Легендарнае месца для тых, чыя маладосць выпала на «нулявыя», мінскі клуб «Рэактар» зноў адкрыецца летам пад кіраўніцтвам новых уладальнікаў. Як паведаміла новая ўладальніца культавага памяшкання на Веры Харужай, 29, рамонт і ўсе патрэбныя падрыхтоўчыя працы ўжо ідуць поўным ходам. Хто займаецца праектам, што застанецца ад старога «Рэактара» і калі чакаць адкрыцця, піша Onlíner.
Новую ўладальніцу памяшкання, якая вырашыла ўваскрэсіць легенду, зваць Святлана Рамонка. У нядаўнім мінулым яна арганізатар рок-канцэртаў у мінскіх клубах. Працавала з гуртамі «Пілот» і «Кукрыніксы», арганізоўвала прэмію «У кедах», якая праходзіла ў пачатку 2010-х у не менш значным клубе «Цэнтр». Таксама, калі загугліць яе імя, то можна знайсці мноства інфармацыі пра працу «вядучай мерапрыемстваў і вяселляў».
— Мы з партнёрам выпадкова даведаліся, што клуб Rich Cat, які доўга знаходзіўся на месцы былога «Рэактара», зачыніўся і памяшканне зноў здаецца ў арэнду. Было вырашана аднавіць легенду. У свой час «Рэактар» быў самым культавым клубам у горадзе, і мы памятаем пра гэта. Я патэлефанавала стваральніку арыгінальнага «Рэактара», і ён афіцыйна ўхваліў ідэю і дазволіў карыстацца назвай. Ён быў вельмі рады, што яго стварэнне атрымае новае жыццё.
Мы хочам захаваць рознабаковую працу клуба, абʼяднаць пад адным дахам усе субкультуры — ад року да рэйву і рэпу. Плануем дапамагаць лакальным беларускім музыкам, даючы ім магчымасць выступіць на буйной пляцоўцы. Апроч жывых канцэртаў, на пляцоўцы таксама будуць праходзіць вечарыны з дыджэямі. Ужо зараз нам паступаюць прапановы ад арганізатараў.
Цяпер на пляцоўцы ідзе рамонт. У планах усталяваць магутны гук і стварыць новы сучасны дызайн памяшканняў, захаваўшы пры гэтым дух старога «Рэактара». Першы паверх будзе выкананы ў стылі стымпанк, а другі будзе адаптаваны пад Вальгалу і стыль вікінгаў. «Рычкэтаўскіх» вялізных катоў мы аддамо назад — аказалася, што яны знаходзяцца на балансе ГГУ.
Каманда людзей, якая будзе займацца клубам, ужо набрана. Арт-дырэктарам, да прыкладу, стане даволі вядомы спадар Болт, які раней быў арт-дырэктарам Beer&Wine. Ужо ў сярэдзіне ліпеня адкрыецца летняя кавярня і банкетная зала, дзе можна будзе адпачыць і паабедаць.
— Сам абноўлены «Рэактар» плануем адкрыць у канцы ліпеня вялікай двухдзённай вечарынкай. У першы дзень будзе рок-канцэрт, а другі дзень мы аддамо пад электронную музыку ці хіп-хоп, каб публіка мела ўяўленне пра рознабаковы фармат працы клуба. Па выходных у новым «Рэактары» мы будзем ладзіць вечарынкі да самай раніцы — усё як у старыя добрыя, — распавяла Святлана.
Каментары