Прыгожае пытанне жыхара Гомеля пра Марка Шагала было прызнана найлепшым у маскоўскай гульні «Што? Дзе? Калі?»
Наш зямляк атрымае за пытанне пра іншага нашага земляка салідныя 3350 даляраў.
У мінулую нядзелю ў маскоўскім клубе «Што? Дзе? Калі?» стартаваў летні сезон. У першай перадачы за стол села каманда навічкоў, а менавіта Дзяніса Цеплякова.
У сярэдзіне гульні ім выпала пытанне гомельца Сяргея Пятрова.
Яно гучала так: «Марку Шагалу не падабалася ў парыжскіх кафэ, што яго доўга абслугоўвалі. Чаму?»
Капітан каманды адказаў, што Шагал настолькі добра ведаў французскую, што работнікі кафэ прымалі яго за мясцовага жыхара і таму не спяшаліся абслугоўваць.
Насамрэч адказ іншы. Афіцыянты добра ведалі, хто такі Марк Шагал і прымушалі яго доўга чакаць вячэру, бо тады наш зямляк у чаканні замовы пачынаў маляваць на сурвэтках. Ведаючы гэту звычку мастака, афіцыянты спецыяльна цягнулі час, каб потым пакінуць гэтыя малюнкі на памяць».
Пасля гульні пытанне Сяргея Пятрова было прызнана найлепшым і наш зямляк атрымае не толькі 100 тысяч расійскіх рублёў за перамогу ў раўндзе, але і дадатковыя 200 тысяч рублёў (300 000 расійскіх гэта прыкладна 3350 даляраў).
Дарэчы, гэту гульню можна будзе паглядзець на АНТ у нядзелю, або зараз у інтэрнэце.
Каментары