«Проста шкодніцтва нейкае!» У Віцебску камунальшчыкі знішчылі клумбы, што зрабілі жыхары
Скарга на працу супрацоўнікаў ЖЭУ № 9 зʼявілася на сайце vitebsk.biz. Жыхары дома па вуліцы Жасткова абураныя тым, што бульдозер знішчыў клумбы, за якімі мясцовыя жыхары даглядалі гадамі.
«Сёння да нас у двор на Жасткова прыехаў бульдозер, прыйшлі супрацоўнікі ЖЭУ-9 і вытраслі з шынаў усе нашы кветкі, якія мы расцілі шмат гадоў. Майстар сказала, у яе пастанова. Вось і стаўленне да людзей і іх працы. Самі нічога не робяць, нават лісце з восені ляжала, гніла да вясны, дык і нам не даюць акультурыць свой двор… Вось бутэлькі і смецце па ўсім двары — гэта нармальна, а кветкі ў шынах — гэта дрэнна», — пішуць аўтары скаргі.
Людзі абураюцца, што ў тыя клумбы было ўкладзена шмат іх працы, яны куплялі насенне, расаду, што падсаджвалі ў гэтыя клумбы.
«І самае цікавае, што за зламаную галінку бэзу прадугледжаны штраф, а перакапаць бульдозерам клумбу, гэта нармальна. Проста шкодніцтва нейкае, усё для людзей!» — пішуць жыхары дома па вуліцы Жасткова, 16.
Канал «Витебск, я гуляю!» удакладняе, што гэта вынікі працы новага мэра горада Генадзя Сабыніча, прызначанага ў кастрычніку 2023 года.
«Сабыніч прапанаваў прыбраць усе саматужна вырабленыя насаджэнні ў дварах горада, калі яны выкананы не з густам. У якасці крытэрыю забароненага былі пазначаны і кветнікі ў шынах. Вось днямі ў двор дома па вул. Жасткова, 16 прыехаў бульдозер, які выкарчаваў усе такія кветнікі», — напісалі аўтары канала.
Каментары