Культура22

Рэктар БДУКМ Наталля Карчэўская: Лаўрэат спецфонду па падтрымцы таленавітай моладзі адмовіўся застацца ў Мінску і папрасіўся на радзіму — у Нясвіжскі раён

Падрыхтоўка кадраў для арганізацый культуры — адна з актуальных тэм, якія абмяркоўваюцца ў галіне на розных узроўнях. І рашэнні трэба шукаць найперш у навучальных установах, якія рыхтуюць спецыялістаў для культуры. Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў — базавая навучальная ўстанова для гэтага: тут чатыры факультэты, 15 спецыяльнасцяў, 28 прафілізацый. І кожны год выпуск каля 500 спецыялістаў, у якіх мае патрэбу краіна. Пра гэта размова «Звязды» з рэктарам БДУКМ Наталляй Карчэўскай.

— Ці ёсць сёння дастатковы прыток людзей, гатовых працаваць у культурнай сферы?

— Кожны год падчас уступнай кампаніі ў нашу ВНУ ёсць конкурс — значыць, ёсць цікавасць да гэтых спецыяльнасцяў. Іншае пытанне, што айчыннай культуры неабходна больш кадраў, чым сёння можа выпусціць наш універсітэт ці іншая навучальная ўстанова галіны.

Трэба ўлічваць і тое, што рынак працы таксама мяняецца, і мы павінны на гэтыя змены рэагаваць, каб рыхтаваць спецыялістаў на перспектыву. Мы традыцыйна рыхтуем, напрыклад, бібліятэкараў — ёсць спецыяльнасць «Бібліятэчная інфармацыйная дзейнасць». Але ўжо трэці год на гэтую спецыяльнасць ідзе набор па прафілізацыях «Лічбавізацыя» і «Аналітыка», а гэта іншыя навучальныя дысцыпліны, іншы падыход.

Мы робім усё для таго, каб задаволіць кадрамі нашу галіну, але па колькасці заявак, якія былі на аднаго выпускніка падчас размеркавання, мы разумеем, што ўсіх не задавальняем. Бо ёсць спецыяльнасці, па якіх 10 заявак на аднаго чалавека!

З аднаго боку, гэта радуе. А з іншага боку, хтосьці застанецца без выпускніка. Вельмі важна разумець, што ў першую чаргу атрымаюць спецыялістаў арганізацыі, якія паклапаціліся загадзя (пяць ці чатыры гады таму) і замовілі падрыхтоўку спецыялістаў па дагаворы. На мой погляд, падрыхтоўка кадраў — гэта клопат не толькі ВНУ. Гэта клопат усіх суб’ектаў, якія працуюць у сферы, нават да таго, што павінен закладвацца пэўны дзяржаўны адукацыйны стандарт на аснове стандартаў прафесійных, а гэта павінны падказваць установы культуры. І мы актыўна далучаем арганізацыі, якія становяцца заказчыкамі кадраў, або іх прадстаўнікоў. Яны павінны агучваць, якіх кампетэнцый ім хацелася б. Дзеля справядлівасці павінна адзначыць, што на гэты заклік адгукаюцца. Цяпер па даручэнні прэзідэнта пераглядаюцца ўсе праграмы, таму ў нас па кожнай спецыяльнасці створаны групы з прыцягненнем прафесіяналаў з арганізацый-заказчыкаў, якія аналізуюць не толькі навучальны план, але і кожную праграму: ці патрэбны ў ёй тыя ці іншыя тэмы.

— Гэты рынак трэба ўвесь час маніторыць, каб разумець, колькі першакурснікаў прымаць на якую спецыяльнасць?

— Рынак працы маніторым і актыўна працуем з атрыманымі дадзенымі і арганізацыямі культуры. У нас шмат дагавораў аб узаемадзеянні. Мы добра ведаем не толькі пра сітуацыю ў сталічных установах, але і ў тых, якія знаходзяцца па-за межамі Мінскай кальцавой. Кантрольныя лічбы прыёму фарміруюцца зыходзячы з тых замоў, якія ў нас ёсць. Гэта не прэрагатыва кіраўніцтва ўніверсітэта — вырашаць, колькі набіраць харэографаў ці рэжысёраў. Рыхтуем пад патрэбы сферы: ёсць замовы — і мы прымаем на вучобу. Няма замовы —— ніхто бюджэтныя грошы на гэта траціць не будзе. Натуральна, мы сочым за тым, як развіваецца сфера культуры, таму што ў нас ёсць Інстытут павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў, і яны звязаны непасрэдна з арганізацыямі, вядуць улік клубных устаноў, бібліятэк…

Мы аналізуем, якія патрэбны кадры. Дапусцім, бачым, што бракуе артыстаў, якія спяваюць, — і аднаўляем іх падрыхтоўку. У гэтым годзе будзе набор будучых артыстаў мюзіклаў — вельмі невялікі, але яны запатрабаваныя і ў Музычным тэатры, і ў Маладзёжным тэатры эстрады. На мой погляд, культуры патрэбны прыток новых людзей, яшчэ і таму, што адбываецца змена пакаленняў.

— Многія становяцца студэнтамі пасля сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў. Ці лягчэй ім вучыцца?

— Для тых, хто прыйшоў пасля каледжаў, сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў, па некалькіх спецыяльнасцях прадугледжана магчымасць атрымліваць адукацыю ў скарочаныя тэрміны, гэта так званыя інтэграваныя праграмы. Так арганізацыі хутчэй атрымаюць гатовых спецыялістаў. Мы перайшлі ўжо з пяцігадовага на чатырохгадовы тэрмін навучання, а выпускнікі каледжаў навучаюцца ў нас па інтэграваных праграмах тры гады. Гэта патрабаванне часу, адукацыйны працэс інтэнсіфікаваўся, але студэнты паспяваюць атрымаць усе неабходныя кампетэнцыі. Падзяка каледжам за іх працу! Бо са студэнтамі, у якіх за плячыма спецыялізаваны каледж, прасцей працаваць: яны свядома ідуць у прафесію і ў нас працягваюць атрымліваць кампетэнцыі на больш высокім узроўні. Гэта адны з найлепшых студэнтаў, якія ў нас вучацца.

— У асобасным плане яны адрозніваюцца ад тых, хто паступае пасля школы?

— Не бачу вялікай розніцы. Ёсць тыя, якія прыходзяць пасля школы, але становяцца вельмі паспяховымі студэнтамі. Насамрэч дзеці, якія паступаюць пасля школы, таксама маглі атрымаць творчую падрыхтоўку. Магчыма, удзельнічалі ў калектыве мастацкай творчасці высокага ўзроўню. Напрыклад, у Магілёве ёсць студыя эстраднага вакалу, дзе займалася Ірына Дарафеева і многія зоркі эстрады. Падрыхтоўка там добрая, але гэта не навучальная ўстанова, і выхаванцы гэтай студыі здаюць іспыты на агульных правах. На творчых спецыяльнасцях у нас няма студэнтаў, якія ўвогуле ніколі і нічому не вучыліся.

У прынцыпе, творчасць — справа калектыўная. Таму студэнты разумеюць, што яны адзін ад аднаго залежаць у добрым сэнсе слова: ёсць пачуццё партнёрства. Калі можна недзе дапамагчы таму ж «школьніку» ці, наадварот, у яго ёсць чаму павучыцца, то чаму б не?

— Ва ўніверсітэт культуры прыходзяць і людзі, якія ўжо сталі зоркамі, напрыклад, былі пераможцы «Славянскага базару»…

— Як правіла, гэта матываваныя і вельмі выхаваныя студэнты, прыемна з імі працаваць. Праўда, цяжкасці могуць узнікнуць на іншым узроўні — з улікам таго, што ў іх ужо ёсць свой канцэртны графік. Але яны з павагай ставяцца да ўніверсітэта і свае магчымыя выступы ўзгадняюць. Калі ўлічыць, што я іх перыядычна бачу не толькі на творчых паказах кафедр, але, напрыклад, і ў сталовай, то разумею, што вучобу не запускаюць. Толькі графік у іх больш шчыльны, улічваючы распачатую кар’еру. Я якраз за тое, каб яе пачынаць як мага раней, а не пасля заканчэння ўніверсітэта. Усё можна сумясціць, калі ўмець планаваць час і мець сур’ёзнае стаўленне да справы.

— У студэнтаў вашай ВНУ ёсць магчымасць творчасці яшчэ падчас вучобы. Нагрузка двайная — вучоба і практыка…

— Даўно заўважылі: чалавек, якому больш дадзена, больш і паспявае. Дзеці, якія заняты ў творчым працэсе, як правіла, вучацца добра. Напрыклад, рыхтуецца прэм’ера ў вучэбным тэатры. Гэта тая занятасць, якая не вызваляе ад асноўнай вучобы, бо стандарты праграмы трэба выконваць. Але навыкі, якія студэнты атрымліваюць такім чынам, дапамагаюць і асноўную праграму засвойваць. Калі яны ў практыцы (нават «на гуку» падчас нейкага мерапрыемства ці на дыскатэках, якія ў нас праводзіць студэнцкі савет ці прафкам), то лепш разумеюць, як арганізавана мерапрыемства. Так прасцей і хутчэй засвоіць тое, пра што гавораць на лекцыі. Калі, як не ў 18, 19, 20 гадоў, гэтым займацца?

— Творчыя работы студэнтаў бываюць даволі прафесійныя. Верагодна, іх можна паказваць гледачам, у тым ліку па квітках?

— У нас ёсць спартыўна-культурны цэнтр, нам не трэба шукаць пляцоўкі, каб прадставіць студэнцкія работы. Па графіку загружанасці СКЦ разумеем: шчасце наступіла! Бо мы не можам часам упісаць дадатковае мерапрыемства, якое трэба арганізаваць: там канцэрт, напрыклад, нейкай кафедры альбо асобнага выканаўцы. Бывае, што адначасова праходзіць некалькі мерапрыемстваў, і хацелася б усюды пабываць, але гэта фізічна немагчыма. А яшчэ працуе вучэбны тэатр, і яго выхаванцаў запрашаюць выступіць іншыя ўстановы. Спектаклі вывозілі і паказвалі ў Палескім драматычным тэатры і ў Магілёўскім абласным тэатры імя Дуніна-Марцінкевіча. Нашы творчыя калектывы вельмі актыўна ўдзельнічаюць у розных канцэртах, часам самага высокага ўзроўню. Такім чынам, іх бачаць ужо не толькі бацькі і сябры, якія прыходзяць на запрашэнне да нас сюды, а ў тым ліку будучыя абітурыенты або іх сваякі, якія жывуць у той мясцовасці, куды робяцца выезды. І гэта таксама своеасаблівая місія, якая не ўваходзіць непасрэдна ў вучэбны план, але значна пашырае кампетэнцыі будучых спецыялістаў, яны пачынаюць у дэталях разумець, як арганізаваць імпрэзу, выступленне, гастролі…

Квіткі прадаём не заўсёды, а калі разумеем, што гэта рацыянальна. Напрыклад, на канцэрт кафедры харэаграфіі квіткі прадаюцца. Але ёсць праект «Лінія памяці. Код вайны», створаны на грант прэзідэнта, — на яго паказы квіткі не прадаем, таму што нам важна, каб яго ўбачыла як мага больш людзей. Наогул, наша задача не ў тым, каб зарабіць, а ў тым, каб перш за ўсё паказаць сваю творчасць. Мы ўсё ж не тэатральна-відовішчная ўстанова, якая мае пастановачны план. Але ў гатоўнасці распаўсюджваць квіткі за пэўныя грошы нічога дрэннага не бачу. Радуе, што грошы — далёка не галоўны матыватар у тым, што робяць людзі. Асабліва ў культуры, дзе сваё слова гаворыць захопленасць, жаданне тварыць. Любы чалавек, які прыходзіць у культуру, павінен гэта разумець, інакш не трэба гэтым займацца…

— Тым не менш ёсць тэндэнцыя, што культура павінна вучыцца зарабляць.

— Універсітэт культуры нядрэнна зарабляе. Умовы, якія створаны тут (не толькі матэрыяльна-тэхнічныя) намаганнямі дзяржавы, бюджэтным асігнаваннем, падмацоўваюцца тым, што ўкладвае сам універсітэт, атрымліваючы даходы ад пазабюджэтнай дзейнасці. Гэта тое ж канцэртнае адзенне, афармленне сцэны, светлавыя прыборы і іншыя выдаткі, якія не прадугледжаны ў бюджэце, у тым ліку дадатковыя рамонты ў інтэрнаце…

Напрыклад, рыхтуецца выступаць харэаграфічны калектыў — касцюмы абыходзяцца дорага, асабліва народныя. А калі ў нас калектывы маюць вялікі склад удзельнікаў, то выдаткі немаленькія. Калі яны ўдзельнічаюць у мерапрыемствах, дзе можна зарабіць, сродкі пералічваюцца на рахунак, і калектывы могуць гэтыя грошы выдаткаваць: паехаць, напрыклад, на міжнародны фестываль, калі іх запрасілі і трэба аплаціць дарогу (часцей за ўсё гэта самая вялікая частка выдаткаў). Нешта можа дадаць універсітэт.

— Якія суадносіны беларускіх і замежных студэнтаў? Якія спецыяльнасці прыцягваюць іх?

— У нас працэнт замежных навучэнцаў вельмі высокі. Напрыклад, сярод спецыяльнасцяў бакалаўрыята найбольш запатрабаваныя «Харавая творчасць», «Харэаграфічнае мастацтва», «Народна-інструментальная творчасць» («Музыка духавая», «Музыка інструментальная»), «Дэкаратыўна прыкладное мастацтва». У магістратуры і аспірантуры найбольш запатрабаваныя спецыяльнасці «Мастацтвазнаўства» (на рускай і англійскай мовах) і «Культуралогія» (на рускай і англійскай).

— Як яны вас выбіраюць?

— Часцей за ўсё прыязджаюць з тых ВНУ, з якімі мы маем сувязі. Магчыма, педагогі, якія ў іх працуюць, некалі скончылі наш універсітэт. Таму мы расцэньваем выбар БДУКМ як прызнанне высокага ўзроўню нашай адукацыі. Пераважная большасць пасля заканчэння вучобы вяртаюцца на радзіму — там высокая запатрабаванасць у кадрах. Таму прыемна, калі прыязджаеш, напрыклад, у Кітай, прыходзіш у ВНУ, а цябе сустракаюць нашы выпускнікі…

А некаторыя, з’ехаўшы пасля магістратуры, прыязджаюць потым вучыцца ў аспірантуры праз пяць ці нават 10 гадоў — іх ВНУ накіравала працягваць навучанне. Але ёсць і тыя, хто застаецца. У нас дзве дзяўчыны, дацэнты, кандыдаты навук, выкладаюць як замежным, так і беларускім студэнтам. Наколькі я ведаю, у іншых ВНУ таксама ёсць прадстаўнікі замежжа, якія застаюцца тут.

— Напэўна, ёсць спецыяльнасці, якія ў большай ступені патрабуюць дадатковай рэкламы, каб прыцягваць абітурыентаў?

— Прафарыентацыі мы ўдзяляем вельмі вялікую ўвагу. Вынікам будзе ўступная кампанія. Мы правялі за год велізарную колькасць мерапрыемстваў у разліку на будучых абітурыентаў, толькі дзён адчыненых дзвярэй было больш за дваццаць. Дзякуй вялікі Міністэрству культуры, што нас падтрымала ў правядзенні выязных комплексных мерапрыемстваў: прадстаўнікі ўніверсітэта наведалі 16 населеных пунктаў у розных рэгіёнах — з творчымі паказамі, з расповедамі пра спецыяльнасці, на якія можна паступіць. Акрамя таго, нашы выкладчыкі часта бываюць у журы конкурсаў ці дзяржаўных іспытаў і расказваюць пра ўніверсітэт. Бываюць выезды прадстаўнікоў кафедраў па запыце раёнаў, каб расказалі, як паступіць, і пра тое, кім выпускнікі будуць потым працаваць. Можна атрымаць нават індывідуальную кансультацыю наконт паступлення.

У нас няма недабораў, і конкурс забяспечваецца даволі высокі. Калі я кажу, што не вельмі задаволеная, то толькі таму, што памятаю часы, калі было сем, восем, дзевяць чалавек на месца… І мы робім усё магчымае, каб адабраць самых лепшых, самых матываваных.

— Гэтыя спецыялісты вельмі запатрабаваныя і цяпер, напрыклад, бібліятэкары…

— Так, але, магчыма, шмат каму здаецца (і гэта не наша віна), што гэта не вельмі аплачвальная і сумная праца — у бібліятэцы сядзець. Не сядзець! Бібліятэкі сёння — комплексныя ўстановы, якія не толькі кнігі выдаюць. Чаго яны толькі не арганізоўваюць: і квэсты, і паэтычныя клубы, і тэатральныя студыі, і краязнаўчую працу вядуць.

— Адна справа — вучыцца ў цікавым творчым асяроддзі, іншая — потым вярнуцца на радзіму ці паехаць працаваць у глыбінку…

— …Жыццё не абмяжоўваецца Мінскам, хаця і сталіцы патрэбны кадры. Але як гавораць: умовы гульні зразумелыя на старце. Усе ўсведамляюць, што выдаткі, якія нясе бюджэт на падрыхтоўку любога спецыяліста, вельмі вялікія. 

І наша ВНУ, у прыватнасці, па затратах у верхніх радках. У нас ёсць групы, дзе шэсць чалавек і ўвогуле вялікая колькасць індывідуальных заняткаў. Чалавек, які паступае сюды, павінен разумець, што гэта не проста так, дзеля яго задавальнення. Ён атрымлівае права стаць спецыялістам па нейкім кірунку, адпаведна, у яго ёсць абавязак адпрацаваць сваё навучанне. Тым больш што сёння Дамы культуры ў многіх рэгіёнах забяспечаны такім абсталяваннем, што нават мы глядзім са здзіўленнем. Уражваюць культурныя цэнтры, якія сёння будуюцца, дзіцячыя школы мастацтваў — некаторыя не горшыя, чым у сталіцы. Можна прыклад прывесці: падчас размеркавання выпускнік — лаўрэат спецыяльнага фонду прэзідэнта па падтрымцы таленавітай моладзі свядома адмаўляецца ад прапановы застацца ў Мінску і просіць накіраваць яго на радзіму — у Нясвіжскі раён (дарэчы, мы ведаем, што гэты хлопец там вельмі добра працуе!). Гэта быў яго свядомы выбар.

У гэтым годзе ў нас было шмат замоў з боку вядучых арганізацый, у тым ліку рэспубліканскага падпарадкавання. Нацыянальная бібліятэка замовіла вельмі шмат выпускнікоў, як і тэатры. Ёсць выпускнікі, якіх жадаюць запрасіць на працу адначасова некалькі ўстаноў. Канешне, калі чалавек добра вучыўся, то ён мае права пайсці туды, дзе яму будзе больш цікава.

Тэма кадраў сапраўды актуальная, і мы робім усё для таго, каб забяспечыць імі арганізацыі культуры. Ёсць яшчэ над чым працаваць, нават з улікам таго, што кожны год стапрацэнтнае размеркаванне на бюджэтнай форме навучання. Акрамя таго, просяць аб размеркаванні некаторыя выпускнікі, якія вучацца на платнай аснове.

— Дзеці лічбавай эпохі, напэўна, іншыя. Ці адчуваюць выкладчыкі гэтыя змены?

— Час, калі выкладчык заходзіў у аўдыторыю і быў адзінай крыніцай ведаў, мінуў. Выкладчыкам сёння трэба будаваць сваю работу інакш. Мы перыядычна праводзім маніторынгі задаволенасці студэнтаў. Вывучаем гэтыя паказчыкі і праз некаторы час: выпускнікі запаўняюць спецыяльныя формы. Я лічу, што пры тым патоку інфармацыі, які ёсць сёння, многія падыходы састарэлі і трэба перабудоўвацца. Я разумею гэта па тым, што гавораць студэнты на сустрэчах (у тым ліку нефармальных). Яны не скардзяцца на састарэлую інфармацыю, якая даносіцца сумна і несучасна. Цешыць, што дзеці самі падказваюць, якія дысцыпліны яны хацелі б засвоіць раней, чым гэта прадугледжана вучэбным планам, бо разумеюць, што ў практычнай дзейнасці спатрэбіцца. І калі мы бачым, што гэта абгрунтавана, то карэкціруем вучэбны план. Навучальная дакументацыя, у тым ліку праграмная, павінна абнаўляцца ўвесь час. 

І калі недзе можна прымяніць найноўшыя тэхналогіі, то гэта трэба рабіць. Трэба вучыць арыентавацца ў інфармацыйным патоку, таму што раней быў адзін падручнік, які дастаткова было прачытаць, а цяпер з розных крыніц могуць даносіць абсалютна розную інфармацыю, якая можа быць як сапраўднай, так і лжывай… Але ёсць традыцыі, без якіх таксама немагчыма. Напрыклад, у выканальніцкіх школах закладзены асновы майстэрства — гэтага не змяніць. Тут патрэбны настаўнік — спецыяліст, які навучыць, паправіць. Але галоўнае, што педагог любой дысцыпліны фарміруе светапогляд: каб чалавек разумеў, дзеля чаго ён нешта робіць.

Ларыса ЦІМОШЫК

Каментары2

  • Ян
    18.05.2024
    [Рэд. выдалена]
  • Максим Дизайнер
    19.05.2024
    Красавица. Минск - это не город для жизни. А для сидения в бетонной норе, в тырнете, хождения на заводик, ойти шарагу, под вечерний звон стаканами на кухне в обнимку с бутэлькай. Ну, или на обрыганной Зыбе для ойтишнегов.

Санкцыі для суддзяў, 30 мільёнаў еўра дапамогі, непрызнанне выбараў-2025 — расказваем пра вынікі Дзён Беларусі ў Брусэлі16

Санкцыі для суддзяў, 30 мільёнаў еўра дапамогі, непрызнанне выбараў-2025 — расказваем пра вынікі Дзён Беларусі ў Брусэлі

Усе навіны →
Усе навіны

Сястра Калеснікавай прапанавала ў Брусэлі тры крокі, якія трэба зрабіць для вызвалення палітвязняў32

«Мову сваю забылі, а гісторыю крадуць!» У Літве зноў выбухнула дыскусія вакол ліцвінізму77

Фінляндыя гатовая да ўдару Расіі і ўпэўненая, што пераможа9

Трамп: Адзіны спосаб спыніць вайну — не пакідаць Украіну3

У Бярозе з'явілася новая славутасць — Мюнхгаўзэн1

Беларуская кухня за год пагоршыла свае пазіцыі ў свеце3

У Мінску ўзніклі праблемы з інтэрнэтам у абанентаў А12

Пуцін назваў кампазітара Пахмутаву Аляксандрай Мікалаевічам Патрушавым12

У свецкіх лэдзі Мінска спыталі, што яны хацелі б у падарунак ад мужа10

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Санкцыі для суддзяў, 30 мільёнаў еўра дапамогі, непрызнанне выбараў-2025 — расказваем пра вынікі Дзён Беларусі ў Брусэлі16

Санкцыі для суддзяў, 30 мільёнаў еўра дапамогі, непрызнанне выбараў-2025 — расказваем пра вынікі Дзён Беларусі ў Брусэлі

Галоўнае
Усе навіны →