усе навіны

Пад Брэстам праходзіць джып-фестываль ШМАТ ФОТА2

У Стаўбцоўскім раёне матацыкл трапіў пад цягнік — загінулі два чалавекі1

Хлопец, што страляў у Трампа, быў рэспубліканцам24

Сталі вядомыя падрабязнасці жудаснага ДТЗ пад Магілёвам. У ім загінуў 5-гадовы хлопчык і яго бацька2

МУС распавяло пра аблаву на рок-канцэрт пад Пінскам13

Булачкі з чарніцамі — рэцэпт1

ФБР назвала імя таго, хто страляў у Трампа23

Калі з Беларусі сыдзе анамальная спёка4

Расіяне занялі Ураджайнае

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Коля-сек'юрыці, Цяцерын з торбамі і доктарка з Беленькім. Як выглядала світа Лукашэнкі на «Славянскім базары» ВІДЭА8

Коля-сек'юрыці, Цяцерын з торбамі і доктарка з Беленькім. Як выглядала світа Лукашэнкі на «Славянскім базары» ВІДЭА

Галоўнае
Усе навіны →