Свет11

Перадаў «Шахеды» Расіі і кіраваў бізнэс-імперыяй аяталы. Хто такі Махамад Махбер — часовы прэзідэнт Ірана

Чалавек, блізкі да вярхоўнага лідара.

Эбрахім Раісі і Махамад Махбер. Фота: Morteza Nikoubazl/NurPhoto via Getty Images

Пасля гібелі прэзідэнта Ірана Эбрахіма Раісі ўрад па Канстытуцыі часова ўзначаліў яго першы віцэ-прэзідэнт — 68-гадовы Махамад Махбер. Ён будзе выконваць абавязкі прэзідэнта 50 дзён — менавіта столькі адведзена Асноўным Законам на правядзенне датэрміновых выбараў.

У іранскай дзяржаўнай сістэме прэзідэнт — гэта толькі галоўны выканаўца. Рэальная ўлада знаходзіцца ў руках найвышэйшага кіраўніка, або рахбара, Алі Хаменеі. Прэзідэнт мае ролю, падобную з роляй прэм'ера ў суперпрэзідэнцкай рэспубліцы. Ён кіруе ўрадам, а таксама займаецца знешняй палітыкай. Пры гэтым, што цікава, сам урад ён не кантралюе — ён падсправаздачны найвышэйшаму кіраўніку і адказны перад парламентам. Тэарэтычна раптоўная смерць прэзідэнта не павінна весці да сур'ёзнай дэстабілізацыі — у тэорыі ў Хаменеі ўсе магчымасці забяспечваць бязбольны транзіт.

Зрэшты, у выпадку з гібеллю Раісі ўсё крыху складаней. Эксперты бачылі ў ім аднаго з найбольш верагодных пераемнікаў 85-гадовага Хаменеі. Ён быў цалкам і поўнасцю чалавекам вярхоўнага лідара, а таксама адным з правадыроў іранскіх ультракансерватараў. У 2021 годзе Раісі выйграў, бадай, найменш канкурэнтныя выбары ў гісторыі ісламскай рэспублікі — яго асноўныя канкурэнты, у ліку якіх быў і экс-прэзідэнт Махмуд Ахмадзінежад, не былі дапушчаныя да выбарчай кампаніі.

Акрамя таго, смерць Раісі здарылася, як піша The New York Times, у вельмі далікатны момант у міжнароднай палітыцы. А ўнутранай нестабільнасці могуць спрыяць нізкая папулярнасць кіроўнага рэжыму, а таксама абвастрэнне ўнутрыпалітычнай барацьбы.

Яшчэ адна асаблівасць палітычнай сістэмы: у найвышэйшага кіраўніка ёсць паўнамоцтвы дапускаць і адхіляць кандыдатаў ад выбараў. Строга кажучы, рахбар мае права нават зняць прэзідэнта з пасады пасярод тэрміну. І хто будзе змагацца за вакантны пост праз два месяцы, пакуль незразумела.

Не выключана, што ў выбарах возьме ўдзел часовы прэзідэнт Махамад Махбер. Аналітыкі называюць яго вельмі блізкім да Хаменеі чалавекам. Махбер будаваў класічную палітычную кар'еру — у яго, па паведамленнях іранскіх СМІ, ёсць доктарская ступень у міжнародных адносінах, а таксама ступень у менеджменце. Падчас ірана-іракскай вайны ён служыў у медыцынскім падраздзяленні Корпуса вартавых Ісламскай рэвалюцыі. Аднак пасля вайны пайшоў у прыватны сектар.

Махбер кіраваў некалькімі тэлекамунікацыйнымі кампаніямі, банкам, быў намеснікам губернатара правінцыі Хузестан. Вялікая частка яго кар'еры звязаная з Фондам Setad, якім ён кіраваў 14 гадоў. Арганізацыя была заснаваная ў 1989 годзе заснавальнікам Ісламскай рэспублікі і першым рахбарам Рухалой Хамейні. Фонд першапачаткова быў створаны для продажу нерухомасці эмігрантаў, якія пакінулі краіну пасля рэвалюцыі. Іх жыллё прызнавалі «кінутым», яно ішло з малатка. Сродкі ж, як меркавалася, павінны былі ісці на дабрачыннасць.

З часам Setad стаў сапраўднай бізнэс-імперыяй, падкантрольнай вярхоўнаму лідару Ірана. Як адзначала агенцтва Reuters у расследаванні ў 2013 годзе, прыкладны кошт усіх актываў, якімі валодаў фонд, складаў 95 мільярдаў даляраў. Setad займаецца ўсім — ад нерухомасці да нафтаздабычы, тэлекамунікацый і гадоўлі страусаў. Пры гэтым афіцыйна фонд не раскрывае сваю фінансавую інфармацыю. Setad працягвае займацца дабрачыннасцю і інфраструктурнымі праектамі, а таксама падтрымлівае мясцовы бізнэс. Аднак гэта толькі малая частка яго дзейнасці.

За дзесяцігоддзі фонд канфіскаваў у эмігрантаў тысячы аб'ектаў нерухомасці. Хаменеі правёў законы, якія абаранілі актывы Setad і зрабілі фонд фактычна манапалістам у справе канфіскацыі ўласнасці ад імя найвышэйшага кіраўніка. Setad, які генеруе мільярды, стаў сапраўдным падмуркам улады Хаменеі. Фінансавая незалежнасць ад дзяржавы ўмацоўвае пазіцыі рахбара і дазваляе яму быць убаку ад унутрыпалітычнай барацьбы.

Журналістам стала вядома, што праца офіса рахбара, які пры Хаменеі значна разросся і ператварыўся ў сур'ёзную бюракратычную структуру, цалкам фінансуецца за кошт Setad.

Менавіта гэтай структурай на працягу 14 гадоў кіраваў цяперашні часовы прэзідэнт Махбер. У 2010 годзе ён трапіў у санкцыйныя спісы Еўрасаюза за дачыненне да іранскай ядзернай праграмы, аднак праз пару гадоў быў з іх выключаны. У 2021 годзе Мохбер стаў першым віцэ-прэзідэнтам у Раісі, які перамог на выбарах.

У кастрычніку 2022 года Махбер разам з шэрагам высокапастаўленых іранскіх сілавікоў удзельнічаў у перамовах у Маскве. Вынікам перамоў стала пагадненне аб буйных пастаўках у Расію іранскіх балістычных ракет і дронаў-камікадзэ. Неўзабаве расійская армія стала актыўна выкарыстоўваць іранскія «Шахеды» для нападаў на ўкраінскія гарады.

Па канстытуцыі Мохбер будзе арганізоўваць выбары прэзідэнта разам са спікерам парламента Махамадам Галібафам — відавочным прэтэндэнтам на прэзідэнцкі пост — і кіраўніком судовай улады краіны Галамам Махсені Эджэі. А пакуль у краіне аб'яўлена пяцідзённая жалоба.

Каментары1

  • даведка
    20.05.2024
    Лукашенко не так давно встречался с ним в Беларуси.

Алепа за тры дні? Сірыйскія паўстанцы ўвайшлі ў найбуйнейшы горад Сірыі. Эрдаган ізноў усадзіў ятаган у спіну Пуціна7

Алепа за тры дні? Сірыйскія паўстанцы ўвайшлі ў найбуйнейшы горад Сірыі. Эрдаган ізноў усадзіў ятаган у спіну Пуціна

Усе навіны →
Усе навіны

Экс-прэзідэнт Польшчы: Замарожаны канфлікт будзе трагічнай весткай для Украіны3

Упершыню за палову месяца даляр патаннеў

«Калі набыў $20 па курсе 3,3 — і цяпер ты паспяховы інвестар»: як беларусы рэагуюць на скачкі валют7

У 53 гады загінуў былы турэмны начальнік з Оршы5

У Брэсце мужчына падумаў, што яму атруцілі каву, і ўдарыў афіцыянтку лыжкай. Завялі крымінальную справу3

Паліцыя разагнала пратэст у цэнтры Тбілісі3

Улады Малдовы вырашылі не плаціць «Газпраму» доўг памерам 709 млн даляраў

«Цяпер хоць стала можна нармальна зарабляць». Што думаюць таксісты пра працу ў новых умовах9

Аўстралія забароніць падлеткам да 16 гадоў карыстацца сацыяльнымі сеткамі2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Алепа за тры дні? Сірыйскія паўстанцы ўвайшлі ў найбуйнейшы горад Сірыі. Эрдаган ізноў усадзіў ятаган у спіну Пуціна7

Алепа за тры дні? Сірыйскія паўстанцы ўвайшлі ў найбуйнейшы горад Сірыі. Эрдаган ізноў усадзіў ятаган у спіну Пуціна

Галоўнае
Усе навіны →